Навуковае падарожжа: дзяцінства Оскара Мілаша

10 лістапада 2014

Аляксей Чубат, ЕўраБеларусь

Ключавой фігурай навуковай вандроўкi з Ірынай Дубянецкай і Сяргеем Харэўскім, арганiзаванай Лятучым ўніверсітэтам ў Чарэю, быў французскi паэт, празаiк, драматург Оскар Мілаш.

Дзяцінства Оскара Мілаша прайшло ў Чарэі, весцы, якая зараз уваходзiць ў  склад Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці. Раней Служба iнфармацыi  “ЕўраБеларусi” расказвала пра iншыя мясцiны вандроўкi. Нагадаем, галоўнымі праваднікамі гэтай вандроўкі былі гiсторык Сяргей Харэўскі і тэолаг Ірына Дубянецкая.

З 12 год пачынаецца парыжскае жыццё Оскара Мілаша, дзе ён вучыўся ў ліцэі, потым – у Школе ўсходніх моў. Пасля смерці бацькі ў 1904 г., калі яму было 27 год, ён вярнуўся ў Чарэю і заняўся гаспадаркай. Але ў часе Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей у Расійскай імперыі, зноў з’ехаў у Парыж, дзе стала жыў да смерці. Ягоная літаратурная дзейнасць увасобілася ў 13 тамах, выдадзеных на французскай мове.

Оскар Мілаш быў самотнікам, і традыцыю рода не працягнуў. Але ягоны пляменнік, Чэслаў Мілаш, які нарадзіўся ў збеларушчанай сям’і пад Вільняй, стаў паэтам, Нобелеўскім лаўрэатам. І ён неаднаразова спасылаўся на досвед свайго дзядзькі. Чэслаў Мілаш кажа, што Оксар адносіўся да беларускай мовы як мовы ужытку, а да польскай – як да мовы касцёла і адукацыі. Яны абодва адчувалі сябе літвінамі, народжанымі ў той, старой Літве. Ускосна Чэслава Мілаша можна назваць духоўным нашчадкам свайго дзядзькі Оскара.

Феномен Мілаша

Гэтая вадроўка, – тлумачыць Сяргей Харэўскі, – прысвечана асэнсаванню нашай ідэнтычнасці, пытанню выбара ў кожную гістарычную эпоху. І, канешне ж, складанаму пытанню: што ёсць наша ідэнтычнасць, якая фармуецца сёння. Калі мы выбіраем маршруты вандровак, мы выбіраем ключавую праблему, або ключавую персону, вакол якой можна падрабязна гэта разглядаць. У нашай вандроўцы такой персонай стала асоба Оксара Мілаша. Мілаш напісаў творы, і сутнасна яны былі народжаныя тут, на зямлі Чарэі. Ён аддаў даніну павагі свайму краю, і гэты край сфармаваў яго вялікім французскім пісьменнікам.

Але, каб не дзейнасць Сапегаў, перадусім Льва Сапегі, каб побач не жыў такі герой, як Стэфан Данісевіч – сучаснік Оскара Мілаша – мы б сёння не мелі гэтага феномена Мілаша. Але гэта тычыцца і іншых феноменаў сучаснай Беларусі. Напрыклад, братоў Іваноўскіх, якія выбралі сабе тры розныя сцежачкі. Альбо Марк Шагал, які абраў свой шлях.

Калі мы падыходзім да царквы Святой Троіцы, якая, зразумела, прайшла праз дзяцінства Оскара Мілаша, мы не можам не бачыць, якога ўзроўню напрыканцы XVI ст. была будаўнічая справа. Якія сродкі акумуляваліся, якога ўзроўню цывілізацыя тут паўставала і магла існаваць далей, каб яе брутальна не перарвалі. Калі мы гаварылі пра Чарэю, дык бачым закінутую школу і тое, што нешчаслівы лёс звёў на нішто чарэйскі край. І Чарэя стала хіба што падмуркам, глебай для рэфлексіяў літаратурнага самотніка ў Парыжы Оксара Мілаша.

Падмена паняццяў

Ірына Дубянецкая: “Калі казаць па шчырасці, мы ведаем гісторыю мастацтва ўсяго свету, ведаем сусветную гісторыю, але не ведаем гісторыі сваёй краіны, не ведаем гісторыі беларускага мастацтва. Таксама не ведаем беларускай архітэктуры.  Частокова гэта таму, што ў нас мала што засталося. Але сённяшні дзень асабліва моцна выстаўляе напаказ, якая ў нас размытая ідэнтычнасць. Адбываецца падмена паняццяў: тое, што было першым, назывецца другім. Другое – трэцім, а трэцяе – першым. Адбываецца поўная дызарыентацыя людзей, якія гэтую ідэнтычнасць маглі б больш лёгкімі шляхамі знайсці ў іншым выпадку. І постаць Оскара Мілаша у гэтым сэнсе вельмі добры прыклад, калі маючы самы праўдзівы і самы тыповы замес чалавека гэтай зямлі (бо ён жыў тут, у Чарэі, меў карані і тутэйшых і прышлых людзей), раптам назваў сябе літоўцам. Адбылася падмена паняццяў: сённяшняя Беларусь насамрэч – гэта былая Літва, дзе нарадзіўся і вырас Мілаш, дзе нарадзіліся і выраслі два пакаленні яго продкаў. Але калі ён нарадзіўся, сталеў, гэты край ужо Літвой не называўся. (Забарона на слова “літва” было прынята пасля Паўстання 1830-1831 гадоў). У выніку Літвой пачала называцца іншая краіна. І сёння людзі, калі гавораць пра Літву, гавораць насамрэч пра ЛЕтуву, краіну, якая ў тыя гады была на ўскрайку ВКЛ. Гэта поўная падмена паняццяў. Оксар Мілаш вельмі добры прыклад таго, як змененая назва краіны памяняла чалавека такім чынам, што ён стаў называць сябе грамадзянінам краіны, гіторыю і кульутуру якой ён не ведае, а ведае толькі імя.

– Таксама колькі слоў пра Свята-Міхайлаўскую царкву ў Чарэі, – працягвае Ірына Дубянецкая. – Гэта царква – фантастычная, адна з перлінак беларускай архітэктуры XVI ст. Але зараз, рэстаўруемая, яна выглядае абсалютна не такой, як стагоддзі таму. На яе пастаўлена дзіўная вежа, на яе пастаўлены рускія крыжы, і ў сярэдзіне, над ліловымі калона залатымі зорачкамі штосьці намалявана. І людзі з такім замілаваннем глядзяць, што царква аднаўляецца. Але аднаўляецца што? – задаецца пытаннем Ірына Дубянецкая. – Нічога не аднаўляецца. Будынак  захаваны – гэта добра. Але гэта фантастычная культурная каштоўнасць перастае быць фантастычнай культурнай каштоўнасцю, а становіцца шараговай царковой XVI ст. Да чаго гэта прыводзіць? Людзі думаюць, што ідуць у праваслаўную царку, а насамрэч ідуць у рускую царкву. Ці ўзяць царкву ў Чашніках, дзе перад уваходам вісіць улётка, якая пачынаецца словамі: “российская молодежь, вы должны это знать”. Што ў Беларусі павінна быць праваслаўным, становіцца зараз рускім праваслаўным.

Гістарычны багаж

Сяргей Харэўскі: “Сёння мы маем унікальны гістарычны багаж, якога не маюць іншыя народы Еўропы. Такім багажом, напрыклад, пры ўсёй абаяльнасці Швецыя і блізка не валодае. Гэта ў заходніх музеях вісяць карціны нашых мастакоў:  Надзі Лежэ, Хаіма Суціна і шмат каго іншых. Людзей розных нацыянальнасцей, чый феномен як творцаў стаў магчымым толькі на беларускай зямлі.
Канешне, калісьці наша талерантнасць, шматканфесійнасць і мульцікультурнасць сталі прычынамі нашага заняпаду. Гэтым карысталіся і нашыя суседзі, і нашыя ворагі. Нашай культурай маніпулявалі: адныя цягнулі ў бок Варшавы, хтосьці ў бок Масквы, хтосьці ў нямецкі бок, іншыя – да шведаў. Але, як бы там ні было, гэта наша гісторыя і наш досвед. І такога няма ні ў воднага народа Еўропы. Мы як той бягун, які спазніўся на кола, а потым апынуўся наперадзе ўсіх. І калі мы гэтыя каштоўнасці будзем успрымаць як самую вялікую вартасць, якую мы можам вынесці з нашай мінуўшчыны, у сучасным свеце гэта будзе зарукай нашай еднасці. Не раздрай, не крывавыя драмы, а абсалютна ўнікальны досвед сумеснага існавання. Наша гісторыя такая: каталіцкія абразы могуць быць у праваслаўных храмах, арыстакараты адначасова могуць фундаваць уніяцкія і праваслаўныя храмы і гэдак далей. Нам не трэба ад гэтага бегчы, не шукаць нейкіх простых, адзіных шляхоў: бо самы просты шлях азначае – ігнараваць меншасці, ігнараваць наяўнасць у нас хворых і старых людзей, ігнараваць іншую сэксуальную арыентацыю. Мы павінны да апошняга бараніць гэты наш унікальны досвед, які ёсць – разнастайнасць”.

Чаму беларусы – самыя шчаслівыя ў свеце?

Ірына Дубянецкая: “Калі казаць вельмі каротка, беларуская ўмоўная канфесійная раз’яднанасць ёсць зарукай еднасці нацыі. Адзінае, што яднае нас усіх – узаемная талерантнасць, і талерантнасць рэлігійная ў першую чаргу. Яна была ад самага пачатку фармавання нашай нацыі. Беларусь ніколі не была монаканфесійнай (у адрозненне ад іншых краін Еўропы). У нас былі і ёсць праваслаўныя і каталікі, юдэі і мусульмане. Нават стандартны выгляд беларускага мястэчка такі: рынкавая плошча, на якой стаіць царква заходняга абраду, царква ўсходняга абраду, сінагога, а трохі наўздалёк – мячэт. Такога не было ні ў адным горадзе Еўропы. Усе ў нас жывуць разам, перамяшана, але ўсе трымаюцца адзін аднаго. Калі ўзнікала Унія, яна таксама мела на ўвазе аб’яднанне.
Таксама заўсёды заставаліся традыцыйныя вераванні, якія станавіліся інтэгральнай часткай гэтага ландшафту. Тое, што чалавек, які фундуе царкву свайго абраду, і таксама царкву большасці людзей, якія жывуць побач з ім (гаворка пра Льва Сапегу), паказвае яго як дасведчаную, адукаваную асобу. Якая разумее, што рэлігія не можа быць месцам раз’ядання, абразы не могуць быць каталіцкія і праваслаўныя: яны могуць быць хрысціянскія, ўсходняй і заходняй традыцый.

Возьмем такі прыклад: традыцыйныя каноны (заходні і ўсходні) у абразах Дабравешчання. У заходняй (каталіцкай) традыцыі анёл бласлаўляе Марыю лілеяю, у усходняй (праваслаўнай) традыцыі знакам укрыжавання. А ў беларускіх абразах арханёл правай рукой бласлаўляе Марыю знакам крыжа, а ў левай руцэ  трымае лілею. І гэтыя вобразы мы знойдзем па усёй Беларусі. У Чарнагорыі ці Швецыі такога б не адбылося: там ёсць канкрэтны праваслаўны або пратэстантскі канон. А што адбылося ў Беларусі пасля прыяднання да Расіі? Тыя, хто быў у Уніі і не хацеў пераходзіць у праваслаўе, усё роўна пачалі хадзіць у царкву. Бо інакш – не было куды. І таму наша традыцыя – гэта традыцыя ўзаемапранікнення, поліканфесійнасці. Наша традыцыя гучыць як сімфонія: усе супрацоўнічаюць на адну святую справу, паважаюць святы адно аднога, не абражаюць рэлігійныя пачуцці. Беларусы – самыя шчасліцыя ў свеце, бо ва ўсіх Хрыстос нараджаецца адзін раз, а ў нас – двойчы”.

Персоны:
Падзеі: