
Надыход новага года дазваляе трохі патасу, але справа не толькі ў календары.
З кожным годам мы страчваем надзею. Мы нібыта яшчэ чакаем, працуем, намагаемся … але недзе ў глыбіні душы ужо падрыхтаваныя да таго, што чарговы раз нас чакае параза, што амбітныя планы ня будуць спраўджаныя, што мы будзем шукаць тлумачэнняў і апраўданняў. І мы іх знойдзем. Мы ведаем іх заранёў. Таму нашыя планы “без прэтэнзіяў”, таму нават самыя невялікія дасягненні мы ацэньваем высока. “Тое што гэта адбылося – ужо добра, ужо вялікае дасягненне” – ці не гэта мы чуем і кажам пасля кожнай больш-меньш удалай справы.
Мы страчваем надзею не на тое, што ў краіне адбудуцца змены, а на тое, што гэта будзе плёнам нашых высілкаў. Мы ведаем, што калі-небудзь усё будзе як мае быць. Але ўсё адбудзецца “без нас” (як казаў Акудовіч), усё будзе зроблена “за нас”. Калі-небудзь Беларусь будзе ўтягнута ў еўрапейскую прастору і разам з гэтым мы атрымаем і эканамічныя, і сацыяльныя, і адукацыйныя стандарты. І нават беларуская мова атрымае сваё пачэсная месца, але не як здабытак саматоеснасці і любові беларусаў, а праз абарону праз “абарону культурнай разнастайнасці”.
Ці ёсць у нас яшчэ надзея? Ці ёсць тая амбітная справа, якая не можа адбыцца “без нас” і “за нас”?
Наша апошняя надзея – беларускі універсітэт. Гэта не той універсітэт, які з’явіцца ў нас дзякуючы балонскаму працэсу. Гэта ўніверсітэт як агульная справа, як супольнасць, як грамадскі рух да іншай Беларусі. Такі ўніверсітэт не “прарасце” інфраструктурай у стандартызавай еўрапейскай краіне. Універсітэт – гэта індывідуальнасць. Калектыўная, шмат-пакаленная індывідуальнасць. Гэта штодзенныя высілкі супольнасці па ўтрыманню ідэі, яе развіццё. Поспехі і паразы такога ўніверсітэта не могуць быць вытлумачаны праз знешня чыннікі і абставіны. Ён не залежыць ад знешняга свету. Уся адказнасць на нашым розуме, адданаці, здольнасцях.
Універсітэт, як грамадскі рух, – гэта апошняя надзея на валоданне сваёй краінай і ўдзел у яе будучыні.
Таццяна Вадалажская