Інтэрв’ю з Якавам Радына

08 красавіка 2014

Матэматык Якаў Радына: “Прыбіральшчыца ў вялікай краме атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта”.

Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, TUT.BY

І гэта – не прыгожа кінутая фраза. У часе інтэрв’ю Якаў Валянцінавіч дастаў і паказаў разліковы лісток. Прызнаюся, у мяне быў шок – асабліва зважаючы на рэгаліі і рэпутацыю гэтага шаноўнага навукоўца. Прафесар, доктар навук, загадчык кафедры, лаўрэат дзяржпрэміі, член-карэспандэнт Акадэміі навук…

А ўвогуле, інтэрв’ю было не з гэтай нагоды.

11 красавіка Якаў Радына прачытае публічную лекцыю “Поспехі і крызісы матэматыкі” ў межах цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і свету”) Лятучага універсітэта і Міжнароднага кансорцыуму “ЕўраБеларусь”. Пачатак а 18.30, месца – Галерэя “Ў” (Незалежнасці, 37а, метро Плошча Перамогі). Уваход вольны!

Фота: Глеб Лабадзенка, TUT.BY

Спадар Якаў абяцае, што на лекцыі “не будзе ніводнай формулы” – і яна будзе цікавая нават далёкім ад матэматыкі людзям. Пэўна, што так яно і будзе. Гутарка ж напярэдадні лекцыі можа быць цікавай, бадай, для кожнага чытача. Бо сталася яна не толькі і не столькі пра поспехі і крызісы матэматыкі…

“Нельга знайсці цэглу золата. Калі нехта шукае самародкі – то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць…”

Спадар Якаў, тэма лекцыі – “Поспехі і крызісы матэматыкі” – гучыць проста ўсеабдымна. Нібыта як лекцыя пра Космас! Як вы плануеце змясціць выклад такой тэмы ў адну гадзіну?

Якаў Радына: Мяркую, што буду казаць толькі пра самыя асноўныя вехі, якія адбыліся ў матэматыцы, куды яна далей ідзе… Мяркую, што гэта за гадзіну раскажу – а калі не раскажу, то нешта застанецца на другую лекцыю (усміхаецца).

Ці будзеце казаць пра тое, наколькі беларуская матэматычная навука звязаная з еўрапейскай ды сусветнай, ці не адстаем мы?

Якаў Радына: Я зусім пра гэта не буду расказваць – ні пра беларускую, ні пра расейскую, ні пра польскую… Хоць мог бы. Толькі пра асноўныя вехі сусветнай матэматыкі! Таму што даваць нейкія ацэнкі… Не хачу.

Добра, калі не будзеце казаць на лекцыі, то спытаю ў вас, як у спецыяліста, гэта проста цяпер: на якім узроўні знаходзіцца сёння матэматыка ў Беларусі?

Якаў Радына: (доўгая паўза) …Вось тут у панядзелак, 30 сакавіка, было паседжанне ў Акадэміі навук – разам з прэзідэнтам краіны, прэм’ер-міністрам, увесь урад сядзеў… Абмяркоўвалі становішча навукі ў Беларусі, і як яго палепшыць… І там неаднойчы прагучала, што ў моладзі няма цікавасці, няма матывацыі… А чаму няма? Прыбіральшчыца ў вялікай краме – безумоўна, гэта патрэбная прафесія – яна атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта.

Дык справа толькі ў грошах?

Якаў Радына: Не толькі. Але калі мой сусед-дальнабойшчык атрымоўвае ў разы болей, чым я… Якая цікавасць маладому чалавеку ісці сюды? Такі чалавек, які захапляецца фізікай, матэматыкай – спачатку думае, што будзе вялікім навукоўцам… А пасля ён бачыць, што нічога не заробіць.

З боку ўладаў неаднойчы гучалі контраргументы: дайце нам вялікія адкрыцці, распрацоўкі, навацыі – і мы вас азалацім. Як з пісьменнікамі – “прынясіце “Вайну і мір”…

Якаў Радына: На згаданым паседжанні былі вельмі талковыя выступленні і Шымава, і Сямашкі, і Радзькова. Прэзідэнт казаў: канешне, не ўсе робяць адкрыцці, але дайце нам алмаз – і мы з яго зробім дыямент. Але нельга ўзяць і прынесці вялікую цэглу золата. Калі нехта шукае самародкі – то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць… Дацэнты, прафесары матэматыкі, фізікі – безумоўна, не ўсе робяць адкрыцці! Але ж гэта ўзровень навукі! Напрыклад, у Амерыцы цяпер самая высокааплатная прафесія – гэта інжынер. А хто гэтага інжынера будзе вучыць матэматыцы? Толькі матэматык адпаведнага ўзроўню – а не той, хто ведае табліцу множання і пару формул. Грыбы не збіраюць на асфальце, яны растуць у лесе! Патрэбны ўдзел у семінарах, канферэнцыях – бо чалавек не можа адзін усё прачытаць і даведацца, патрэбны абмеркаванні, даклады, сумесныя пошукі. Часам чытаеш – і думаеш: як жа ён да гэтага дадумаўся? А на канферэнцыі можна падыйсці і спытаць!

“Аклад 3,3 мільёна, з усімі надбаўкамі атрымліваю на рукі 4 мільёны 820 тысяч”

Якаў Валянцінавіч, даруйце за правакацыйную аналогію: хакей. Укідваюцца мільёны даляраў – а вынікі смешныя. Тут так не будзе, калі пачаць годна фінансаваць навуку? Маем патэнцыял?

Якаў Радына: Опа!.. Я таксама чамусьці часам думаю пра хакей… Без трэнераў ніхто нічога не зробіць. А тут – без прафесароў. Алмаз у матэматыцы нельга знайсці абы-дзе – яго можна толькі выгадаваць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, пры наяўнасці высокакласных настаўнікаў. Я нядаўна прачытаў класнае параўнанне аднаго расейскага матэматыка, які падрахаваў, што кошт аднаго танка дазволіць цэлы год плаціць грошы ўсім расейскім матэматыкам. У нас – тое самае. Дайце нам хоць трошку грошай – каб у моладзі была зацікаўленасць! Матэматыкаў – і ўвогуле навукоўцаў – не так шмат, тут не вядзецца пра астранамічныя сумы!

Открыть/cкачать видео (5.06 МБ)

Спадар Якаў, раз ужо вы не першы раз кажаце пра праблему галечы, то ці сакрэт: колькі вы зарабляеце?

Якаў Радына: Не, не сакрэт! (дастае з партфеля разліковы лісток) Вось, глядзіце… Аклад – 3 мільёна 300 тысяч. Так, тут усякія прэміі, надбаўкі, тут падаткі, адлічэнні… А, вось сума, якая выдаецца на рукі: 4 мільёны 820 тысяч.

Спадар Якаў, тут самы час нагадаць вашыя рэгаліі…

Якаў Радына: Член-карэспандэнт Акадэміі навук, лаўрэат дзяржпрэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, прафесар БДУ, ганаровы прафесар Гарадзенскага і Брэсцкага ўніверсітэтаў, запрошаны прафесар некаторых замежных універсітэтаў, ужо 39 гадоў загадчык кафедры функцыянальнага аналізу ў БДУ…

Калі такі заслужаны чалавек, як вы, не мае нават 500 даляраў, што ж маюць маладыя спецыялісты?

Якаў Радына: А нічога не маюць! Аспірант атрымоўвае стыпендыю больш, чым ён як абароніцца будзе атрымоўваць ужо на працы. Пры такой сітуацыі чым можна прывабіць моладзь у навуку? Таму ў нас усе ўжо з трэцяга курса ідуць у праграмісты – і атрымоўваюць, безумоўна, болей грошай, чым я… Дарэчы, тут яшчэ ёсць і іншы момант, на які звярнуў увагу і прэзідэнт на тым паседжанні. Ён спытаў: а колькі там людзей працуе ва ўсёй Акадэміі? Выявілася, што 17 тысяч чалавек. А колькі з іх займаюцца ўласна даследваннямі? 6 тысяч чалавек. Толькі траціна! А рэшта, 11 тысяч – гэта чыноўнікі, якія паперкі перакладаюць! Паглядзіце, у нас ва ўніверсітэце: тры корпусы набітыя гэтымі чыноўнікамі! А потым нам на Радзе ўніверсітэта расказваюць, што сярэдні заробак – 800 даляраў, ці колькі там. Я кажу: дык як жа так?! Калі я ніжэй сярэдняга заробку, то тады хто ўжо вышэй?! Безумоўна, чыноўнікі!

Якія наступствы гэтага? Людзі сыходзяць у іншыя сферы? З’яжджаюць за мяжу?..

Якаў Радына: Хто хоча – той з’едзе. Хто не з’яжджае – асноўная частка матэматыкаў ідзе ў праграмісты. Я б зрабіў па-іншаму. Хочаце быць праграмістамі – вось вам два гады, навучыліся на клавішы націскаць і рабіцеся праграмістамі. Нашто людзей столькі тут трымаць? Нашто ў нашай краіне ўвогуле столькі ўніверсітэтаў нарабілі? Баранавіцкі, Палескі, Мазырскі… універсітэт – і ніводнага прафесара! Але ж “універсітэт”, нароўні з нашым. Як так? Іх жа не падцягнеш да нашага ўзроўню, лягчэй жа нас да іхнага апусціць…

Якаў Валянцінавіч, дык якая сапраўдная сітуацыя, які рэальны ўзровень нашай навукі – у прыватнасці, матэматычнай – на тле ўсяго, што вы распавялі? Ці не ўсе разбегліся, ці ёсць, каго заахвочваць?

Якаў Радына: На маёй кафедры яшчэ не самая кепская сітуацыя, ёсць маладыя. Алег, якому 37 гадоў, збіраецца абараняць доктарскую. Жэнька – 32 гады…. А так жа ва ўніверсітэце сярэдні ўзрост прафесароў – 76 гадоў… Ведаеце, мяне запрашалі ў Ізраіль. Казалі: “Якаў Валянцінавіч, адно ваша слова – і заўтра ж вы маеце двухузроўневую кватэру ў цэнтры Тэль-Авіва і працу да самай смерці”. Жонка плакала, хацела, каб мы ехалі… Але не магу я… Была магчымасць і ў Швейцарыі застацца… Не хачу.

Таму што позна ўжо ўсё кідаць і зрывацца?

Якаў Радына: Каб быў малады – і не думаў бы нават! І моладзь так часцей за ўсё і робіць. Мяне спыняла толькі тое, што калі перасадзіць вялікае дрэва, – вядома, што будзе.

“У Беларусі няма ніводнага матэматычнага часопіса”

Назва лекцыі — “Поспехі і крызісы матэматыкі” – у цікавай форме ажывае ў вашых словах. З крызісамі, здаецца, усё ясна. А поспехі ёсць? Чым вымяраецца кваліфікацыя матэматыка?

Якаў Радына: Натуральна, па публікацыях у навуковых часопісах, па кнігах. Фокус у тым, што ў Беларусі такіх часопісаў у галіне матэматыкі няма. Ніводнага. І ніколі не было, дарэчы. На гэта нам раяць: публікуйцеся ў замежных рэйтынгавых часопісах. То бок, варыянта стварыць свой і зрабіць яго рэйтынгавым няма. Напрыклад, у Літве ёсць “Літоўскі матэматычны часопіс”, створаны яшчэ за савецкім часам. Яны яго захавалі пасля здабыцця незалежнасці – і не проста захавалі, а зрабілі рэйтынгавым, прэстыжным!

Фота: Глеб Лабадзенка, TUT.BY

Дзе ж вы з калегамі друкуецеся?

Якаў Радына: “Веснік БДУ”, “Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”… Усё! Далей ідуць замежныя часопісы, дзе нашыя матэматыкі, безумоўна, таксама друкуюцца.

Шмат у нас матэматыкаў, якія “падтрымліваюць форму”?

Якаў Радына: Усіх прафесароў матыматыкі ўвогуле пералічыць не цяжка – іх усяго некалькі дзясяткаў. Я заўжды кажу, што я – матэматык № 2 у Беларусі. А хто № 1? Такіх шмат. У асноўным прафесары матэматыкі засяроджаныя ў нас у БДУ ды ў Інстытуце матэматыкі… А, напрыклад, у педынстытуце, дзе я таксама выкладаю, свайго няма ніводнага.

“Будучыя настаўнікі матэматыкі атрымалі па гэтым прадмеце 10 балаў на тэставанні – і паступілі”

Вы вучыце там будучых настаўнікаў матэматыкі?

Якаў Радына: (сумна ўсміхаецца, трымае доўгую паўзу) Жах. Ведаеце, калі максімум можна набраць на тэставанні 100 балаў, то перада мной сядзяць будучыя настаўнікі матэматыкі, якія атрымалі 10 балаў па гэтым прадмеце – і паступілі.

Поўнае балота?

Якаў Радына: Поўнае. З шасцідзесяці чалавек ёсць адзін талковы хлопец. Я не ведаю, чаму яны будуць вучыць дзяцей у школах…

А гэты адзін як туды прыбіўся?

Якаў Радына: Ведаеце, і мне зрабілася цікава!. Я стаў яго распытваць. Аказалася, ехаў падаваць заяву – і не ў тое метро выйшаў. А ўжо час падачы сканчаўся, хвіліны проста заставаліся. Кажа, не паспеў бы да БДУ дабегчы – і падаў у пед на матэматыку.(смяецца)

Гэтая праблема, што праходзяць людзі з нізкімі “профільнымі” баламі з тэставання – як яе вырашыць?

Якаў Радына: А адкуль яна ўзнікла? На Расію глядзелі. Карупцыю ва ўніверсітэтах выкаранялі. Разумееце, галоўныя карупцыянеры ў нас у ВНУ атабарыліся! Мы казалі: добра, калі вы так баіцеся, што мы тут будзем за хабары прымаць, давайце зробім іначай. Дазвольце нам правесці па ўсёй Беларусі алімпіяды і выбраць 200 ці нават 100 самых здольных у матэматыцы вучняў. А потым вы самі – каб мы карупцыю не разводзілі – з гэтых 100 адбераце нам 30. Па якіх хочаце прыкметах: па вазе, па росту, па колеру вачэй, па даўжыні ступні… Чаму так не зрабіць?.. Чаму не зрабіць так, як мы – спецыялісты ў матэматыцы – лічым найлепей?..

Якаў Валянцінавіч, на тле ўсяго расказанага, можа і дзіўнае пытанне пры канцы: ці бачна хоць трошачку святло ў канцы тунэля?

Якаў Радына: У мяне два сыны. Абодва матэматыкі, адзін на гэтым факультэце, другі на іншым. Я калісьці, як яны былі студэнтамі, казаў ім: “Вучыцеся, абараняйцеся. Ні пры якой уладзе прафесар не прападзе”. Яны мне цяпер часта ўзгадваюць гэтыя словы.