Колер як фенамен культуры

28 лютага 2017

З 28 лютага па 24 сакавіка ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў будзе праходзіць выстава беларускага дызайнера, паэта, культурнага дзеяча Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Напярэдадні адкрыцця выставы Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” паразмаўляла з аўтарам пра феномен колеру ў культуры і пра тое, што адбываецца з беларускай культурнай традыцыяй.

– Спадар Міхал, што чакае гледачоў на вашай выставе?

– На ёй будзе візуальны матэрыял, які я збіраў досыць даўно.

Колер – з’ява шматгранная, можна казаць пра візуальнае ўспрыняцце, а ёсць і невярбальнае. У візуальнай мове колеры дзейнічаюць як інфармацыйная сістэма. Для гэтага і робіцца выстава, і кніга менавіта ў выглядзе альбому, а не даследвання, каб паказаць колер у выглядзе візуальнай нагрузкі. На выставе будзе колер сам па сабе. На падабраных ілюстрацыях колер прадстаўлены ў штодзённых рэчах, якія нават не з’яўляюцца мастацкай каштоўнасцю. Гэта зроблена такім чынам, каб не накладаўся “аўтарытэт” помніка. Хацелася б, каб людзі паглядзелі на колер сам па сабе.

– А як жа прывязка колеру да культурнай традыцыі?

– Дзеля гэтага ёсць мова, тэкст, які трэба напісаць і камусьці прачытаць. Хацелася б, каб людзі адчулі кайф ад вычытвання невярбальнай інфармацыі, якая дзейнічае больш хутка і шматзначна на розных узроўнях, чым вярбальная. У кожнай фразы ёсць сэнс, які залежыць і ад невярбальных сродкаў, той жа інтанацыі. У невярбальных сродках сэнсаў значна больш, і кожны чалавек вычытвае свой мікратэкст у адпаведнасці са сваім досведам. Для гэтага людзі і ходзяць на мастацкія выставы. Не ўсё можна выказаць словамі, штосьці выказваецца карцінкай, музыкай.

– Чаму вы спрабавалі даследаваць колер менавіта ў бэкграўндзе традыцыйнай культуры, назапашаным за папярэднія стагоддзі?

– У традыцыйным грамадстве ўсё мянялася вельмі павольна. Цяпер гэта адбываецца вельмі хутка, існуе шмат традыцый, стылі фармуюцца і прапануюцца нам ужо гатовымі пры дапамозе рэкламы. Але стыль, які нам прапануе традыцыя, заўсёды лагічны. Я спрабаваў гэта даследваць: чаму быў адзін перыяд, і ў ім панавалі пэўныя стылі.

Паколькі традыцыйная культура скончылася разам з традыцыйным грамадствам пасля Першай сусветнай вайны, казаць пра новыя стылі не выпадае. З’явіўся ўплыў на стыль масавай культуры, стыляў больш моцных суседзяў, моды. А традыцыя сама па сабе не існуе, яе трэба захоўваць і прыкладаць для гэтага намаганні.

Кажуць, традыцыя забівае творчасць. Сапраўды так, бо ў традыцыі чалавек робіць тое, што рабілі да яго, ён не можа выйсці з гэтага кола. Адсутнасць традыцыйнага грамадства і мыслення абуджае творчасць. Але разам з тым гэта прадукуе масу кітча. Вельмі часта гэта выглядае як стылістычная дэградацыя.

Калі традыцыі няма і яна не трымае нас у рамках канона, мы становімся больш уразлівымі на вонкавыя ўплывы, нас і нашу ідэнтычнасць значна прасцей змяніць. Разумееце, для таго ж беларускага традыцыйнага арнаменту характэрная тэхналогія “ікс-ромб” – бо ткацкі станок не мог рабіць іншыя ўзоры. Гэта змяніла з’яўленне тэхналогіі вышыўкі, якой не было ў беларускай традыцыі. Калі людзі пачалі вышываць, колькасць арнаментаў павялічылася, змяніўся іх графічны змест, бо вышыць можна што заўгодна. Гэта прыклад творчасці, якая парушыла канон. І гэта кожнага разу патрабуе індывідуальнага падыходу. Увесь свет з гэтым сутыкнуўся, і з ХІХ стагоддзя людзі пачалі задумвацца, як захаваць традыцыю, каб яна не была мёртвай.

Беларуская этнаграфічная традыцыя паходзіць з Вільні, дзе былі вельмі моцныя этнографы. З віленскай школы выйшла не толькі беларуская, але і польская этнаграфічная традыцыя. Але на Беларусі яна развівалася натуральным чынам да 1920-х гадоў, да закрыцця Інбелкульта. Потым былі рэпрэсіі 1930-х, пасля вайна. Толькі напрыканцы 1950-х узнікла новая “савецкая” этнаграфія. З аднаго боку, яна вітала даследванне фальклору, але вытокі яе – ужо расійскія. Савецкая школа – ідэалагізаваная. Паводле яе, усё, што робіцца сялянствам, – народнае мастацтва. Гэта спрэчная думка, бо яно, можа быць, і народнае, але ці яно традыцыйнае? Стрыманасць народнага мастацтва пасля вайны стала расквечвацца фарбамі. Усё гэта мае права на існаванне, але больш правільна яго называць наіўным мастацтвам. Традыцыйным я б называў тое, што не выклікае сумневу.

Выстава праводзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Лятучы ўніверсітэт запрашае на адкрыццё выставы, якое адбудзецца 28 лютага ў 19.00 ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў (Мінск, вул. Брылеўская, 14, уваход са двара).

Уваход вольны!