Дарота Міхалюк: У час вайны, у Вільні, у беларускіх дзеячоў з’явіліся канцэпцыі новай дзяржавы

14 лістапада 2014

Алена Барэль, ЕўраБеларусь

“Чатыры ўрады БНР у 1918-1920 гадах” – публічная лекцыя з такой назвай сабрала слухачоў у сталічнай Галерэі “Ў” 13 лістапада.

Лекцыя адбылася ў межах цыкла “Urbi et Orbi”, які ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

Ці маглі ўрады БНР разлічваць на міжнароднае прызнанне? Хто падтрымаў БНР? Якую палітыку праводзіў кожны з чатырох урадаў БНР, і якія поспехі і паразы мелі месца ў іх дзейнасці? І, нарэшцэ, чаму разрозненасць і ўнутраныя канфлікты ў нацыянальным беларускім руху сталі для дзеячоў шляхам на Курапаты?

Пра кароткі лёс чатырох урадаў распавядае доктар хабілітаваны  (Dr. hab.)  Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, рэдактар часопіса “Białoruskie Zeszyty Historyczne“, аўтар кнігі “Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”, гісторык Дарота Міхалюк, якая лічыць БНР спробай утварэння дзяржавы.

– Я хачу распавесці вам пра беларускую дзяржаўную ідэю ў час Першай сусветнай вайны, пра чатыры ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і сканцэнтраваць увагу на замежных справах, а таксама сказаць некалькі словаў пра межы БНР, якія фармаваліся ў 1918-1919 годзе.

З 1915 і да 1918 года ўсходняя і заходняя часткі Беларусі былі занятыя немцамі і называліся па-рознаму. Улетку 1915 года расійскія ўлады сабралі кампанію па эвакуацыі часткі насельніцтва ў выпадку захопу земляў немцамі – з тым, каб яны не патрапілі да ворага. У гэтым таксама прымала ўдзел праваслаўнае духавенства.

Паколькі сярод бежанцаў было мала каталікоў, а жыдам улады не спрыялі з пераездам, то ў дэмаграфіі краіны адбыліся змены. І гэта асабліва датычыцца Гарадзеншчыны і Віленшчыны. Беларускія каталікі засталіся, таму былі адрэзаныя ад сваёй, беларускай грамады, і трапілі пад уплыў ідэяў польскага нацыянальнага руху.

Канцэнтрацыя беларусаў у заходняй частцы краіны была значна зніжаная, што негатыўна паўплывала на развіццё беларускага нацыянальнага руху.  

У час вайны на нямецкім баку, у Вільні, у беларускіх дзеячоў з’явіліся розныя канцэпцыі па стварэнню на занятых землях новай дзяржавы.

Першая канцэпцыя была сфармавана ў 1915 годзе, калі была створана палітычная арганізацыя Беларускі нацыянальны камітэт, як каардынацыйны орган для беларускіх арганізацый. Ім кіраваў Антон Луцкевіч.

Браты Антон і Іван Луцкевічы былі прыхільнікамі традыцыі краёвай і адначасова намагаліся працягваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых нацыянальных рухаў на гэтых землях. У лютым 1916 года Луцкевічы апублікавалі акт канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, ідэю яго адраджэння на беларуска-літоўскіх землях.  

Браты Луцкевічы лічылі, што ў выпадку перамогі Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі польскія, беларуска-літоўскія і балтыйскія землі адыйдуць ад Расіі і створаць некалькі асобных палітычных адзінак. Аднак ініцыятыва Луцкевічаў правалілася, бо не атрымала належнай падтрымкі.

Яны прапанавалі іншы праект – зноў стварэнне аб’яднаных дзяржаў, у якое б увайшлі Беларусь, Літва, Латвія і Украіна. Звяртаю ўвагу, што ні Польша і ні Расія.

У 1917 годзе адбылася трэцяя па ліку канцэпцыя, якую можна назваць беларускай нацыянальнай канцэпцыяй. Гэта было аб’яднанне ўсіх геаграфічных беларускіх земляў з абодвух бакоў нямецка-расійскага фронту ў асобную палітычную адзінку. Гэтую канцэпцыю развівалі Вацлаў Ластоўскі, Вінцэнт Святаполк-Мірскі, Казімір Шафнагель і іншыя. “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі” – так называлася арганізацыя, якая дзейнічала ў Вільні ў 1916 годзе.  

Тым не менш, на канферэнцыі ў Вільні 1917 года яна саступіла альтэрнатыўнаму праекту – стварэнню супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы, якая складалася з двух падзеляных тэрыторый. Новая думка канцэпцыі – жаданне ўключыць у склад гэтай дзяржавы ўсе беларускія землі, што ляжалі на ўсход ад лініі фронту. Вынік канферэнцыі – стварэнне Віленскай Беларускай Рады на чале з Антонам Луцкевічам. Яе задачай было абараняць беларускія інтарэсы перад нямецкай уладай і каардынаваць нацыянальную дзейнасць пад нямецкай акупацыяй.

Сітуацыя на ўсход ад Вільні была нашмат горшай. Тут расійскія ўлады пераўтварылі ўсходнюю і цэнтральную часткі Беларусі ў расійскі нацыянальны лагер, дзе беларуская нацыянальная дзейнасць была забаронена.

Сход беларускіх арганізацый вясной 1917-га заснаваў Беларускі Нацыянальны камітэт, а на чале стаў краёвец, дэпутат расійскай Думы Раман Скірмунт, роднымі культурамі якога адначасова былі польская і беларуская. Ён імкнуўся кансалідаваць беларускія арганізацыі і аднавіць праграму стварэння беларускай дзяржавы. Але ён не атрымаў значнай падтрымкі, бо не намагаўся прывязаць праект дзяржаўнасці да славянскіх праграмаў, якія б мелі ўплыў на беларускіх сацыялістаў. Апошнія абвінавацілі яго ў патуранні польскім інтарэсам, і ў ліпені 1917-га Скірмунта знялі з пасады.
Замест гэтага была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый і партый.

 

У снежні 1917 года ў Мінску сабраўся Першы Усебеларускі кангрэс. У палітычным сэнсе большасць дэлегатаў былі прадстаўнікамі менавіта гэтага актыва беларускага нацынальнага руху. На гэтым сходзе былі сфармаваныя чатыры розныя варыянты будучай палітычнай арганізацыі Беларусі.

У адным было – аб’яднаць усе беларускія землі ў адну вобласць Расіі. У другім – стварыць аўтаномію са сваёй адміністрацыяй. У трэцім – абвясціць Беларускую Рэспубліку, якая б існавала ў шчыльнай федэрацыі з Расіяй. Апошнім прапанаваным шляхам для Беларусі было поўнае зліццё з Расіяй. Як бачыце, ніводны з варыянтаў не падняў пытанне пра магчымасць абвяшэчння незалежнасці Беларусі і поўнага выхаду з-пад расійскага кантролю. Хаця ва ўспамінах – другое: маўляў, хацелі, але гэтага не зрабілі…

Першым урадам, які выступіў ад імя беларускага народа, быў Беларускі Народны Сакратарыят, на чале якога стаяў Язэп Варонка.

З-за нямецка-расійскай вайны толькі 9 сакавіка 1918 года беларускія палітычныя эліты выдалі другую грамату, якая абвяшчала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. 23 сакавіка з Мінск прыехала дэлегацыя Віленскай Беларускай Рады на чале з братамі Луцкевічамі, каб умацаваць сілы незалежнасці. 25 сакавіка большасцю галасоў была прынятая трэцяя ўстаўная грамата, якую можна лічыць дэкларацыяй незалежнасці.  

Было рашэнне разарваць сувязі з Расіяй.

Працяг лекцыі польскага гісторыка хутка можна ўбачыць на відэа на сайце Лятучага ўніверсітэта.

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: