“Колер Беларусі” атрымаў прэмію “Залатая літара”

20 сакавіка 2018

Фота з прэзентацыі кнігі “Колер Беларусі”, 30 траўня 2017 г.

19 сакавіка ў кнігарні “Логвінаў” пісьменнік Адам Глобус уручыў сваю штогадовую “суб’ектыўную” прэмію “Залатая літара” за лепшую кнігу 2017-га года. У спісе намінантаў на прэмію былі таксама кніга Міхаіл Баразны «Выяўленчае мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя», “Мінск. Спадчына сталіцы Беларусі” Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько, “Абдымкі” Алеся Ліпая і “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Людмілы Рублеўскай, але ў выніку прэмія была прысуджана дызайнерскаму альбому “Колер Беларусі” Міхала Анемпадыстава.

Кніга “Колер Беларусі” стала апошняй вялікай працай беларускага мастака, дызайнера, паэта Міхала Анемпадыстава, які заўчасна сышой ад нас 24 студзеня гэтага года. Яна спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку: у кнізе апісаныя сем колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны, і кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колера ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Міхал Анемпадыстаў і Таццяна Вадалажская

Адам Глобус перадаў прэмію каардынатару “Лятучага ўніверсітэта” Таццяне Вадалажскай, грашовы складнік прэміі пойдзе на перавыданне “Колеру Беларусі”. Справа ў тым, што ў 2017 годзе кніга была выдадзена абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. Зараз, дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі, распачатай Лятучым ўніверсітэтам у партнэрстве з кнігарняй “Логвінаў”, усе ахвотныя маюць магчымасць далучыцца да працэсу перавыдання і атрымаць асобнік гэтай кнігі, якая ўжо стала каштоўным артэфактам сучаснай беларускай культуры.

Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна на платформе Ulej.by

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар