Геній вытанчанай прастаты

24 студзеня 2018

Уладзімір Мацкевіч, беларускі філосаф, метадолаг

Простыя словы – што можа быць прасцей гэтых двух простых словаў? Ніякай фантазіі не хопіць, каб зрабіць з такіх словаў сімбаль, брэнд, мем. А ён зрабіў. І зараз гэтыя простыя словы асацыююцца менавіта з ім.

Простыя словы, простыя фарбы – менавіта з іх Міхал Анемпадыстаў рабіў свае простыя рэчы: вершы, песні, малюнкі, плакаты, паштоўкі, этыкеткі, кнігі, телевізійныя застаўкі, канцертнае афармленне, адзенне, а яшчэ анекдоты і гісторыі, стравы і наліўкі… не ведаю ўсяго. Але, штоб ён не рабіў, усё было такім простым, што здавалася не зробленым, не створаным, а само сабой паўстаўшым. І кожная яго простая рэч здзіўляла. Калі Міхал і рабіў што адмыслова – то здзіўленне. Кожны твор – здзіўленне.

Прастата выканання здзіўляла глыбінёй і складанасцю сэнсаў, думкі і ідэі, схаваных у ёй. Глыбіня і складанасць думкі і ідэі была і ёсць не толькі ў тых творах, што выходзілі з-пад яго рук, не толькі ў вершах і гісторыях, што ён распавядаў, яна была нават у яго зроку. Неяк мы размаўляем з Міхалам у самым простым асяроддзі. Раптам ён дастае фотаапарат і пачынае фатаграфаваць. Што тут вартае фатаграфання, здзіўляюся я? Ён наводзіць аб’ектыў, я гляджу ў тым накірунку і здзіўляюся, чаму ж я гэтага не бачыў? Не бачыў, пакуль ён туды не паглядзеў. Потым я ўжо здіўляўся гэтым здымкам, якімі ён аформіў свой чарговы шэдэўр.

Здзіўленне і прастата, сэнс і прыгажосць – можа, менавіта гэта той матерыял, з якого паўстаюць творы Міхала, а словы, формы і фарбы – гэта толькі дадатак! Неабходны дадатак, каб і мы праз гукі і колеры пачулі і ўбачылі тое, што геній і мастак чуе і бачыць наўпрост.
На пачатку было здзіўленне.

І гэта здзіўленне было ў “Народным альбоме”. Я, як і шмат хто, пазнаёміўся з Міхалам Анемпадыставым завочна, паслухаўшы “Народны альбом”. Простыя гісторыі, знаёмыя пачуцці, звыклыя мелодыі і гукі, простыя словы. Усё так знаёма, усё так грунтоўна, шмат што знаходзішь у асабістых успамінах і перажываннях, шмат што чуў ад бацькоў і старэйшых. Кранальны, настальгічны час, у які не давялося жыць самому, але пра які шмат распавядалі з лёгкім сумам бацькі.

Так дасціпна, такімі простымі словамі пра той час мог распавесьці толькі той, хто тады жыў, толькі сведка і ўдзельнік, ну можа назіральнік тых падзеяў. Аутар тэкстаў “Народнага альбома” адразу стаўся для мяне культурным героям, выбітным чалавекам, але я не ўсведамляў яго геніем. Аўтар, з дзіўным невымаўляльным прозвішчам, уяўляўся сталым чалавекам, старэйшым за мяне. Старэйшым, мудрэйшым, але такім жа простым, як і тыя словы, якімі ён прамаўляе гісторыі Юзіка і Казіка, які відавочна не хам, але, напэўна, не пан, можа і не той, што хацеў узяць у рукі кала, бо быў яшчэ малы, але той, хто дакладна хаваўся ад прыхадняў з галавою пад коўдру. Так я ўяўляў сабе нейкага Анемпадыстава, пакуль не пабачыў на ўласныя вочы.

Якім жа было маё здзіўленне, калі я патрапіў на канцэрт з нагоды дзесяцігоддзя “Народнага альбому” і ўбачыў на сцэне свайго культурнага героя! Які ж ён малады, які прыгожы і прывабны! Я не адразу паверыў, што гэта менавіта аўтар, думаючы, што мне паказалі не таго. Пазней агульныя знаёмыя пазнаёмілі і нас. Я некалькі год прывыкаў да таго, што Міхал маладзейшы за мяне. Маладзейшы, але мудрэйшы, і такі таленавіты! Тут я і пачаў здагадвацца, што на мой лёс прыйшоўся яшчэ адзін геній, бо ён не бачыў таго, пра што напісаў свае вершы і тэксты, а ўявіў гэта.

