Ці можна навучыцца адчуваць колер?

30 сакавіка 2017

24 сакавіка, у дзень закрыцця выставы Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” у Мінску, у галерэі Беларускага саюза дызайнераў адбыўся круглы стол “Культура колера. Колер у культуры”. Інфармацыйная служба “ЕўраБеларусі” наведала мерапрыемства і падзялілася ўражаннямі.

Колер – адзін са складнікаў культуры, якая вызначае тое, як мы жывем штодня, рэагуем на падзеі, прымаем рашэнні. Словам, колер – гэта нешта нашмат большае, чым мы прывыклі думаць. Пра гэты феномен разважалі падчас круглага стала “Культура колера. Колер у культуры” вядомыя беларускія мастакі, дызайнеры, каларысты і мысляры.

Дызайнер, паэт, культурны дзеяч Міхал Анемпадыстаў, аўтар  выставы “Колер Беларусі”, перакананы, што ў тэме колеру вызначаецца аспект самаідэнтыфікацы, гэта магутны фактар уласнай ідэнтычнасці.

“Колер не існуе сам па сабе ніколі. Вывучаючы фізічнае вымярэнне колеру, мы дакранаемся да яго носьбітаў і лепш разумеем культуру і яе развіццё, пачынаем яе адчуваць”, – кажа ён.

Міхал Анемпадыстаў прыйшоў да высновы, што культура колеру, стаўленне да колеру як да нечага важнага ў паўсядзённым жыцці заўсёды адыгрывала важную ролю ва ўсёй еўрапейскай традыцыі. У беларускай культуры да колераў і іх спалучэнняў таксама ставіліся вельмі сур’ёзна. Але цяпер гэтая традыцыя ўжо страчана. Без вяртання культуры колеру і каларыстыкі, на думку дызайнера, нам не абыйсціся.

Як гэта зрабіць? Вядомая колеразнаўца, прафесар Ляніна Мікалаеўна Міронава, лічыць, што пачынаць трэба з выхавання, заняткаў з самага маленькага ўзросту ў дзіцячых студыях па гармоніі колеру, форме і прасторы, псіхалагічным уздзеянні колераў.

“Рэклама ў крамах настолькі асляпляльная, што трэба надзяваць сонечныя акуляры. Нават у аддзелах тавараў для дзяцей – проста жах. Лічыцца, што чым ярчэй, тым лепш, але гэта не так  – і для дзяцей трэба працаваць культурна”, – зазначае прафесар.

Патрэбны сур’ёзныя даследванні ў галіне каларыстыкі з улікам стратыфікацыі грамадства. Тут паўстае наступны шэраг праблем. У Беларусі не існуе ўстаноў, якія маглі б займацца падобнымі даследваннямі і, пагатоў, бюджэту на іх правядзенне. Да таго ж уся візуальная культура не перадаецца праз друкаваныя тэксты, а толькі праз асабістае перайманне, а яго няма, не хапае аўтарытэтаў, дамінант.

“Было б добра, каб гэтым займалася дзяржава, калі б людзі атрымлівалі грошы за гэтую працу. Але дзяржава займацца гэтым не будзе, хутчэй, яна створыць кантралюючы орган”, – заключае Міхал Анемпадыстаў.

Мастак Тодар Кашкурэвіч перакананы, што да колеру ва ўспрыняцці чалавека трэба падыходзіць вельмі рацыянальна. У розных сферах колеры ўжо не тое што разглядаюць, але нават выкарыстоўваюць прафесійна – у рэкламе, палітыцы. Уздзеянне колераў у розных краінах і сацыяльных групах ужо працуе.

“Мяне цікавіць, як “паспекуляваць” колерам у нацыяльнай ідэнтычнасці Беларусі”, – дзеліцца планамі мастак.

Дызайнер Эліна Шындлер прапануе навучыць людзей адсочваць сваю рэакцыю на колеры. Яна зазначае, што замоўцы, з якімі працуе, часцей за ўсё выбіраюць матэрыялы, што маюць натуральную паверхню, у тым ліку і колер. З калегай пагаджаецца Міхал Анемпадыстаў: колер не існуе сам па сабе, без матэрыялу. А ў беларускай культуры натуральныя матэрыялы ніколі не фарбаваліся.

“10 гадоў я замешваў акрылавыя фарбы і ведаю, што людзі абіраюць. Яны не разбіраюцца ў тым, што робяць, а карыстаюцца прыкладамі з часопісаў, тэлевізара, ад суседзяў. Яны ніколі не ўпэўненыя ў сваім выбары. Яны глабальна не ўпэўненыя ні ў мэблі, ні ў дызайне, ні ў стылі – ні ў чым. Таму і колеры выбіраюць таксама “няўпэўненыя” – уся гэтая каларыстычная гама “беж”. Самы смелы – персік і абрыкос, гэта ўжо проста авангард”, – распавядае Міхал Анемпадыстаў.

“Калі пачынаецца праца, спачатку чалавек у абсалютнай прастрацыі, не разумее, чаго ён хоча, – працягвае Эліна Шындлер. – Але ў працэсе людзі хутка вучацца і пачынаюць арыентавацца, як толькі звяртаюцца да сябе, адкінуўшы ўсе тэндэнцыі і моду, яны пачынаюць адчуваць колер”.

Напрыканцы сустрэчы закранулі і ўзаемаадносіны з традыцыяй і мінулым. Міхал Анемпадыстаў гаворыць, што мы ў цяперашні момант ствараем наша мінулае – напрыклад, пры рэстаўрацыі.

“Калі мы Верхні горад у Мінску, які паўстаў у часы барока, рэстаўруем у стылі рускага губернскага горада ХІХ стагоддзя з дапамогай абсалютна не характэрных для гэтай часткі Імперыі зялёных дахаў, то гэта – змена свайго мінулага”.

Круглы стол стаў завершэннем выставы “Колер Беларусі” у Мінску, якая была арганізавана Лятучым ўніверсітэтам у межах міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Але наперадзе яшчэ прэзентацыя аднайменнай кнігі – сачыце за навінамі!

__________________________________________________________

Даведка “Лятучага”:

Міжнародны праэкт «CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement» рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь» (Лiтва).

Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:

Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);

Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);

Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);

Грамадскага аб’яднання «Цэнтр сацыяльных інавацый» (Мінск, Беларусь).

Беларуская частка праекта — «CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць» — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.