Жывое мысленне

Для нас Універсітэт — гэта перш за ўсё прастора для мыслення.

Існаванне мыслення ва Універсітэце магчыма праз забеспячэнне працэсаў, якія «гартуюць» думку. Ад публічных форм пастаноўкі праблем нацыянальнага маштабу і фармавання дыскурсу (у дыскусіях і лекцыях), вытворчасці ведаў, распрацовак і даследаванняў, накіраваных агульным разуменнем (на семінарах і ў даследчых праектах), да крытыкі, развіцця метадаў і іх апрабавання (у семінарах, школах, майстэрнях і дыскусійных клубах) і далейшай трансляцыі новым пакаленням, а таксама публічнай прэзентацыі інтэлектуальных прадуктаў (адукацыйных курсаў і публічных мерапрыемстваў).

Асобнае месца ў Лятучым універсітэце займае арганізацыя супольнага мыслення «тут і цяпер». Мы арыентуемся на некалькі правілаў у арганізацыі сітуацый, дзе можа паўстаць мысленне. Яно ўзнікае ў кропцы сустрэчы ідэальных канструкцый (канцэптаў, ідэй, вобразаў), праблем у практыцы (сацыяльна-гістарычнай і культурнай) і чалавечага ангажавання і адчування выкліку (бо праблемы не могуць быць абстрактнымі і «нічыйнымі»), і таму:

  • Мы пераадольваем межы акадэмічнага ці прафісійнага дыскурсу і ўцягваем у працу з праблемамі ўсіх, хто можа ўнесці нешта сутнаснае. Мы імкнемся працаваць па-за дысцыплінамі;
  • Мы шануем «жывое мысленне», таму ў семінарах, канферэнцыях і дыскусіях скарачаем выступы да тэзісаў, а для дыскусіі, размовы і разгортвання думкі «тут і цяпер» аддаем шмат часу;
  • Мы імкнемся захоўваць этас мыслення, але не акадэмічны этыкет і фармальныя правілы. Мы шануем вызначаннасць у пазіцыі і верым у аганальнасць як падмурак для развіцця думкі.

У працяг і развіццё традыцыі метадалагічнай школы ў Лятучым універсітэце практыкуюцца арганізацыйна-дзейнасныя гульні. Гульня тут выступае не як супрацьпастаўленне рэальнасці, а як форма пошуку, які дазваляе выйсці на мяжу таго, што ўжо было памыслена, і зрабіць крок у непамыснае. Гэта адмысловая форма працы над праблемамі вялікіх сістэм дзейнасці і грамадска-культурных пераўтварэнняў. Гульня выкарыстоўваецца ў сітуацыях, якія не маюць гатовых, выпрацаваных раней рашэнняў, якія ляжаць па-за межамі кампетэнцый тых ці іншых дысцыплін ці прафесій. Дзеячы, звязаныя з праблемнай сітуацыяў, прадстаўнікі ўсіх дзейнасных пазіцый збіраюцца разам на 5-7 дзён; праз спецыяльныя метады ствараецца інтэнсіўны працэс пошуку сутнасных праблем і іх супольнага пераадолення. Само стварэнне Лятучага ўніверсітэта абдывалася праз серыю гульняў — за імі мы бачым будучыню.