Уладзімір Фурс: Беларусь “тут і цяпер”

30 верасня 2016

Таццяна Урублеўская-Токер

Уладзімір Фурс – адна з самых адметных фігур сучаснай беларускай інтэлектуальнай прасторы. Сфера яго навуковых інтарэсаў – сацыяльная філасофія. Яму належаць грунтоўныя даследаванні ў галіне еўрапейскай і амерыканскай сацыяльна-філасофскай думкі. Ён вядомы як адзін з самых дасведчаных і аўтарытэтных даследчыкаў філасофіі Ю. Хабермаса, як аўтар работ, прысвечаных актуальным пытанням футуралогіі і глабалістыкі. Менавіта яго работы ўводзяць ў беларускую даследніцкую традыцыю імены К. Кастарыядзіса, А. Хонета, Н. Фрэйзер, К. Кэлхуна і іншых.     

Яго постаць можна назваць ключавой таксама для аналітыкі сучаснай беларускай сітуацыі, якую ён разглядае не толькі “з сярэдзіны”, як яе ўдзельнік, але і вывучае з дапамогай ідэй і канцэпцый сацыяльнай філасофіі. Значным унёскам у развіццё ведаў пра Беларусь стала яго даследаванне з’явы глабалізацыі і яе спецыфічнага ўвасаблення ў беларускіх рэаліях. Разгледзім пункты, з якіх складаецца яго  бачанне беларускага “праекта сучаснасці”.     

Беларусь як “замкнёны жыццёвы ўніверсум”. Асаблівую палітычную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, а менавіта, чаму тут, у адрозненне ад іншых пост-савецкіх краін, не была успрынята ні ў якім выглядзе еўрапейская мадэль дзяржаўнага развіцця, Уладзімір Фурс тлумачыць вельмі грунтоўна і пачынае нібы “з далёка”. Перад усім, ён, сярод нямногіх беларускіх даследчыкаў, звяртаецца да паняцця глабалізацыі. На яго думку, сутнасць глабалізацыі не ў разлажэнні лакальных палітычных і культурных суб’ектаў з іх далейшым аб’яднаннем ў вялікае сусветнае цэлае, а ў фарміраванні новых лакальнасцей і іх рэагранізацыі ў глабальным кантэксце. Размова ідзе пра асаблівыя праламленні глабальных патокаў у розных мясцовых абставінах – менавіта так: усё, што паўстае пад уплывам “сціскання свету”, гэта толькі спроба прызвычаіцца да новай сітуацыі, ніяк не звязаная з перабудовай свядомасці і паўставаннем “новага суб’екта”, спроба, якая ў выніку аказваецца, як трапна заўважае Уладзімір Фурс, не пабудовай новага сусвету, а ўзнікненнем “новага сусветнага беспарадку”.

Апроч усяго іншага, глабалізацыя вядзе і да значных змен палітычнага, калі ў якасці адзінкавага “палітычнага цела” аказваецца, як яго называе Фурс, “рэарганізаваны сацыяльны ландшафт”. На тэрміне “ландшафт” варта спыніцца асобна. Менавіта гэтае слова, на думку Уладзіміра Фурса, найбольш пасуе да апісання праблем глабалізацыі ў лакальным кантэксце: з аднаго боку, яно ілюструе пераход знешніх працэсаў ва ўнутраны стан рэчаў, падобна да змены ландшафту, а з іншага – акцэнтуе “перавагу прасторы над часам”, паколькі выбар пэўнага шляху развіцця заўсёды адбываецца не “цяпер”, а “тут”, у дадзеным месцы з яго гісторыяй і наяўным становішчам.

Рэарганізацыя сацыяльнага ландшафта Беларусі спачатку не мела адметных рысаў і праходзіла неабходную стадыю “рэгрэсіі”, калі адбываецца міфалагізацыя мінулага, а вартасць розных складнікаў культуры вымяраецца традыцыйнымі крытэрыямі (абарона сваёй зямлі, забеспячэнне моцы, перавага калектыўнага над індывідуальным і г.д.). Тым не менш гэта дазваляе пераадолець першасны шок ад змен, якія адбываюцца навокал з тым, каб зноў “знайсці сябе” у глабалізаваным беспарадку.

Як піша Уладзімір Фурс, сама па сабе стадыя рэгрэсіі не нясе ніякай пагрозы грамадству, застацца ў рэгрэсіі – вось сапраўдная пагібель. Беларусь як “замкнёны жыццёвы ўніверсум” паўстае таму, што “знаходзіць сябе” у рэгрэсіўнай рэальнасці. Прага стабільнасці абарочваецца тым, што Беларусь замыкаецца на самой сабе, і ў масавай свядомасці гэта адлюстроўваецца праз пяць асноўных складнікаў. Першы – гэта перанос адказнасці на афіцыйныя інстытуты або на харызматычнага лідэра, якія нібыта прымаюць рашэнні, адпаведныя імкненням грамадства. Другі – перайманне “добрых сацыяльных роляў”, ухваленых уладай (шчыры патрыёт, жанчына-маці, сумленны падаткаплацельшчык, і зусім абуральная роля абаронцы для нованароджанага карапуза, які “будзе героем, як яго прадзед”, то бок пойдзе ваяваць і не абавязкова, што вернецца). Трэці – “прыземленасць” жыццёвых прэтэнзій, якія абмяжоўваюць вобраз шчасця сваёй сям’ёй і родным краем (сапраўды, каштоўнасць таго, што “я нарадзіўся тут” аспрэчыць вельмі цяжка). Чацвёрты – светапоглядны падзел на “сваё” паўсядзённае, блізкае, зразумелае і “чужое”, сусветнае, адмоўнае, небяспечнае (як часта мы ловім сябе ці іншых на думцы, як добра жывецца тут, дзе няма вайны, эпідэмій і натоўпу мігрантаў). Пяты, і, здаецца, самы галоўны, – дзяржава і яе ўлада ўспрымаецца як гарант такога добрага парадку, як аплот стабільнасці ў такім крохкім свеце, і яе ні за што нельга мяняць, па меншай меры, цяпер.

Але парадокс і трагедыя ў тым, што гэта не адказ на “зло глабалізацыі”, а адзін з яго эфектаў, і ён не гарантуе выратавання, а ўпісвае такім чынам Беларусь у адзіны шматмерны працэс глабалізацыі, вынікі якога непрадказальныя.

Беларускі нацыяналізм. Свой варыянт беларускага нацыяналізму Уладзімір Фурс назвывае “інклюзіўным грамадзянскім нацыяналізмам”. На яго думку, разнастайнасць моўных, рэлігійных, палітычных і іншых культурных арыентацый у сучасным беларускім грамадстве можа аб’яднацца такой каштоўнасцю, як ідэя незалежнай Беларусі. Разам з тым, такі від нацыяналізма прадугледжвае рознай ступені ўключанасць людзей ў палітычнае жыццё, скіраванае на ідэал грамадскай аўтаноміі.

Глабалізацыйныя працэсы надаюць нацыяналізму ролю “ландшафтнай палітыкі ідэнтычнасці”, галоўная функцыя якой – абуджаць ў людзях іх “уяўленне пра нацыю”, прымушаць да пераасэнсавання гістарычнага мінулага і стварэння вобразу будучага сацыяльнага ландшафту. Уладзімір Фурс заўважае, што змест адпаведных нацыяналістычных ідэй складаецца не з этнакультурнай спадчыны, а ўзнімае пытанне аб сэнсе самастойнасці і незалежнасці беларускай дзяржавы, і адпаведным тыпам нацыяналізму з’яўляецца нацыяналізм грамадзянскі, носьбіты якога вызначаюць сябе не як “беларусы”, а як “грамадзяне Беларусі”. Аддаючы перавагу “грамадзянскаму” нацыяналізму, ён адзначае, “ключавую паталогію беларускага сацыяльнага ландшафту”, а менавіта “сціранне палітычнага” у сацыяльным жыцці: дзяржаўныя інстытуты выключаюць грамадзян з палітычнага жыцця і прапануюць ім уласную версію палітычнага працэсу, “абразлівы патэрналізм”, які перашкаджае самавызначэнню нацыі. Менавіта гэта аказваецца прычынай таму, што грамадзянскі нацыяналізм беларусаў не можа асноўвацца на універсальнай, агульназначнай канцэпцыі ліберальнай дэмакратыі. Ён можа абапірацца толькі на стыхіную правасвядомасць, якая ўзнікае ў рэчышчы палітычнага жыцця ў выглядзе пратэстаў і свядомых грамадзянскіх пазіцый людзей. Наколькі трывалая гэта аснова – застаецца адкрытым пытаннем. 

Трансфармацыя публічнасці. Яшчэ адным важным складнікам беларускага “праекта сучаснасці” у сацыяльна-філасофскіх даследаваннях Уладзіміра Фурса з’яўляецца пытанне пра асаблівасці публічнай сферы ў постсавецкім беларускім грамадзстве. Паняцце публічнасці характэрызуе прастору, адкрытую супольнай ўвазе. Прастору, у якой адбываюцца разнастайныя падзеі і працэсы – палітычныя, прававыя, эканамічныя, сацыяльныя, творчыя. Яны маюць вельмі розныя формы: дыскусіі, грамадзкія ацэнкі, выступленні, абмеркаванні і г.д. Згодна з азначэннем Ю. Хабермаса, публічнасць прадстаўляе сабой сферу калектыўнасці, пэўную надіндывідуальную супольнасць, прастору для асацыяцый і аб’яднанняў, у якой па розных прыкметах групуюцца члены грамадства. Неабходнымі эфектамі гэтага працэсу становяцца калектывізацыя поглядаў, эмоцыяў, узнікненне і дзейнасць партый, а таксама палітычных і грамадскіх арганізацый, творчых і іншых саюзаў. Асобная тэма – гэта заемасувязь публічнай і прыватнай сфер. У сучасных грамадствах высокая ступень іх размежаванасці з’яўляецца адзнакай заняпаду. Людзі, якія ўсведамляюць сваю грамадскую ролю, свае палітычныя правы і маральную годнасць, тым не менш, не маюць магчымасці заявіць аб іх праз сацыяльна значныя ўчынкі і змяніць нешта ў грамадскім жыцці. Публічная сфера – гэта не толькі асаблівасць грамадскага жыцця. Яе стан характэрызуе ступень самастойнасці і свабоды грамадства, а, значыць, яго ўстойлівасць як цэлага ва ўмовах змен і крызісаў.   

Грамадскую думку, асноўны “уладны механізм” сферы публічнага ў філасофіі Хабермаса, Уладзімір Фурс прапануе замяніць, з папараўкай на час і піар-тэхналогіі, паняццем “сацыяльнага ўяўнага”. Ён прыводзіць пяць яго асноўных характарыстык. Па-першае, сацыяльнае ўяўнае – гэта ўцягнутае практычнае разуменне людзьмі саміх сябе і будовы не толькі іх бліжэйшага сацыяльнага асяроддзя, але і сацыяльнага свету ў цэлым. Па-другое, сацыяльнае ўяўнае, якое існуе, перад усім, як няяўная сімвалічная матрыца, увасабляецца ў спецыфічным значэнні, якое надаецца інстытутам у дадзеным грамадстве. Па-трэцяе, сацыяльнае ўяўнае з’яўляецца “нябачным цэментам”, які змацоўвае чалавечую супольнасць; гэта разуменне як наяўнай, так і належнай пабудовы сацыяльных практык, якое падзяляюць усе члены грамадства. Па-чацвёртае, сацыяльнае ўяўнае змяшчае ў сабе вобраз маральнага парадку грамадства, яно ня столькі нарматыўна загадвае пэўныя формы і напрамкі дзеяння, колькі акрэслівае уяўны гарызонт магчымага дзеяння. Па-пятае, сацыяльнае ўяўнае застаецца нестабільным і недавызначаным, што пакідае месца для інтэрпрэтацыі і пераінтэрпрэтацыі з мэтай стабілізавацць і канкрэтызаваць яго.

Сацыяльнае ўяўнае ў пэўным грамадстве Уладзімір Фурс прапануе даследаваць з выкарыстанем трохузроўневай сістэмы сацыяльных практык.

Непасрэдна само сацыяльнае ўзаемадзеянне, напрыклад публічнае абмеркаванне якога-небудзь значнага пытання (скажам, будаўніцтва атамнай станцыі), знаходзіцца на сярэднім узроўні, для яго звычайна характэрна суб’ектыўная ўсвядомленасць гэтага працэсу, адкрытасць для старонніх, арганізацыя з дапамогай правілаў сумленнай гульні і наяўныя зразумелыя працэдуры гэтага ўзаемадзеяння. Ніжэйшы ўзровень – цэнтр паўсядзённых практык, заснаваных на няўных культурных ведах, стэрэатыпах, на “само па сабе зразумелым”. Вышэйшы ўзровень належыць спекулятыўным практыкам, звязаным з манапольным становішчам афіцыйнай улады, экспернай, навуковай, вытворчай і бізнес-суполак.

Як адзначае Уладзімір Фурс, канкрэтная канфігурацыя ва ўзаемадзеянні гэтых узроўняў спецыфічная для кожнага грамадства. У выпадку Беларусі адзначаецца перавага вышэйшага ўзроўню, які часта вызначае ход і парадак сацыяльнага ўзаемадзеяння. Тут выкарыстоўваюцца тры віды сімвалічных стратэгій. Першая змяшчае ў сабе такі шэраг каштоўнасцей: “просты чалавек” як носьбіт сапраўднага разумення жыцця і сапраўднай маралі, бяспеку як галоўную праблему грамадскага і прыватнага жыцця, звядзенне публічнай прасторы да спраў дзяржавы, супрацьпастаўленне мірнага жыцця ўнурты краіны і  хаоса за яе межамі. Другая стратэгія стварае сімвалічны ўнверсум, у якім у сурагатным спляценні суіснуюць міфалагічныя вобразы “вялікага савецкага мінулага” і “безумоўнага нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту”. Трэцяя стратэгія – самаапраўданне аўтарытарнай дзяржавы не як адзіна магчымага ладу, а як народнага выбару. Тут Уладзімір Фурс апелюе да П. Бурдьё, згодна якому людзі, займаючы падобныя сацыяльныя пазіцыі ў грамадстве толькі патэнцыйна з’яўляюцца сацыяльнымі суб’ектамі, класамі або нацыямі. Адмысловая рэалізацыя гэтых магчымасцяў залежыць ад палітычных лідэраў, якія выражаюць інтарэсы пэўнай супольнасці і ўвасабляюць гэтую групу. Лідэр-прадстаўнік такім чынам дзейнічае “ад імя” групы і мае магчымасць легітымізаваць што заўгодна, у той час, калі група бачыць сябе ў ім і ахвотна аддае цяжар прыняцця рашэнняў і адказнасці.

Паслядоўным вынікам такіх працэсаў аказваецца імітацыя сацыяльнага ўзаемадзеяння і выпустошванне публічнасці.

Персоны: