Каліноўскі ў Менску: старажыны горад, “сялянскі правадыр” і пачатак беларускага кінематографа

16 сакавіка 2016

Канспект лекцыі

Цыкл адкрытых лекцый Лятучага Ўніверсітэта “Галоўнае пытанне”

Адкрытая лекцыя Алега Дзярновіча, 18 лістапада 2015 г., Мінск

Таццяна Вадалажская: Я рада сёння вітаць вас на чарговай адкрытай лекцыі з серыі “Галоўнае пытанне”. Мне падаецца, што сёння вельмі цікавая тэма, у ёй шмат ключавых слоў: Каліноўскі, кіно, міфы і гэтак далей. З другога боку, яна мне падаецца вельмі важнай, таму што зараз пытанне міфалагізацыі гісторыі – вельмі няпростае. Ці патрэбны нам гістарычныя міфы? Ці яны нам не патрэбны, а нам патрэбна толькі навуковая веда? Я разумею, што спадар Алег будзе распавядаць пра механізмы міфалагізацыі ў навуцы. Думаю, што іх, сапраўды, вельмі важна разумець. Як гэта адбываецца, навошта адбываецца і ўвогуле, што мы можам атрымаць напрыканцы.

Алег Дзярновіч: Шаноўныя сябры, я сапраўды хацеў бы сёння паразмаўляць з вамі пра шматслойную праблему: пра нацыянальны канон, пра наш горад і пра наша стаўленне да гісторыі. Непасрэдным штуршком да гэтага тэкста, які ў мяне нарадзіўся, быў адзін вельмі эмацыйны момант. Гэта было некалькі год таму, у 2013-м, адбываўся чарговы “Лістапад” (кінафэст у Менску). І з дзяржфільмафонда Расійскай Федэрацыі прывезлі першыя беларускія стужкі. Самі гэтыя стужкі не ёсць недаступнымі, іх можна знайсці ў інтэрнэце, але, што была нязвыклым, што нам паказалі стужкі ў іх аўтэнтычным фармаце. Наогул, фільмы 20-х гадоў цікава глядзець у кінатэатры. Быў акампанемент, быццам “тапёр”, Сяргей Пукст граў сваю музыку пад гэтыя фільмы, і ўсё гэта выглядала досыць цікава. Я схадзіў на адзін фільм – “Кастусь Каліноўскі”. Яго знялі ў 1927-м годзе. Фільм тэхнічна вырабляўся, што называецца “зводзіўся”, у Ленінградзе. Гэта цалкам натуральна, бо ў тагачаснай Беларусі ў прынцыпе не было кінематаграфічнай базы, першая беларуская студыя Белдзяржкіно працавала на базе Саюзкіно у Ленінградзе. Там яна заставалася ажно да 1939-га года, толькі потым ужо была пераведзена ў Менск.

Здымаўся фільм пад кіраўніцтвам рэжысёра Уладзімера Гардзіна. Ён ужо да рэвалюцыі, хоць і быў яшчэ даволі малады, паспеў зрабіць сабе імя ў расейскім кінематографе, які, між іншым, вельмі актыўна і бурліва развіваўся менавіта ў гэтыя часы. Зноўку: у тым, што Гардзін быў запрошаны да здымак гэтага фільму, няма нічога нечаканага. На той момант у Беларусі ў прынцыпе не было кінарэжысёраў. А вось сцэнар пісалі ў Менску беларускія аўтары, і ў іх былі вельмі цяжкія адносіны з Гардзіным. Бо беларускія сцэнарысты, якія атрымалі ад ЦК КПБ(б) “партыйнае заданне”, стваралі нацыянальны гістарычны эпас, а Гардзін зняў трохі іншы фільм. Ён зняў рэальны вэстэрн. Калі будзеце глядзець, то параўнайце з прадукцыяй Галівуда таго часу; напрыклад, як там вырашаюцца масавыя сцэны.

Але ж для мяне важна, што ўся палітыка беларусізацыі на той час – гэта як раз пралетарская, сацыялістычная палітыка. Што можна сказаць пра сам фільм “Кастусь Каліноўскі”? Ён мае вельмі моцны ідэалагічны пасыл. Фактычна ім была закладзена сама гэта канцэпцыя для масавага спажывання – “Кастусь Каліноўскі”. Дарэчы, і форма гэтага імя – “Кастусь Каліноўскі” – менавіта тады была замацавана у масавай свядомасці, у 1922-м годзе яна ўведзена ўпершыню. І тое, што ён – сялянскі правадыр. І па сюжэце ён змагаецца з двума варожымі сіламі. З аднаго боку, гэта шляхецкія інсургенты, якія ёсць яго ворагі, бо яны ёсць прыгнятальнікамі сялянства. Але з іншага боку ён вядзе сялян супраць царскай улады. Ну і так атрымліваецца, што сам сабой выбудоўваецца гэты “трэці шлях беларускі”: ні з Польшчай, ні з царскай Расіяй, цалкам адпаведны гэтаму перыяду, 1920-м гадам.

