
Адкрытая лекцыя культуролага Аляксея Крывалапа “Купляйце беларускае”, альбо Што рабіць, калі заўтра ніколі не наступіць?” адбылася 11 лістапада ў межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт сумесна з Міжнародным кансорцыюмам “ЕўраБеларусь”.
Цягам лекцыі было закранута шмат пытанняў што да сучаснага стану і будучыні беларускай медыя-прасторы, некаторыя з якіх можна аднесці да разраду “вечных” (напрыклад, з чаго ўсё пачынаецца – з попыту ці з прапановы?). Нельга сказаць, каб лектару і публіке пашчасціла сур’ёзна папрактыкавацца ў сумесных адказах і высновах, гэта хутчэй той выпадак, калі кожны знайшоў і прыхапіў з сабой “нешта свае” (дарэчы, цалкам у логіцы сучаснай медыя-прасторы).
Інфармацыйная служба “ЕўраБеларусі” звярнула ўвагу на адзін з парадаксальных феноменаў сучаснай медыя-рэальнасці, які абмяркоўвался падчас лекцыі: мы звыклі думаць, што спажыванне медыя ў наш час – такі сабе вельмі індывідуальны працэс, мы маем шмат выбару і магчымасцяў карыстацца рознымі каналамі інфармацыі. Але чым далей, тым больш мы разумеем, што наша спажыванне ў значнай ступені мае пасярэдніцтва (напрыклад, сацыяльныя сеткі) і фармуецца не намі, а за нас.
– Узнікае пытанне: наколькі гэта з’яўляецца нашай індывідуальнай практыкай? Наколькі гэта нашы жаданні – напісаць пост, сабраць 1000 лайкаў ці завесці 1000 фрэндаў? Бо калі ў нас няма доступу да тэхналогій, то і гэтых жаданняў у нас няма, – цытуе Аляксея Крывалапа “ЕўраБеларусь”.
Але асноўнае пытанне, якое не дае спакоя аўтару лекцыі – ці магчыма пашырыць ужыванне беларускай мовы ў медыя-прасторы, і якім чынам да гэтага рухацца? “Заўтра тваёй краіны”, пабываўшы на лекцыі, сфармулявала гэтую праблему як “Замкнёнае кола практычнасці”.
— “Купляйце беларускае” – мем, які жыве асобным жыццём, і заўтра для яго можа не наступіць ніколі. Людзі робяць запыты па-руску – значыць, на адпаведнай мове ім прапануюць і рэкламу, – цытуе лектара “Заўтра тваёй краіны” – Гэта замкнёнае кола: мы чакаем, калі людзі пачнуць рабіць запыты “на мове”, каб медыі перайшлі на яе.
— Нягледзячы на такую камунікацыю, медыі зменяцца, калі ўжываць беларускую мову – лічыць Аляксей Крывалап. Магчыма, гэта будзе дэманстратыўнае спажыванне, спажыванне дзеля сацыяльнага статусу, а не ўтылітарнае. Карыстальнік можа часцей клікаць на беларускамоўную рэкламу, усталяваць яе ў магчымай раскладцы на кампутары ці смартфоне, выбраць на сваім Android. Магчымасці не залежыць ад нашых памераў: нават у Літве, дзе менш за 3 мільёны насельніцтва, можна знайсці і Windows, і MicrosoftOffice з перакладам на літоўскую.
Пытанне ў тым, як стварыць умовы, каб людзі самі адчулі патрэбу спажываць той ці іншы медыяпрадукт у пэўным моўным асяроддзі. Падчас дыскусіі выказваліся даволі рэзкія ацэнкі наконт таго, што “беларускамоўны кантэнт не цікавы”, “няма арыгінальных навінавых рэсурсаў на беларускай” і г.д. То бок, пытанне “курыцы і яйка” – ці спажыванне беларускамоўнага кантэнту павінна падштурхнуць медыя да беларусізацыі, ці, наадварот, стварэнне якаснага беларускамоўнага кантэнту запусціць працэс масавага пераходу публікі на “мову” – засталося невырашаным.
Ды і ці трэба яго вырашаць?..
Глядзіце таксама іншыя лекцыя цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”:
Уладзімір Мацкевіч “Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі”.
Сяргей Сахараў. Што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?”
Уладзімір Батаев “Новыя кропкі адліку і перспектыўныя сцэнары развіцця будучыні”.