
У Мінску прайшла заключная дыскусія цыклу, прысвечанага Ігнату Абдзіраловічу.
Цыкл Лятучага ўніверсітэта “Адвечным шляхам”, названы па аналогіі з эсэ Ігната Абдзіраловіча, стаўся для кожнага ўдзельніка, які ў яго рамках чытаў лекцыі, пэўным адкрыццём. А сам твор беларускага мысляра пачатку ХХ стагоддзя – своеасаблівай ініцыяцыяй. Як адзначыў мадэратар імпрэзы філосаф і літаратар Ігар Бабкоў,“беларус да чытання Абдзіраловіча і пасля чытання – гэта два розныя беларусы”.
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пабывала на мерапрыемстве.
– Абдзіраловіч – гэта нераскрыты цуд. Калі б яго не было, то яго варта было прыдумаць, – зазначыў філосаф і метадолагУладзімір Мацкевіч.
Ён назваў працу Ігната Абдзіраловіча “канспектам мыслення таго часу, які мы яшчэ не ўсвядомілі”.
– У Беларусі жыў велізарны геній, які мог бы раскрыцца. Гэта было ў нашай сялянскай Беларусі, якая на той момант не мела нейкай выразнай формы і нават не імкнулася яе набыць.
Уладзімір Мацкевіч дадаў, што той час можна параўнаць з цяперашнім, калі мы таксама не маем формы, а толькі шукаем і ствараем яе.
– Тэкст Абдзіраловіча павінен быць не толькі ўключаны ў абавязковую хрэстаматыю беларускай думкі, але і стацца прычынай грунтоўнай працы па даследаванні яе станаўлення.
Доктар філасофскіх навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяна Шчытцова гаворыць пра Ігната Абдзіраловіча як пра феномен.
– Спатрэбілася гістарычная перспектыва, з якой бачная яго шматграннасць. У нашых вачах Абдзіраловіч выглядае як наш сучаснік. Тое, што ён гаворыць пра Беларусь, “выстраліла” менавіта цяпер.
Таццяна Шчытцова звярнула ўвагу, што ў аўтара эсэ прасочваецца адрозненне паміж сацыяльнымі формамі жыцця і палітычнымі. Нацыятворчасць магчымая пры ўмове, калі не будзе знешняга прымусу і будзе незалежнасць.
На думку філосафа, эсэ звяртае ўвагу на адрозненне паміж Усходам і Захадам і аналіз памежнага стану таго ці іншага сацыяльнага ўтварэння. Таццяна Шчытцова адзначыла, што Абдзіраловіч выходзіць на тэму амбівалентнасці беларускага этасу, якая пераклікаецца з вызначэннем беларускага народа як іранічнага.
А філосаф, паэт і перакладчык Міхаіл Баярын задаўся пытаннем: што агульнага паміж тым часам, калі стваралася эсэ “Адвечным шляхам”, і цяперашнім, што праз сто гадоў прымушае звяртацца да гэтага тэксту?
– На мой погляд, гэта непрыманне наяўнай формы як сваёй. Як у той час беларускі нацыяналізм не прымаў культурныя і дзяржаўныя формы як уласныя, так і сёння мы не прымаем Рэспубліку Беларусь.
З іншага боку, адзначыў філосаф, калі параўнаць “хацелі” – “атрымалі”, можна сказаць, што наш нацыянальны праект фармальна завершаны. Ёсць набор нацыянальных стандартаў: дзяржава, войска, сімвалы, межы, мова. Можа, не такія, як нам бы хацелася, але яны ёсць. Задачы, якія ставіў перад сабой беларускі нацыяналізм пачатку ХХ стагоддзя, выкананы. Але ўсё ж нацыянальны праект не лічыцца завершаным, бо мы знаходзімся ў сітуацыі непрымання за сваё таго, што ёсць.