Але я хачу вам нагадаць, што такое 20-е гады. Гэта, канешне, радыкальная розніца з 30-мі, гэта гады НЭПа. Не будзем перабольшваць і казаць, што гэта вольная рынкавая эканоміка, але крамы працавалі, яны былі прыватныя і сяляне маглі гандляваць. Канешне, была індактрынацыя марксізмам, ужо даволі жорсткая, але да знішчэння палітычных, ідэялагічных, я б нават сказаў, “культурных” апанэнтаў пакуль што яшчэ не даходзіла. І вось у такой атмасферы адбывалася станаўленне новай беларускай гісторыяграфіі. Вакол постаці Каліноўскага пачынаюцца сур’езныя рухі, пачынае выходзіць вельмі шмат літаратуры. Ігнатоўскі, тагачасны прэзідэнт Акадэміі навук, пра гэта кнігу піша, Міровіч піша п’есу. Такім чынам, беларускі савецкі наратыў фармуе у 20-я гады гэту постаць, Кастуся Каліноўскага, як аднаго з нацыянальных герояў, як аднаго з прадстаўнікоў нацыянальнага пантэона.

І гэты фільм павінен быў стварыць кананічны вобраза Каліноўскага, які і надалей мусіў цыркуляваць у грамадстве. Бліскучая каманда актораў была падабрана для здымак гэтага фільма. Я лічу, што найбольш удалая атрымалася роля Мураўёва-вешальніка, якую выканаў украінскі актор Кандрат Якаўлеў. Сам Каліноўскі пададзены досыць схематычна, бо на ім “вісіць” вельмі канкрэтная ідэалагічная нагрузка. Яшчэ аднаго са шляхцічаў граў Барыс Ліванаў, бацька легендарнага “Шэрлака Холмса”, Васіля Ліванава. Бліскучы эпізод з сабакамі ёсць у гэтым фільме. Ён таксама, безумоўна, ідэялагічны, і ён не мог быць іншым. Была такая гісторыя: у Вільні, у канцы ХІХ стагодзя, калі там адчынялі помнік Кацярыне ІІ, нехта намазаў тлушчам помнік Мураўёву-вешальніку, які знаходзіўся недалёка. І раніцай усе галодныя сабакі Вільні збегліся туды, паліцыі прышлося шмат папрацаваць, разганяючы іх. Эпізод з сабакамі таксама праходзіць у гэтым фільме – сабак апранаюць у расійскія мундыры.

Пры гэтым, калі фільм толькі выйшаў, ЦК КПБ(б) быў не вельмі задаволены. Яны чакалі больш “нацыянальную” стужку. Гэта павінен быў быць нацыянальна-рэвалюцыйны эпас. Тым не менш, пасля ўсіх скандалаў, у 1928-м годзе стужка выйшла на экраны, і вызвала пэўны ажыятаж. У архівах ёсць дакумэнты са скаргамі, што калі паказвалі гэты фільм, некалькі тысяч чалавек не змаглі набыць квіткі, патрапіць на прагляд. Надзіва, фільм меў вельмі ўдалую пракатную гісторыю ў Чэхаславакіі, ёсць звесткі пра пракат у Японіі. Але найбольш цікавы сюжэт з гэтам фільмам адбываецца ў Коўна. Фільм прывозяць ў Літоўскую Рэспубліку, і ён ідзе з каласальным аншлагам. Літоўцам – і чыноўнікам, і нацыяналістам – вельмі спадабалася антышляхетная, антыпольская скіраванасць гэтага фільма. А для літоўцаў у той час няма горшага ворага, як Польшча Пілсудскага, якая анэксавала Вільню. І ёсць успаміны, што калі паказвалі гэтую стужку, то напрыканцы глядача чакаў дадатковы “бонус”. Вось сканчаецца стужка, вам паказваюць Казьмадзям’янаўскую вуліцу, сцэну пакарання Каліноўскага, а далей уключаюць хранікальныя кадры, як прэзідэнт Літвы Антанас Сметана прынімае парад літоўскага войска. Гэта фенаменальны выпадак, калі беларускі фільм быў выкарыстаны ў літоўскай антыпольскай прапагандзе. Яшчэ трэба дадаць, што гэта стала рэакцыяй на польскі фільм, які называўся “1863 год”. І які заканчваўся кадрамі, як Юзаф Пілсудскі прымае парад польскага войска на варшаўскай плошчы. Разумеце, якая фенаменальная лінія праводзіцца паміж гэтымі фільмамі!

Цяпер па самаму Каліноўскаму: я зусім не гатовы адкінуць усю савецкую спадчыну, а савецкая гісторыяграфія сфарміравала вельмі моцную тэзу датычна Каліноўскага – “рэвалюцыйны дэмакрат”. Я думаю, што яе не варта адкідаць, яна да Каліноўскага падыходзіць. Мы бачым чалавека з шляхецкай сям’і. Ён не быў бедны, таму што бацька яго арэндаваў ткацкую фабрыку, але і багатым не быў. Ён быў вельмі цесна звязаны з расейскімі рэвалюцыйнымі асяродкамі ў пецярбургскі перыяд, быў блізкі да тых, хто чытаў Герцана, да даволі радыкальных рэвалюцыйных колаў Расейскай імперыі. Ён знаходзіўся ў вельмі кепскіх адносінах з партыяй “белых”. “Белых” не у тэрміналогіі 1917-га года, а ў тэрміналогіі ХІХ-га стагоддзя: “белыя” лічылі неабходным захаваць статус-кво ў плане аграрнай палітыкі і шукаць паразумення з расейскай цэнтральнай уладай, спадзяючыся на ціск вялікіх заходніх дзяржаў на Расію. “Чырвоныя” выступалі за больш актыўныя дзеянні і радыкальную аграрную праграму.

Але ён для сябе сфармаваў вельмі шырокую сацыяльную праграму. Нам не пашэнціла ў плане статуса сялянства, вось у Варшаўскім княстве Наполеон паспеў адмяніць прыгон, а тут ён яшчэ ня ведаў, як яму з ліцвінскай шляхтай разбірацца, а трэба ж на Маскву ісці, таму у нас адмяніць прыгон ён не паспеў. Так што для нас сялянская праблема, як вузлавая і карэнная, існавала амаль да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. І Каліноўскі на гэтым фоне ёсць чалавекам, які вылучае вельмі шырокую сацыяльную праграму і пераадольвае псіхалагічны падзел паміж шляхтай і сялянствам. Гэта быў вельмі моцны ход.

“Мужыцкая праўда” – гэта, безумоўна, палітычны праект. Падобныя нелегальныя газеты, дарэчы, выходзілі і па-польску, але не ўсе гэта ведаюць. На тэрыторыі этнічнай Літвы адным з кіраўнікоў паўстання быў Антанам Мацкявічус, ну альбо Антоні Мацкевіч. Дарэчы, у літоўскай гісторыяграфіі да апошняга часу стваралі вельмі негатыўны вобраз гэтага паўстання, таму што шмат сіл там паклалі. Каб палякі, маўляў, не пачалі ў Варшаве, то мы лепш захаваліся б. І пад час паўстання, і перад ім, таксама выходзяць агітацыйныя газеты па-літоўску. Так што “Мужыцкая праўда” у гэтым сэнсе цалкам укладаецца ў палітыку лідараў паўстанцаў – знайсці больш шырокую сацыяльную базу для сваіх палітычных праектаў.

Потым, калі Каліноўскі апынаецца ў памежнай сітуацыі, перад смерцю, ён піша па-беларуску “Лісты з-пад шыбеніцы”. Гэта ў перыяд, калі яшчэ няма канона, няма беларускай літаратурнай нормы. Але гэтая шляхта – яны ж чуюць, як люд размаўляе. А як вы ведаеце, беларуская літаратурная мова – гэта прадукт Літвы, менска-віленская гаворка, гаворка “той”, гістарычнай Літвы. Як паказваюць лінгвісты, на ўзроўні ХІХ стагоддзя яна вельмі блізкая да сённяшняй літаратурнай нормы. Дык вось, частка шляхты прымае мову наваколля, і перад смерцю Каліноўскі піша тэкст па-беларуску.

Для мяне гэта феномен памежнай сітуацыі, эксзістэнцыя такая. Перад смерцю ён піша тэксты не па-польску, не па-расейску (а расейскую ён ведаў добра, бо вучыўся ва ўніверсітэце), – ён піша на беларускай мове. А чаму? Былі і раней “хлопаманы” сярод шляхты нашай, балаваліся тэкстамі. Але Каліноўскі піша цэлы праграмны тэкст па-беларуску і ў памежнай сітуацыі. Я думаю, што гэта красамоўны факт.

Ён стаіць ля вытокаў. Магчыма, у сённяшняй сітуацыі, калі ў вас у кішэні ляжыць сіненькі пашпарт, і вы ў палітычным сэнсе грамадзянін Беларусі, і калі паедзеце ў Расію, там таксама будзеце грамадзянінам Беларусі, гэта не так лёгка зразумець. У Каліноўскага не было такого дакуманта, гэта ўсё толькі ўзнікала. У гэтым сэнсе я канструктывіст. Ёсць тэорыі, якія свярджаюць, што нацыі, этнасы развіваюцца бесперапынна на працягу ўсёй сваёй гісторыі. А канструктывісты ведаюць, што ўсе нацыі, асабліва ў нашым рэгіёне – беларуская, літоўская, украінская – мадэрныя. Але у Львове пад аўстрыяйкамі было школьніцтва, і кніжкі можна было выпускаць. У літоўцаў прускія лютеранскія ўлады падтрымлівалі кнігадрук па-літоўску, таму што кожны селянін па пратэстантскай канцэпцыі павінен сам чытаць Біблію, і не павінна быць пасярэднікаў паміж чалавека і Богам. Таму лютэране заўжды выступаюць за нацыянальную мову. А ў нас не было нават гэтага, не было такой выспачкі. І вось гэтыя людзі стаялі ў вытокаў беларускага нацыянальнага праекта, фармавалі тыя пастулаты і рэчы, каноны і культурныя законы, якія мы далей выкарыстоўваем. Я думаю, мы таксама можам да іх паставіць “рахунак сумлення” і выказаць нейкія прытэнзіі. Но мы маем тое, што маем. І з радаводу беларускай нацыянальнай ідэі Каліноўскага не выкрэсліць.

Цяпер я пераходжу да іншага сюжэта. Мы ведаем, што ў сакавіку 1864-га года Вікенцій Канстанцін Каліноўскі быў засуджаны на смерць у Вільні, і магіла яго, як па заканадаўству тагачаснаму, а дарэчы, і сучаснаму, была схаваная. Мы і да сёння толькі здагадваемся, што ён мог быць пахаваны на ўзгорку Гедымінавай гары. Як на ваша меркаванне, дзе ў той час – нагадваю, гэта 1927-ы год – можна было здымаць Вільню? Якія версіі падыходзяць для Вільні? Шляхетскія сядзібы яшчэ можна было здымаць у Паўлаўскім пад Ленінградам – так і рабілася. А вось сцэна, як яго вязуць па гораду, дзе яе ўзяць?

Чаму не сама Вільня, гэта зразумела, бо Вільня тады была ў складзе Польскай дзяржавы. З даволі вялікіх гарадоў, якія мела тагачасная БССР, вельмі цікавыя краявіды мог ствараць Віцебск. Даволі цікавы рэльеф і забудову меў губернскі Магілёў да яго разбурэння. Але, нечакана для сябе, я ў гэтай стужцы пабачыў кадры, якія даўно шукаў, сюжэты якіх часткова ведаў яшчэ па фотаздымках канца XIX стагоддзя. Гэта было вельмі нечакана, калі я пабачыў тое, што даўно шукаў, і пабачыў на даўняй стужцы.

Гэта была Траецкая плошча. Чаму яна Траецкая? Таму што, як лічыцца, там быў пабудаваны Ягайлам першы Менскі касцёл, драўляны касцёл Святой Троіцы. Потым гэта плошча стала плошчай Парыжскай Камуны. Оперны тэатр, я вам нагадваю, яшчэ непабудаваны, і шыбеніца ў фільме стаіць як раз на цяперашнім месцы Опернага тэатра. Побач Святадухаўская царква, моцна перабудаваная ў стыле “а-ля рус”. Тут жа езуіты, сённяшняя галоўная каталіцкая катэдра Беларусі, касцёл бернардзінак – сёння галоўная праваслаўная катэдра Беларусі. Перад намі ўвесь Верхні горад.

Але, ведаеце што, на мяне глыбокае ўражанне зрабіў нават не выгляд Верхняга горада з боку Траецкай плошчы, а найбольш мяне ўразіла вулка, па якой у фільме везлі Каліноўскага. Справа ў тым, што я яе даўно шукаў! У мяне ёсць пару здымкаў гэтай вулкі, а тут раптам аказваецца, што ёсць 2,5 хвіліны. Разумеце, гэта каласальны час, дзве з паловай хвіліны стужка! Гэта вуліца Казьмадзям’янаўская. Казьмы і Дзям’яна. І яна вяла як раз ад касцёла бернардінак, дзе сёння Святадухаў сабор, уніз да Нямігі. Там досыць пакручасты схіл. Уздымацца па ёй, вазы весці, карэты, па такому стромкаму схілу было вельмі не зручна, тым больш, з улікам нашага клімату ў лістападзе альбо лютым. І таму – адкуль гэта баракальная скрыўленасць? Яна не была прадыктавана наяўнасцю нейкага геалагічнага аб’екта. Вулка наўмысна была зроблена вось так скрыўлена, каб па ёй можна было падняцца.

Ведаеце, да XVI стагоддзя Менск – гэта быў зусім іншы горад, які групаваўся вакол замка. Вы ўяўляеце сабе Менскае замчыша, там, дзе зараз пастаўлена Няміга і Палац “Працоўныя рэзэрвы”? У 1547-м годзе адбываўся вялікі пажар, як гэта вельмі часта здараецца ў драўляных гарадах. Забудова была пераважна драўляная, замак меў драўляна-земляныя канструкцыі, і кароль, вялікі князь Жыгімонт-Аўгуст, прысылае сваіх камісараў. Тагачасны камісар – гэта член камісіі, які павінен разпланаваць і пабудаваць абсалютна новы горад. Вось так і атрымалася. Горад старой канструкцыі меў радыяльную структуру, дзе ў цэнтры быў замак. Было Траецкае прадмесце, таксама даўно заселенае, на гары археолагі знайшлі артэфакты ХІІ стагоддзя. І вось там, на гэтай гары, будуецца абсалютна новы горад, магдэбургскі горад з велізарнай для XVI стагодзя плошчай. Адноўленая ратуша і Гасцінны двор абсалютна рэальна перадаюць параметры той плошчы. Вакол узнікае цэлы комплекс сакральных пабудоў. Ваявода застаўся на адбудаваным замчышчы, там потым у XVIІІ стагоддзі пабудавалі Трыбунальскі палац. Бо Менск, калі вы памятаеце, быў цэнтрам самага вялікага ваяводства, але ён яшчэ быў і Трыбунальскай сталіцай. Трыбунал – гэта быў суд па абскаржванню папярэдне зробленых рашэнняў. Калі вы, скажам, падалі ў суд і былі не задаволены яго выракам, мелі права падаць да апеляцыі. Кожны год Трыбунальскі суд засядаў у Вільні, а потым, праз год, у Менску і Наваградку.

Але вернемся да нашай вулкі Казьмы і Дзям’яна – чаму яна так называлася? На месцы сённяшняй праваслаўнай катэдры знаходзіўся старажытны манастыр Казьмы і Дзям’яна. Зразумела, ён быў спачатку драўляны, потым побач стаў узводзіцца Святадухаўскі комплекс, але не сённяшні, а ўніяцкай царквы. Першым фундатарам кляштара бернардзінак на месцы манастыра Казьмы і Дзям’яна у 1633-м годзе выступіў новапрызначаны менскі ваявода Аляксандр Слушка. У перыяд XVI-XVII стагоддзя шмат хто змяняў сваё веравызнанне, зыходзячы з нейкіх сямейных альбо палітычных меркаванняў. Ён быў кальвініст. З кальвінізма ён перайшоў у каталіцтва і вырашыў падтрымаць таксама ўніяцкі праект.

Адначасова ў XVII ст. будуецца велізарны базіліянскі цэнтр. Мы сёння маем – я ня ведаю, ці многія задумваліся аб гэтым – мы маем муры XVII стагоддзя ў Менску. Мы маем жаночы базыліянскі кляштар, і мы маем мужчынскі базыліянскі кляштар. І вось паміж імі стаяла царква Святога Духа, якая стала новым цэнтрам рэлігійнага жыцця, бо пры ёй адкрылася школа для шляхты і рэлігійнага мяшчанства. Чаму Слушка і іншыя высокія ўрадоўцы ваяводства імкнулся падтрымаць гэты праект? Бо была канкурэнцыя з царквой св. Пятра і Паўла. Апошняя была адзінай на той час праваслаўнай царквой у Менску. Абсалютная большасць насельніцтва была ўніятамі, недзе працэнтаў 15-20 – рыма-каталікі, гэта была такая ваяводская і гарадская эліта. Пасля “Патопу”, вы самі разумеце, дэмаграфічны баланс змяняецца, палова гарадскога насельніцтва робіцца габрэйскім. Царква была пабудавана шыкоўная, хаця праваслаўных было мала. Ёсць дакуманты, што Петрапалаўскае братства, якое ўзнікла, нават здавала царкву ў арэнду пратэстантам для набаженства. Так што была такая канкурэнцыя паміж двумя цэнтрамі.

Што мяне яшчэ здзіўляла – што стаіць гэта царква на два манастыры, на дзве абіцелі. Наколькі гэта ўласціва для манастыроў – адна царква на мужчынскі і жаночы манастыр? Потым ужо мне львоўскія гісторыкі з Украінскага Каталіцкага Універсітэту патлумачылі, што для гарадской сітуацыі на раннім этапе развіцця ўніі гэта было пашыраным – будавалася адна царква на два манастыры. Безумоўна, прастора ў царкве размяжоўвалася, куды маглі хадзіць мніхі, а куды заходзяць манашкі. І вось галерэя, якая цягнецца ад Святадухаўскай царквы на базіліянскі манастыр, яна як раз была галерэяй, праз якую манашкі маглі трапляць на імшу, на бажэнства ў царкву Святога Духа. Так што для ранніх этапаў развіцця ўніі гэта была ўласцівая сітуацыя.

Чаму я гэта ўсё распавядаю? Казьмадзям’янаўскі манастыр распадаецца напачатку XVII стагоддзя. Таму што ўзнікае новы рэлігійны ўніяцкі цэнтр, Святога Духа, пра які я вам падрабязна зараз распавёў. А на месцы драўлянага Казьмадзеямьянаўскага тым жа Слушкам будуецца новы кляштар бернардынак. Ваявода будуе яго на свае грошы. І там канфесійная сітуацыя змяняецца, але гэта вуліца спускаецца, умоўна кажучы, ад сённяшняга Святадухава сабора ўніз да Нямігі. Сканчалася яна на кляштары баніфратаў. Кляштар даволі позні, самага пачатку XVIII стагоддзя, пабудаваны ўжо пасля тых разбурэнняў, якія адбыліся падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай і са Швецыяй. Рэч Паспалітая паступова пачынае знаходзіць у сабе сілы на нейкія новыя праекты, новыя інвестыціі, і напачатку XVIII стагодзя Менск зноў пачынае бурліва забудоўвацца, і мы маем тут езуіцкі комплекс, дзе зараз знаходзіцца каталіцкая катэдра. Унізе ж Казьмадзям’янаўскай будуецца баніфрацкі кляштар.

Ведаеце, у 1970-х гг. Зянон Пазняк яшчэ жыў у Менску і працаваў як археолаг. Была такая “Акадэмічная справа”, пасля якой з Акадэміі навук было выгнана многа даследчыкаў. У нас форма рэпрэсій была мяккая, не такая, як у Кіеве, дзе людзей проста ў турму пакідалі. А ў нас было рашэнне Машэрава, які не хацеў падтрымліваць свавольства беларускага КДБ, і ён усіх “памілаваў”. І ўсе выгнаныя з Акадэміі навук вярнуліся, і Пазняк таксама, але з іншай прафесіяй. Ён пачынаў як мастацтвазнаўца, а яго вярнулі ў Акадэмію як археолага. Уяўляеце сабе? Але ён пачынаў капаць Менск, і я на сённяшні дзень ведаю толькі дзве бліскучыя кніжкі пра старажытны Менск. Гэта Ўладіслаў Сыракомля ў XIX стагоддзі і Зянон Пазняк “Рэха даўняга часу”. Фармальна яна напісана для школьнікаў старэйшых класаў, я так разумею, гэта каб кніжка змагла выйсці ў выдавецтве “Народная асвета”. Я вам рэкамендую з ёй пазнаёміцца. Там ён таксама апісвае, што ён раскопваў гэты пагорак і знайшоў такую цікавую рэч: як раз пад Казьмадзям’янаўскай вуліцай ішоў тунэль, які злучваў кляштары бернардзінак і баніфрацкі. Гэты раён, хачу вам сказаць, быў традыцыйна гандлёвы, такі элітарны менскі гандаль тут быў. Яго назвалі раён “Цёмных крамаў”. Гэта вуліца, адна з тых нешматлікіх менскіх вулак XVIII стагодзя, якая была цалкам забудавана камяніцамі – мураванымі будынкамі, якіх у нас не так было і шмат. Я трошачкі, можа, наблытаю, але падаецца, што ў нас было недзе пад 80 мураваных дамоў. У Вільні 800. Разумеце дыстанцыю?!

Што яшчэ цікава пра гэтую вуліцу: гэта была першая вуліца Францішска Скарыны ў нашай гісторыі, яна была названа ў гонар Францішка Скарыны напачатку 20-х. Потым палітычны вектар змяняецца, і яе пераназвалі ў імя Дзям’яна Беднага – пралетарскага пісьменніка. Абсалютна дзіўны выбар. Таму што ўжо ў 1930-м годзе Дзям’ян Бедны трапіў у апалу і нават пралеткультаўцы – такая экзатычная эстэтычная плыня ў савецкай культуры – скардзіліся на ваяўнічы дылетантызм і кандовасць Дзям’яна Беднага. Але я мяркую (гэта мая версія, я не маю дакумэнтаў, якія могуць падцвердзіць маю выснову), што менскія савецкія ўлады ў 1930-м годзе, калі ўжо Дзям’ян Бедны трапляе ў апалу, выбралі яго імя для гэтай вуліцы, каб замяніць старую назву па сугучнасці. Была Казьмадзям’янаўская, а стала Дзям’яна Беднага. Людзі ў тапаніміцы вельмі кансерватыўныя, ад назваў адмаўляюцца ў апошнюю чаргу, і называюць вуліцы так, як прызвычаіліся. Для мяне па сёння праспектам Машэрава застаецца былая Паркавая магістраль. Усе, хто фіксаваў успаміны тых часоў, 1930-х, адзначалі, што па-ранейшаму гэту вуліцу і называлі Казьмадзям’янаўскай, Францішка Скарыны (як назвалі ў 1920-х гадах) не прыжылося, а афіцыйна яна была Дзям’яна Беднага. Нават калі ў 1938-м годзе Дзям’яна Беднага выключылі з КПБ(б) з фармулёўкай “за моральное разложение”, вуліца ў Менску засталася. Гэта абсалютна ўнікальная з’ява. Нягледзячы на ўсе пертрубацыі, гэта вуліца праіснавала ў зусім някепскім выглядзе да пачатку Другой Сусветнай вайны.

Не так даўно я знайшоў успаміны самога Ўладзімера Гардзіна. Дарэчы, ён памёр у 60-х гадах, то бок, ён пражыў даволі доўга. Ён апісваў свае ўражанні ад тагачаснага Менску. “В 1927-м году Минск еще не был тем чудесным красивейшим городом, каким он стал позднее. Мутная, кривая, грязная речонка Свислочь бежала извилистой полосой. Не радовали глаз и узкие улицы с небольшими убогими домишками. В день нашего приезда была сильная гроза. Буйныя потоки заливали пенистой водой подвалы полутемных лавчонок и захламленных жилищ. С плачем выносили жители на тротуары свой скарб. К вечеру вода куда-то схлынула, но за час её разгула люди заплатили дорогой ценой. Не было автобуса, не было трамвая. Главные жизненные центры города соединялись доисторической конкой. Часто на поворотах или крутых спусках минских улиц этот замечательный экипаж “О дву конь” сходил с рельс, и тогда кондуктор напоминал пассажирам, что согласно постановлению горсовета, висящему в экипаже, они обязаны “при сходе конки с рельс водворять вышеуказаную на оные”. Предписывалось также на крутых подъемах помогать лошадям. Крутых подъемов в Минске было очень много, лошадки в конку впрягались почти такие же древние, как и она сама, и поэтому мы поторопились заручиться машиной и вскоре уехали в деревню”.

Гэта ўспаміны Гардізна “Жизнь и труд артиста” (Масква, 1960). Гардзін меў тады асабістыя праблемы ў стасунках з уладамі савецкай Беларусі, і з гарадскімі ўладамі, з якімі яны не знаходзілі фінансавага паразумення. Бо ўся гэтая “ўніформа” для здымкаў фільма патрабавала велізарнага бюджэта. Савецкая прэса і Кампартыя Беларусі заклікала: “менчукі, мы здымаем гістарычны праект, пра які будуць ведаць усе, нам патрэбна масоўка, шукайце ў сваіх шафах вопратку і аксэсуары ХІХ стагодзя і прыходзе на гэтыя здымкі”. Таму зразумела, адкуль у гэтым фільме так шмат людзей даволі аўтэнтычна апрануты. Я магу і далей вам распавядаць пра гэтую вуліцу, але падсумую. Мне падаецца, што гэта адна з самых фантастычных вулак, якая была ў нашым горадзе па сваёй тапаграфіі. Таму што гэты магдэбургскі цэнтр, які ўзнік, ён быў запланаваны паводле ренесансных законаў. Гэта было асабістае рашэнне камісараў, якія прыехалі, атрымаўшы загад ад Жыгімонта Аўгуста, будаваць “рацыянальны горад”.

Было безліч праектаў гарадоў, якія павінны аблегчыць жыццё. Некаторыя былі геамітрычна правільнымі – ў коле, альбо наразаліся квадрацікамі. А былі такія праекты – горад у выглядзе чалавека. У Польшы таксама па гэтаму італьянскаму прыкладу спрабавалі будаваць такія гарады. Што такое польскі Замасць? Гэта як раз адзін з праектаў канцлера вялікага кароннага Яна Замойскага. Таксама такі вымераны, ідэальны горад. Калі мы глядзім на гісторыю Менску XVI стагоддзя, дык цэнтр таксама будуецца паводле ўяўлення гэтага канону “ідэальнага гораду”. Там усё распланавана. Калі ў вас будзе вольная хвіліна, паспрабуйце асэнсаваць планіроўку горада. І на здзіўленне, пры тым, што шмат чаго знішчана, гэта тапаграфічная частка так званага Верхняга горада захавалася.

Пры тым, што гэта частка горада і сама наша вуліца, Казьмадзям’янаўская, гераіня наша, моцна пацярпелі ў першыя дні вайны. Дарэчы, у інтэрнеце часам сустракаю выказванні розных людзей, неабцяжараных ведамі, якія дыскутуюць пра тое, як знішчаўся Менск, і ўсю віну ўскладаюць на савецкую авіяцыю. Мы ведаем, што 1 траўня 1944-га года быў вельмі масіраваны савецкі налёт на Менск. Бамбіліся транспартные развязкі ў першую чаргу. Але гэта абсалютна памылкова – спісваць усё на савецкую авіацыю. Немцы, калі ўсталявалі свой акупацыйнай рэжым, правялі фотафіксацыю, і мы маем у Бундасархіве даволі шмат здымкаў нашага горада, якія не да канца ўведзены ў медыйны ўжытак. Яны і ў навуковую літаратуру таксама не да канца ўведзены, бо самі немцы фрагментарна гэта публікуюць, а нашыя даследчыкі яшчэ не дабраліся.

І калі глядзець гэтыя здымкі, то відавочна, што як раз паўночна-заходняя частка горада ў першыя дні вайны, у чэрвені 1941-га года, моцна пацярпела. Разбурэнні былі моцныя, асабліва ў раёне чагуначанага вакзала. Потым, ёсць успаміны саміх немцаў. Працавалі нямецкія інжынерныя каманды, бо шмат будынкаў было ў аварыйным стане. Тыя будынкі, якія ўяўлялі сабой рэальную небяспеку, проста падрывалі. То бок, на самай справе гісторыя разбурэння нашага горада падчас вайны – яна шматслойная.

Але вынік зразумелы – горад быў разбураны. І якія варыянты ёсць, як паступаць з такімі разбуранымі гарадамі? Вось Гамбург быў цалкам знішчаны англа-амерыканскай авіяцыяй. Варшаву немцы бамбілі ў першыя дні вайны ў верасні 1939-га года, наўмысна разбамбілі каралеўскі замак, бо там была рэзыдэнцыя прэзідэнта, потым Варшава была фактычна цалкам знішчаная падчас Варшаўскага паўстання 1944-га. Калі там ішлі баі на вуліцах, Чырвоная армія па загаду Сталіна стала перад Віслай, а нямецкія войскі займаліся знішчэннем польскіх ініцыятыў па спробах аднаўлення дзяржаўнасці. Менавіта падчас паўстання Варшава была цалкам знішчана. І польскімі камуністычнымі ўладамі пасля вайны было прынята рашэнне, згодна з якім яны вырашылі сымбалічна адбудаваць Варшаву. У іх была добрая іканаграфія, шмат фотаздымкаў Варшавы, планы многіх пабудоў. Яны зачышчалі кожную цаглінку, складалі ў асобны стосік. На Маршалкоўскай ёсць надпіс: “Cały naród buduje swoją stolicę” (“Увесь народ адбудоўвае сваю сталіцу”), гэта надпіс канца 40-х. Такое было рашэнне, такі быў імпэт. І Варшаву ўключылі ў спіс ЮНЭСКА як ахоўную тэрыторыю, і не таму, што там аўтэнціка, якой насамрэч мала. Але для Менск было прынята іншае рашэнне. Горад, які будаваўся на месцы былога Менска, па-свойму вельмі камфортны для жыцця. Як піша Артур Клінаў, які увёў гэты вобраз – “Горад сонца”.

Але на нашай няшчаснай Казьмадзям’янаўскай, па якой везлі Каліноўскага, яшчэ пару будыначкаў захоўвалася. Званіца езуіцкага комплекса, там, дзе французская амбасада цяпер. Канструкцыі езуіцкага Калегіюма часткова захаваліся. Злева была Школа езуіцкая, потым там зрабілі Дом губернатора, яе перабудавалі і сёння вельмі лапідарны будынак музычнай школы, але ў канструкцыя сваёй яна захоўвае два паверхі езуіцкага комплекса. Ад Калегіюма ў выніку толькі на ўзроўні ніжняй часткі нешта засталося, а вось вежу гадзінікавую ў Менску не ўратавалі. Звычайна галоўны гадзіннік быў на ратушы, а ў нас як раз быў гадзіннік на гэтай езуіцкай вежы. Але гэта ўсё было знішчана. У раёне Плошчы 8-го сакавіка яшчэ захоўвалася пару будынкаў ад Казьмадзям’янаўскай, да самага 1989-га года. Іх знішчылі, калі пачалі будаваць станцыю метро Няміга.

І вось, якая мараль таго, што я вам распавядаў. Для мяне кадры з гэтага фільма нязвыклыя, фенаменальныя. Ён дае вельмі моцны эмацыянальны штуршок – паглядзіце, як усё сыходзіцца ў адно. Наш горад, лёс яго архітэктурнай і гістарычнай спадчыны, нацыяльны наратыў, канон, Кастусь Каліноўскі, якога мы зараз ведаем пад такім іменем. Мала хто памятаў і ведаў у ХІХ стагоддзі такую персону, як Каліноўскі. Яго адкрылі занава, праз яго лісты.

Чым тут вылучаліся беларусы? Гэта проста фенаменальна. Мы заўжды скардзімся на свой нешчаслівы лёс. Хаця сходу назаву дзве персаналіі, якія беларуская традіцыя, беларуская гісторыяграфія прыватызавала, “прыўлашчыла”, зрабіла сваімі. Гэта Кастусь Каліноўскі, які быў кіраўніком паўстання ў Літоўскай правінцыі, прычым чырвонай, то бок радыкальнай, фракцыі. Ён быў, безумоўна, яскравай фігурай. Падобна, што вельмі жорсткім у сваіх учынках. Беларусы сумелі зрабіць з яго сымбал. Ні палякі, ні літоўцы з Каліноўскага такі сымбал не зрабілі.

Другі такі ж “прыватызаваны” сымбаль – гэта Гусоўскі і “Песня пра Зубра”. Мы ўсе ведаем, што Гусоўскі беларус з беларусаў. На адной з сесій у Варшаўскім універсітэце вядомы лацініст прафесар Ежы Аксер (гэта сучасная такая моцная фігура ў класічнай філалогіі ў Польшы) здзіўляўся: як беларусы змаглі зрабіць лацінскую паэму “Песня пра зубра” сваім помнікам? Ен у пэўным сэнсе радаваўся за нас, але ж факт застаецца фактам. Я абяцаў назваць толькі двух асоб, таму спыняюся, хаця мог бы і працягнуць. Што я хачу вам сказаць? Не варта заўжды толькі скардіцца на жыццё. У нас ёсць некалькі фенаменальных прыкладаў вельмі ўдалых культурных хадоў.

І апошняе, што я хацеў бы зазначыць, чым мне гісторыя з гэтым фільмам павучальная. Вось паглядзіце, як тут усё сышлося: у фільме вельмі выразна створаны вобраз Каліноўскага, а гэта савецкі канон. І мы сёння жывем тым вобразам Каліноўскага, які быў сфармаваны ў 1920-х гадах беларускімі камуністамі. Я думаю, што нам у рэшце рэшт трэба паразумецца з уласнай гісторыяй. Бачыць гэтыя слаі, гэтыя розныя камяні ў нашым падмурку. Мы выбудоўваем ідэальны вобраз Вялікага Княства Літоўскага, хаця (так, па-сакрэту паміж намі) гэта была не такая ўжо ідэальная супольнасць. У тым сэнсе, што яна мела свае праблемы. Хто іх не мае? Мы маем савецкую гісторыю, якая сфармулявала ў вялікай ступені наш сучасны наратыў і канон. Мы маем гэтыя камяні, і калі мы з падмурка нашай гістарычнай свядомасці вынем адзін з ніх – ВКЛ, альбо савецкі – увесь наш будынак можа абрынуцца. Так што, я кажу гэта вельмі сур’езна: нам трэба паразумецца з уласнай гісторыяй.

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: