Колеры і адценні ад Міхала Анемпадыстава

02 сакавіка 2017

У апошні дзень зімы ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў адбылося адкрыццё незвычайнай выставы. “Колер Беларусі”, візуальная “прадмова” да кнігі беларускага мастака, паэта, дызайнера Міхала Анемпадыстава, выхад якой чакаецца ў сакавіку, і якая з’яўляецца плёнам шматгадовага даследавання прыгод і ролі колераў у гістарычных традыцыях.

«Сваю даследчую працу я пачаў у 2009 годзе. І не адчуваю, што скончыў яе. Мая выстава скіравана да народу Беларусі. Праз яе можна ўмацаваць сваю ідэнтычнасць, меньш трапляць пад вонкавыя ўплывы і быць нармальным народам, мець будучыню», — расказаў Міхал Анемпадыстаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Адкрыццё выставы прайшло пры поўным аншлаге – і справа не толькі ў тым, што імя Міхала Анемпадыстава ўжо само стала сваеасаблівым брэндам, які прыцягвае ўвагу, а і ў тым, што даследаванне колеру як самадастатковай каштоўнасці, як цывілізацыйнага маркера – зусім новая з’ява ў нашай культурнай прасторы.

Старшыня Беларускага саюзу дызайнераў Зміцер Сурскі назваў выставу Міхала Анемпадыстава «кавалачкамі каляровай Беларусі», важнай і вялікай працай дзеля захавання і асэнсавання беларускай спадчыны.

Куратар праграмы “Лятучага ўніверсітэту” Таццяна Вадалажская на адкрыцці прыгадала, як у 2012-м годзе Міхал Анемпадыстаў у межах цыкла публічных лекцый «Urbi at Orbi» упершыню прачытаў лекцыю «Колер Беларусі», і як менавіта тады з’явілася мара пра стварэнне кнігі-даследавання на гэту тэму. “Прайшло ўсяго пяць гадоў і мара збылася, сёння мы адкрываем гэтую выставу, а хутка плануецца і выданне кнігі. Галоўнае, што дае гледачам Міхал і яго выстава гэта нейкі інструмент інтэлектуальнай працы са сваёй культурай, асэнсавання яе здабыткаў. Пры тым, аўтар выставы мае талент не толькі сам бачыць, але перадаваць свае разуменне. Таму яго гледачы заўсёды рады разам з ім разумець нашу беларускую культуру», – кажа Таццяна Вадалажская.

Распавядая пра свой падыход да арганізацыі выставы, Міхал Анемпадыстаў адзначыў: “Сапраўды, я ўзяў сабе за мэту напісаць гісторыю тэмы колераў, і ілюстрацыі, якія прадстаўлены на гэтай выставе, будуць выкарыстаны пры выданні маёй будучай кнігі. Я вырашыў не даваць каментароў да здымкаў, каб пакінуць гледачоў сам-насам з візуальным шэрагам гэтай выставы. Дзеля таго, каб прысутныя маглі звязаць свае адчуванні колераў з тымі ўспамінамі, які ёсць у кожнага з нас. Адчуць праз колер візуальную сувязь з гэтымі аб’ектамі і рэчамі, з эмацыйным настроем, які я імкнуўся перадаць на гэтых выявах, структурах”.

Безумоўна, увага прысутных канцэнтравалася не толькі на элементах выставы, але і на асобе аўтара. Этнакультуролаг і мастак Тодар Кашкурэвіч адзначае: «У 70-х – 80-х гадах мы мыслілі культуралагічнымі праектамі. Гэта ўнікальнае пакаленне, якое рэалізавалася ў літаратуры, культуралогіі ды многіх іншых сферах. Міхал Анемпадыстаў – адзін з найбольш яскравых і вядомых прадстаўнікоў нашага пакаленьня».

«Міхал Анемпадыстаў займае ўнікальнае месца ў нашай культуры, і вельмі добра тое, што ён распрацоўвае гэтую тэму. Колер – гэта тая штука, на якую звычайна мы не звяртаем увагі, захапляючыся формамі, фігурамі, сакралізаванымі бакамі культурных праяваў. Міхал жа засяродзіўся менавіта на колеры, пакідаючы па-за межамі фігуру, форму, змест, тым самым паказваючы рознакаляровасць і разнастайнасць беларускай культуры, беларускага побыту, беларускага жыцця. Мы павінны жыць у шматкаляровым свеце, без колераў, без свету карціна нашага жыцця будзе няпоўнай», – цытуе філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

На выставе даследаванне колераў Беларусі прадстаўлена ў 80 фатаздымках. Як зазначае “Новы час”, “Каб спазнаць разнастайнасць фарбаў цэлай краіны — Беларусі, не трэба выпраўляцца ў падарожжа”, можна проста наведаць выставу ў Беларускім саюзе дызайнераў (Брылеўская, 14, уваход са двара). Выстава праходзіць у межах міжнароднага праекту развіцця культурнай спадчыны CHOICE, і будзе доўжыцца да 24 сакавіка.

Глядзіце таксама: відэа-рэпартаж з адрыцця выставы Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” на канале БЕЛСАТ