Адрознівае той час і цяперашні, на думку Міхаіла Баярына, адсутнасць філасофіі. Ля вытокаў “таго” нацыяналізму стаялі практычна арыентаваныя людзі, скіраваныя на справу, учынкі.
– Беларусам дазвалялася многае, але не дазвалялася мысліць.
Таму сёння, на думку філосафа, усталёўваецца беларуская інтэлектуальная традыцыя. А яна з’яўляецца тады, калі з’яўляюцца вучні.
– У нас ёсць два шляхі: або мы настойваем на стварэнні ўласнай формы (а гэта значыць мець сваю культуру і цывілізацыю вялікага стылю), або мы прымаем чужую форму, – паставіў прысутных перад выбарам Міхаіл Баярын.
Журналіст Сяргей Дубавец у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што тэкст Абдзіраловіча – гэта нацыянальны этычны праект, і ў гэтым яго прывабнасць.
– У такой жа форме этычнага праекту нацыяналізм паўстаў напачатку 1980-х гадоў. Гэта было прыгожа, і дабро заўсёды перамагала зло. А цяпер мы маем нацыянальны праект, цалкам пазбаўлены этыкі. Трэба вярнуць яму этычнасць і тыя паняцці, па якіх жыве заходняя цывілізацыя. Вярнуць Абдзіраловіча ў Беларусь – гэта і ёсць напоўніць нацыянальны праект этычнасцю.
Удзельнікі сустрэчы адзначалі, што эсэ не давалася ім з першага разу. Вось і доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі, акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіума Ірына Дубянецкая распавяла, што доўга не магла палюбіць Абдзіраловіча, бо ён “пісаў пра Беларусь і не заўважыў Беларусі”. Справа ў тым, што ён гаворыць пра Беларусь, якая паўстала на мяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў. А з таго, што раней на ёй было, узгаданы толькі Скарына.
– Галоўнае, што чапляе ў Абдзіраловіча – гэта патрабаванне пастаяннай творчасці. І калі нешта ўжо сталася, яно перастае быць творчасцю і становіцца творам. І ідэя “творачы, зруйнуем” – сутнасць як цэнтру, так і разлому паміж аграмаднымі цывілізацыйнымі ўтварэннямі, якімі ёсць Усход і Захад паводле Абдзіраловіча.
Ірына Дубянецкая перафармулявала Сяргея Дубаўца, назваўшы яго “этычнасць” “прыгажосцю”.
– У 1980-я гады Беларусь была і аб’ектам, і суб’ектам творчасці. Гэта было і прыгожа, і прывабна, і этычна. Гэта было тое, што закідаў Караткевіч: Беларусь прыгажосці.
Праўда, на гэта журналіст запярэчыў, што не заўсёды падзеі тых часоў былі “прыгожымі”.
Філосаф Павел Баркоўскі паведаміў, што для яго Ігнат Абдзіраловіч з’яўляецца містычным аўтарам: кожны раз перачытваючы яго, трапляеш на фрагмент, якога, здаецца, не чытаў.
Павел Баркоўскі сказаў, што і цяпер яшчэ не бачыць дзейсных падставаў, каб рэалізавалася тое, пра што марыць і што прарочыць Абдзіраловіч.
– Нічога не вядзе да таго, каб можна было стварыць беларускі праект, які б грунтаваўся не на застылых формах палітычнага мыслення, а адкрыты праект, які робіць стаўку на грамадзянскую супольнасць.
– У Беларускім Калегіуме на аддзяленні філасофіі і літаратуры мы ўжо 19 год пачынаем заняткі з чытання “Адвечным шляхам” Абдзіраловіча, – выказаўся філосаф і пісьменнік Валянцін Акудовіч.
Ён прапанаваў выдаць зборнік, прысвечаны спадчыне мысляра.
Даведка:
Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) – беларускі філосаф, паэт, публіцыст; аўтар праграмнага эсэ «Адвечным шляхам». Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі І. Канчэўскага — адданасць беларускай справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».