Лятучы ўніверсітэт правёў у сталічнай Галерэі “Ў” Дзень адкрытых дзвярэй, дзе будучыя слухачы маглі сустрэцца з выкладчыкамі курсаў і школаў гэтага навучальнага сезона, а таксама з выбітнымі асобамі “Лятучага”.
Каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская распавяла “Беларускаму Радыё Рацыя”:
“Мы распачынаем навучальны год і распачынаем, як звычайна, публічнай падзеяй. У гэтым годзе вырашылі абысціся без фармальных прэзентацый і зрабіць больш адпаведную Лятучаму размову з асобамі, інтэлектуаламі, якія будуць у гэтым годзе выкладаць. Мы скарысталіся фарматам “Жывой бібліятэкі”, і разам з імі зрабілі такую імпрэзу”.
Кожны з будучых слухачоў меў магчымасць самастойна выбраць для сябе тэму заняткаў і пагутарыць пад каву цягам дваццаці хвілін з выкладчыкам, які яго зацікавіў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота — аўтара.