Сяброўства не паўстае раптам, у адзін момант, гэта я розумам ведаю, але памяць чамусьці гаворыць адваротнае, быццам мы пасябравалі адразу. Усведамленне сяброўства надышло, калі незаўважна я стаў звяртацца да Міхала на ты. Ён жа так і працягваў звяртацца да мяне на вы, называючы спадаром Уладзімірам. Чамусьці гэта не замінала роўнасці адносінаў паміж намі.

Ужо потым я разглядзеў яшчэ адзін талент Міхала – талент чалавечых стасункаў. Яму не трэба было выбудоўваць і ўсталёўваць стасункі. Ён пазбаўляў і іншых ад гэтай складанай задачы. Яму не трэба было шукаць падыходу да чалавека, і да яго не варта было шукаць падыходу. Стасункі проста паўставалі. Ці не паўставалі. І гэтыя стасункі вызначаліся асобай Міхала, але былі рознымі з рознымі людзьмі. Кожная кампанія, у якую ён прыходзіў, станавілася падобнай на яго іншыя кампаніі, але гэта нікому не шкодзіла заставацца сабой у яго прысутнасці. Над яго анекдотамі, байкамі і гісторыямі аднолькава смеяяліся і тыя, хто чуў іх упершыню, і тыя, хто ўжо ведаў іх напамяць. Дзіўны быў чалавек. 

Напэўна я не разглядзеў усе шматлікія таленты Міхала, адзначу толькі яшчэ адзін – талент даследчыка. Міхал не імкнуўся ім быць. Да сваіх даследванняў і аналітычных заняткаў сам ставіўся сціпла, часам іранічна. У Лятучым універсітэце ён зрабіў некалькі дакладаў на канферэнцыях і летніх школах. Выкладаў вынікі сваіх даследванняў так жа проста, як і ўсё, што рабіў. Ці то распавядаў пра Сяргея Пясэцкага, ці то пра гісторыю студэнцкіх карпарацый у Дэрптскім універсітэце, ці то пра філаматаў і філарэтаў – кожны раз гэта быў самастойны твор, годная гісторыя, выкладзеная простымі словамі і сродкамі. Але за кожнай гісторыяй стаяла вялікая праца з крыніцамі, пільная ўвага да дэталяў, грунтоўнае асэнсаванне. Міхал быў выдатным лектарам, цікавым дакладчыкам на семінарах і канферэнцыях, і не меньш зацікаўленым слухачом на тых жа канферэнцыях, і ўдзельнікам дыскусіяў ды спрэчак.

А яшчэ ён быў альдэрманам нашай універсітэцкай карпарацыі, а яшчэ… а яшчэ…
Ён быў сябрам. Вельмі добрым, уважлівым, далікатным сябрам. Пра сяброўства я не ўмею распавядаць. Не маю здольнасцяў. Маю толькі вялікую ўдзячнасць за гэтае сяброўства лёсу, Богу, агульным знаёмым, супольнай працы і самаму Міхалу.


Сёння з ранку я не мог ні працаваць, ні думаць. Звычайна, калі я не працую і не думаю, я сплю. Магу спаць з адкрытымі вачыма, магу на хаду, шпацыруючы, гуляючы з сабакам, мыючы посуд. Ну, і апошнімі гадамі з’явілася новая форма сна – корпанне ў інтернэце і фэйсбуку. І калі такім чынам нібыта сплю, ў галаве круцяцца вобразы, словы, сцэны, успаміны. Не ведаю, як у каго, а ў маёй стужцы фэйсбуку сёння ўсё пра яго, пра Міхала. Увесь дзень, амаль да гэтага моманту я сніў Міхала. Вобразы і словы круцяцца-круцяцца, надакучваюць, каб ад іх пазбавіцца, часам складаеш іх у радкі і выкідваеш на паперу, ці ў фэйсбук. Бо не добра гэта, жыць з такім шумам ў галаве. Заўтра развітанне з Міхалам Анемпадыставым. Мы не бачыліся з ім некалькі дзён, і не думалі, што наступная сустрэча зацягнецца. Але, не ўсё мы вырашаем самі. Тое, што здарылася, нікім не планавалася. Планаваліся сустрэчы. Але…

Вершы ды песні – простыя словы.
Кнігі, плакаты – простыя рэчы.
Заўтра прачнуся – дзень будзе новы.
Не дачакаюся толькі сустрэчы.

Персоны: