Пра калонію

25 верасня 2017

Андрэй Казакевіч

Крыніца: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 189-195.

 

Зараз наша дзяржава існуе. Сума дзеянняў нацыянальных палітычных актараў, хаатычнае ўздзеянне заходніх дэмакратычных рэжымаў і традыцыйны ўплыў былое метраполіі сталі чыннікам узнікнення нашае аўтэнтычнае ўстойлівае канфігурацыі адносінаў улады

Паўлюк Быкоўскі, «Праект Рэспубліка Беларусь»

Задача практыкаў вызвалення – знайсці мову пра Сябе, кантэкстуальную, неўніверсальную мову, якая паўстае з сітуацыі вызвалення ў канкрэтны час і ад канкрэтнага Знешняга.

Э. Дзюсэль

Досвед каланіяльнага безумоўна спецыфічны для кожнага народа і кожнае імперыі. Наколькі Беларусь як палітычная і культурная сістэма можа быць апісаная ў тэрмінах каланіяльнае залежнасці і ў якой ступені такое апісанне мае кагнітыўную і метадалагічную вартасці? Тут трэба дыстанцыявацца ад непасрэдных каштоўнасных ацэнак. Не апелюючы да ідэалагем, мы не можам абгрунтаваць, што калонія як статус для пэўных супольнасцей – гэта «паталагічна». У наш постпалітычны час сцвярджаць (ці, прынамсі, «абгрунтавана» даказваць), што феадальная сацыяльная сістэма станаў лепей, чым сучасная «класавая», а імперыя ёсць «супольнасць», адзіна прыдатная для нармальнага развіцця народаў і г.д., не складана і нават проста. Таму пакінем убаку «спрэчкі пра карыснасць» і паспрабуем зрабіць акцэнт на даследаванні структуры залежнасці як метадзе вызначэння і апісання беларускае палітычнае рэчаіснасці. Карыснасць апісання Беларусі ў «сістэме калоніі» вынікае з рэальнае эфектыўнасці і здольнасці знаходзіць анамаліі і вызначаць паталогіі палітычнага жыцця, якія ігнаруюцца «звычайнай» аналітыкай. У той час як канцэпту «незалежнае дзяржавы» ў сучасных умовах бракуе метадалагічнасці. Апісанне ў вызначаным метадзе ўяўляецца карысным для разумення анамалій беларускае палітычнае рэальнасці, такіх як: экзагенная карэляцыя палітычных рэйтынгаў[1], канфігурацыі партыйнае сістэмы, грамадзянскае супольнасці, механізму прыняцця палітычных рашэнняў, формаў арганізацыі інфармацыйнае прасторы, ідэалагічных сістэм і, галоўнае, акрэсленне сутнасці сучаснае культурнае сітуацыі.

Стан калоніі – гэта не проста ўсталяванне знешняга дыктату, але і змена структуры легітымнасці і тапалогіі крыніц улады. Сутнасць змены – у паўставанні «заўсёды прысутнага Знешняга», таго, што не ўтрымліваецца ў межах Беларусі, але прысутнічае ў якасці сілы дамінавання амаль у кожнай палітычнай падзеі. Без аналізу канцэнтраванага, нацыянальна і геапалітычна жорстка акрэсленага Знешняга і тэрытарыяльная сітуацыя не можа быць цалкам зразуметая. У пэўных выпадках беларускую палітычную рэальнасць можна in viva даследаваць і тлумачыць у сістэмах каардынат каланіяльнага дамінавання значна больш эфектыўна, чым праз традыцыйныя «правінцыйныя» ці «ўніверсалісцкія» дыскурсы. У той самы час апісанне Беларусі ў «сістэме калоніі» не можа быць цалкам задавальняючым. Упісанне Беларусі ў каардынаты знешняе залежнасці ёсць першым элементам больш поўнага канцэпту яе тоеснасці і інтэрсуб’ектыўнасці як своеасаблівае мутацыі посткаланіяльнае сутнасці. Гэта павінна ўважацца за асноўную мэту посткаланіяльнае і постімперскае рэфлексіі над Беларуссю.

Вызначэнне каланіяльнае сістэмы мае значныя палітычна-«некарэктныя» абавязкі, таму разгледзім беларускую сітуацыю максімальна фармальна, абмежаваўшы сферу даследавання неапанславісцкай (неапанрусісцкай) ідэалогіяй, якая зараз з’яўляецца паўафіцыйнай, як і яе непасрэдная гістарычная аснова – заходнерусізм. Такім чынам, прадметам апісання з’яўляецца ідэалагічная інтэрпрэтацыя Беларусі як несамастойнага суб’екта. Корпус тэкстаў, якія сталі крыніцай для выяўлення прыкметаў каланіяльнае сістэмы ў гэтай ідэалогіі, складаецца з класічнага заходнерусізму XIX – пач. XX стагоддзя і яго розных сучасных варыянтаў. Большасць тэкстаў, асабліва сучаснага перыяду, на жаль, кан’юнктурныя. Ім бракуе «тэарэтычнасці» і самастойнай мовы, аднак у цэлым яны выразна акрэсліваюць «каланіяльнае» бачанне Беларусі. Такім чынам, як яны бачаць Беларусь.

Першай і асноўнай сістэмастваральнай для падвалінаў каланіяльнага мыслення з’яўляецца тэза: Беларусь не ёсць суб’ект. Галоўнай каланіяльнай практыкай – рэдукцыя  Беларусь ёсць аб’ект. Перафармуляваўшы Леві-Строса, можна сказаць, што для Знешняга (Расіі) Беларусь не ёсць суб’ектам у сваёй найчысцейшай форме, сутнасць Беларусі і яе «месца» адкрываецца толькі праз акт маніпуляцыі з боку Знешняга. Унутраны бок Беларусі не можа быць выяўлены нават у акце самаадмаўлення. Само паўставанне пытання суб’ектнасці ў межах вызначанае сістэмы немагчымае, бо супярэчыць аснове яе сацыяльнае практыкі.

Сапраўды каланіяльнымі, аднак, можна назваць не проста адносіны «панавання над аб’ектам», але толькі над тым, што самаўсведамляе сябе суб’ектам і ад якога, тым не менш, патрабуюць быць (ці, прынамсі, выконваць функцыю) аб’екта. Толькі пасля вызначэння Іншага, які дамінуе над аб’ектам, і суб’екта (ці ўзнікаючае суб’ектнасці) можна акрэсліць канфігурацыю беларускае каланіяльнае сітуацыі.

Сутнасць таго, што можна назваць «беларускім каланіялізмам», палягае ў сучасным культурным і палітычным канфлікце паміж рэдукцыяй, гэта значыць ператварэннем «беларускай супольнасці» ў аб’ект абмену, і сцвярджэннем «натуральнае суб’ектнасці», якая імкнецца адмаўляць саму наяўнасць інтэнцый абвясціць сябе неіснуючай.

Вышэйзгаданыя пазіцыі несумяшчальныя, і таму знаходзяцца ў стане перманентнага канфлікту. Праблема не можа быць вырашаная ў межах дыялогу з захаваннем status quo з прычыны натуральнае непараўнальнасці пазіцыяў контрагентаў. Таму для палітычнае рэальнасці бессэнсоўна выходзіць за межы гэтае дылемы: альбо агент павінен рэдукаваць Іншае, альбо быць рэдукаваным. Сутнасцю адносінаў паміж рэдукцыяй і вызваленнем з’яўляецца канфлікт: альбо – альбо. Альбо разбурэнне плыні рэдукцыі, альбо разбурэнне суб’ектнасці. Трэці шлях – які-небудзь Mitsein[2] – немагчымы проста тэхнічна[3].

Функцыянаванне каланіяльнае ідэалогіі, аднак, адметна не толькі сваім афіцыйным статусам, але і значнай «укарэненасцю» ў сацыяльныя практыкі, «татальнасцю», якая хутчэй дазваляе антыідэалогіям капіяваць сваю структуру, чым ствараць нешта аўтэнтычнае (пазакаланіяльнае).

Практыкі вызвалення маюць сваімі наступствамі паўстанне ў лепшым выпадку пазакаланіяльнае, у горшым – непасрэдна посткаланіяльнае рэчаіснасцяў, якія з’яўляюцца рознымі формамі посткаланіяльнае стадыі[4]. Для Беларусі і посткаланіяльныя, і антыкаланіяльная стадыі, на жаль, супадаюць. Ёсць натуральнае разуменне, што антыкаланіялізм павінен «выспець», каб натуральна перайсці ў стан post, аднак часу і прасторы для выспявання ён не мае. Сам стан дзяржаўнасці не можа быць дакладна апісаны ці то як ужо-не-калонія, ці то як яшчэ-не-калонія, альбо як constant-калонія. У вызначанай сітуацыі посткаланіяльнае ўтварае ўстойлівы сінтэтычны комплекс з анты-, і толькі пасля пост-анты-супольнасць пачынае вызначаць канфігурацыю сваіх адносінаў з метраполіяй. Гэта выразна выяўляецца ў канфігурацыі сістэм «беларускага вызвалення», цела свядомага (узніклага) і цела адмаўлення (паўстання-ад) з’яўляюцца тоеснымі[5], што можна прасачыць у генеалогіі беларускага «адраджэння» і «пахавання» апошніх двух стагоддзяў. Узнікла-бунтуючы комплекс сфарміраваў контрагента каланіяльнае ідэалогіі, суб’екта, які супраціўляецца рэдукцыі, што фактычна і завяршыла фарміраванне асновы мінулага і сучаснага палітычнага і культурнага канфліктаў на Беларусі.

Непасрэдныя ідэалагічныя практыкі рэдукцыі беларускае суб’ектнасці досыць разнастайныя, аднак могуць быць кадыфікаваныя ў наступныя асноўныя формы.

Аб’ект, сектар паверхні

Найбольш распаўсюджаны сюжэт рэфлексіі над Беларуссю ў межах каланіяльнага дыскурсу звязаны з патрабаваннем ад яе выконваць пэўныя функцыі для Іншага ці, у адпаведнасці з логікай дыскурсу, для сябе як сектара паверхні Адзінага маналіту метраполіі. Сектар-Беларусь павінен прадстаўляць прастору для дзейнасці метраполіі, звязваць яе тэрыторыі, акумуляваць патокі рэсурсаў, быць санітарнаю зонаю (павінен быць, і больш нічым быць не павінен). Рэалізацыя функцый – натуральны абавязак Сектара, выкананне якога ёсць для яго ўмовай існавання ў якасці акрэсленай і інтэграванай тэрыторыі.

Статус Беларусі ў мысленні Іншага гамалагічны статусу літаратуры (як і навукі, філасофіі ды іншых інтэлектуальна-эстэтычных практык) у механістычным грамадстве (прыватным прыкладам якога з’яўляецца грамадства таталітарнае). Літаратура павінна «забяспечваць» грамадства ідэаламі, яна павінна забаўляць насельніцтва, павінна фарміраваць аптымістычны светапогляд, павінна пацвярджаць і распаўсюджваць ідэалогію, павінна… Увогуле ніякай літаратуры для літаратуры быць не можа, яна не можа мець нейкае сваёй этыкі ці тэлеалогіі развіцця, і не таму, што не здольная (такое пытанне абсурднае ў сваёй аснове), але таму, што ёсць прыладай, функцыяй абслугоўвання сістэмы. У межах мыслення механістычнага грамадства нельга ўявіць, як магчымая аўтаномія таго, што ёсць толькі прыладаю, не можна ж лічыць магчымым існаванне асфальту для асфальту, а мікрасхемы для яе самой. Заўважым, што прынцыповым з’яўляецца менавіта «ўсведамленне немагчымасці», а не барацьба з заганаю «літаратурнага эгаізму» як гэткаю. Таму дэвіяцыя ад сацыяльнае функцыі заўсёды інтэрпрэтуецца як паталагічная і ненатуральная з’ява.

Беларусь не мысліцца як нешта здольнае да самастойнага развіцця. Натуральна, што імкненне да аўтаноміі ў такой перспектыве не проста паталагічнае, але і звычайна звязваецца са знешнім пранікненнем («польскай інтрыгай», антырускімі сіламі захаду). Беларусь-для-сябе такая ж недарэчнасць, як асфальт дзеля асфальту ў «функцыяналісцкай» свядомасці.

Адрознасць

Аналітыка «мясцовае» рэальнасці заўсёды сутыкалася з тым, што можна назваць прэзумпцыяй адрознасці[6], змест непасрэднага «адрознення-ад»[7] (мова, традыцыя, антрапалогія і г.д.) не мае значэння. Канцэптуальным з’яўляецца прызнанне структуры «адрознення-ад» як a priori першага кроку рэфлексіі над беларускім ландшафтам. Вызначанае правіла паслядоўна выконваецца і тады, калі неабходна даводзіць адсутнасць адрознення (нават у часы адсутнасці «прадмету» адрознівання – самой акрэсленай ідэі Беларусі ў сяр. XIX ст.). Прынцыповаю ёсць устойлівая наяўнасць пэўнае структуры, якая прымушае апраўдваць ці тлумачыць гэтую адрознасць. Неабходнасць тлумачэння аднолькава прысутнічае і ў апалогіі рэдукцыі Беларусі, і ў дыскурсах беларускіх ідэалогій, дзе робяцца спробы кадыфікацыі падвалінаў беларускае суб’ектнасці.

Усталяванне новае сістэмы сімвалічнае каланізацыі Беларусі ў XIX ст. выяўляе дзве асноўныя тэорыі адрознасці – хваробу і рэгіяналізм. І першая, і другая структурна адпавядаюць выключна аб’ектнай інтэрпрэтацыі Беларусі.

Хвароба

Адрознасць ад метраполіі як хвароба часткі Агульнага. Нятоеснасць з метраполіяй выглядае як праява патагенезу. Прастора хваробы цела калоніі плоская, адрозненні сімптому (праявы захворвання), патагенезу (чынніка сімптому) і эпізоду ігнаруюцца. «У гэтай сімулятыўнай прасторы, дзе размеркаванні ў часе сыходзяцца і накладваюцца, падабенства згортваецца да ідэнтычнасці» (М. Фуко). Паходжанне адрознасці не ўплывае на вызначэнне яго як паталогіі, мае значэнне толькі фіксацыя факту адхілення ад «нармальнага» стану. Любая своеасаблівасць ёсць сімптом-паталогія. «Няправільнае» (у сэнсе не метрапольнае) вымаўленне гуку «г» без сумневу павінна быць наступствам польскае каланізацыі, слова «дзякуй» – забруджванне «рускае» мовы нямецкім Denken і г.д. Усё, ад мовы і звычаяў, этнічнае псіхалогіі і гістарычнага досведу, ёсць хвароба.

Сутнасць хваробы-адрознасці ад метраполіі палягае ў знешняй «інфекцыі»: «Некалькі стагоддзяў іншароднага ўплыву страшэнна забрудзілі гэтую частку цела Агульнага». Формула ўніверсальная і мае трывалую структуру. Замест «стагоддзяў» можа паўстаць любы прамежак часу – год, эпоха, 1990–1994 гг. – прамежак часу можна лічыць першым элементам канфігурацыі хваробы, другі ўтрымлівае крыніцу інфекцыі. У XIX ст. гэта была пераважна Польшча, польская культура і «лацінская вера», зараз – пераважна Захад, у неафіцыйнай панрусісцкай ідэалогіі захавалі сваю значнасць габрэі, палякі і нават балты.

Рэгіяналізм

У сістэме рэгіёну адрознасць-ад падпарадкоўваецца не прынцыпу «хваробы», калі нятоеснасць у адносінах да метраполіі адназначна разглядаецца як адхіленне ад нормы, але прынцыпу «мяжы рэдукцыі»[8]. Адрознасць інтэрпрэтуецца як рэгіянальная асаблівасць. Ступень дазволенай асаблівасці вызначаецца мяжою, якая і аддзяляе  рэгіянальную асаблівасць ад нацыянальнае. Мяжа мае сімвалічнае значэнне і агароджвае тое, што да яе (рэгіянальная адрознасць – дазволеная асаблівасць[9], якая не перашкаджае рэдукцыі рэгіёну да статусу аб’екта), і тое, што за ёю («нацыянальная» асаблівасць (Іншасць), што паўстае прынамсі як протасуб’ектнасць). Адрозненні, якія могуць інтэрпрэтавацца як рэгіянальныя, прызнаюцца і могуць нават «падтрымлівацца» ў той ступені, у якой яны не пагражаюць «цэласнасці» – функцыянаванне мовы ў ізаляванай сферы літаратуры і фальклору, сам фальклор і г.д. Тое, што імкнецца быць за мяжою, з’яўляецца «не-нормай» і павінна мець экзагеннае («уплыў», «забруджванне») ці паталагічнае паходжанне, каб не супярэчыць статусу аб’екта. Мяжа рэдукцыі дазваляе акрэсліць прыручаную Іншасць у сваім натуральным асяроддзі – у фальклорнай і «простай» культуры. Сацыяльныя і культурныя страты метраполіі ад наяўнай адрознасці ў такіх умовах зводзяцца да мінімуму. Акрамя таго, змяншаецца рызыка памнажэння і самапамнажэння Іншага, бо яно надзейна абмежавана рамкамі сваёй сацыяльнае нішы.

У фальклорным варыянце «нацыянальная» культура знаходзіцца ў сваім натуральным стане «супадзення сваёй рэгіянальнае сутнасці», стабільнай і бяспечнай. Культурны бар’ер і «нізкі», з пункту гледжання сімвалічнае іерархіі, культурны статус носьбітаў такое культуры – кампенсацыя за дазвол «трошкі адрознівацца». Іншасць, каб быць бяспечнай, павінна суправаджацца пэўным дыскамфортам ці «нізавымі», у сацыяльным плане, практыкамі, што з пункту гледжання метраполіі павінна забяспечваць палітычную стабільнасць. Іншае падтрымліваецца не ўтульнасцю і камфортам, што забяспечвае культурны масіў метраполіі, але натуральнасцю: «родная мова», «простая культура», «спадчына» і іншыя сімвалы, якія апелююць да роду, традыцыі. Супярэчнасць і напруга ў выбары паміж утульнасцю і натуральнасцю і нараджае поле існавання рэгіянальнае асаблівасці як свойскае Іншасці рэгіёну-аб’екта. Заставацца ў натуральным стане значыць пазбаўляцца пэўнае «макрасацыялагічнае» зручнасці і абмяжоўваць магчымасць руху ў сацыяльнай прасторы, пазбаўленне натуральнасці значыць разрыў з традыцыяй і разбурэнне культурнае тоеснасці, што таксама мае свае негатыўныя наступствы для суб’екта. У кожным выпадку індывід павінен сплачваць палітычныя выдаткі і парушэнне балансу, гэта значыць пераход мяжы рэдукцыі ў культурных практыках (наданне рэгіянальнаму статусу «нацыянальнага» і г.д.) ёсць адзіны сродак пазбегнуць выплаты ці перанесці апошнюю на іншыя сацыяльныя групы. Аднак гэта значыць замену «ўтаймаванае» адрознасці на радыкальную Іншасць, што пагражае кантролю Знешняга над каланізаванай тэрыторыяй і не можа быць дазволена метраполіяй.

Рэгіён-аб’ект, суб-суб’ектнасць. Два праекты рэдукцыі

У сувязі з вышэйзгаданым неабходна акрэсліць структурную адрознасць паміж суб’ектнасцю тоеснасці, якая прызнаецца рэгіянальнай, у супрацьвагу «нацыянальнай». Рэгіён – не проста частка цэлага, але бессуб’ектная частка. Калі, напрыклад, Беларусь як беларускі праект ХХ стагоддзя апісваецца як частка Еўропы, апеляцыя да цэлага – Еўропы – паводле сваёй структуры значна розніцца ад апеляцыі да цэлага – Расіі. Тут палягае асноўнае «анталагічнае» супрацьстаянне двух кірункаў разгортвання беларускага кантэксту. Еўропа ёсць звышструктурай, бо, натуральна, Еўропа існуе толькі як цэлае, «аб’яднанае з частак» – суб’ектаў (ці падсуб’ектаў), – і функцыянуе культурна і палітычна як звышсуб’ект, прыналежнасць да якога не адмаўляе хоць часткова і рэдукаваную, але суб’ектнасць. У адносінах да Расеі сітуацыя зусім іншая. Расея не з’яўляецца звышсуб’ектам, яе ідэнтычнасць непарыўна звязаная з этнічна рускаю асноваю, таму быццё-яе-часткаю значыць існаванне як аб’ект, канцэпт «агульнае дзяржавы», «імперыі» як надструктуры з’яўляецца ў лепшым выпадку яшчэ не распрацаванай «думкай пра магчымы праект». Калі размова ідзе пра агульную культуру, то ў палітыка-культурных практыках гэта значыць прызнанне этнічнай расійскай культурнай ідэнтычнасці ў якасці «сваёй» і даручэнне да яе ў якасці эпізоду альбо другаснай ідэалагізаванай і правінцыйнай часткі. Расія па сваёй сутнасці нацыянальная дзяржава, што не толькі ніколі не адмаўляецца, але і старанна пацвярджаецца ў каланіяльным дыскурсе, таму яна не можа быць надструктураю ў прынцыпе. Рэгіён-Беларусь, інтэграваны ў «расейскую прастору», ёсць аб’ект-рэгіён, які не павінен быць больш чым аб’ектам ні ў палітычных, ні ў сацыяльных, ні ў культурных практыках.

Аб’ект дамінавання. Альбо мы, альбо яны

Гістарычная традыцыя каланіяльнага дыскурсу ў міжнародным палітычным вымярэнні  ўважала і ўважае Беларусь за «поле барацьбы» паміж заходнім-чужынскім уплывам і сваім-усходнім (усход заўсёды тоесны Расеі). Калі часткова пакінуць па-за ўвагаю сам ідэалагічны канструкт, які сцвярджае свае «спрадвечныя правы» і чужую «спрадвечную агрэсію» ў адносінах да «Між Віцебска-Берасцейскай» тэрыторыі, то канфігурацыя адносінаў да Беларусі як аб’екта міжнароднае палітыкі ўтварае тое, што звычайна называюць сістэмай «мы альбо яны».

«Нейтральная зона – нічыйная зямля – заўсёды павінна некаму належаць, пытанне толькі – каму?», «Зямля павінна належыць Нам, таму што ў адваротным выпадку яна будзе належаць Ім». «Мы павінны наступаць, таму што наступаюць яны, уладу над тэрыторыяй трэба трымаць, каб у адваротным выпадку яна не перайшла да Іх».

Мы і Яны – транс-, экза-сіла, якая дастаткова дасканалая, каб не звяртаць увагі на сэнс аўтахтоннасці. Прыняцце сістэмы «мы альбо яны» і настойлівая апеляцыя да яе – сцвярджэнне ў сістэме каланіяльнага мыслення абсалютнае канвертуемасці Беларусі як сацыяльнае прасторы; гэта значыць радыкальны варыянт рэдукцыі яе як суб’екта. Беларусь з пункту гледжання каланіяльнае сістэмы ёсць аб’ектам абмену паміж канфліктуючымі метраполіямі. Абмен не накладае на ўдзельнікаў знешнепалітычнага пагаднення ніякіх дадатковых выдаткаў, акрамя ліквідацыі ўплыву метраполіі-суперніка. Абмен ні ў якім разе не значыць, што Беларусь можа падтрымаць адзін з бакоў міжметрапольнага супрацьстаяння. Рэч не выбірае сабе гаспадара – адзіным выхадам з «сістэмы абмену» для Беларусі, з пункту гледжання каланіяльнае ідэалогіі, з’яўляецца зніжэнне яе «канвертуемасці», гэта значыць ператварэнне ў частку (сектар) Расеі, на што і накіраваныя сацыяльныя практыкі «сістэмы калоніі». «Альбо – альбо» паступова павінна стаць «толькі гісторыяй» і саступіць месца міфу «канчатковага набыцця», які, аднак, як інтэграванае цэлае будзе ўтрымліваць «памяць» пра пакуты «сістэмы абмену». Апеляцыя да мінулага і павінна будзе рэпрэсаваць інтэнцыі да паўстання суб’ектнасці і стаць трывалаю асноваю інкарпарацыі.

На заканчэнне паспрабуем акрэсліць сацыяльны аспект функцыянавання каланіяльнага ў Беларусі, якое непасрэдна знітаванае з асаблівасцямі працэсу мадэрнізацыі яе грамадства, а таксама з серыяй перанесеных гуманітарных катастрофаў. Катастрофы аказалі значны ўплыў на развіццё нацыі, бо мелі наступствы татальных сацыяльна-культурных рэвалюцый: Першая сусветная вайна (комплекс шматлікіх акупацый, камуністычнае рэвалюцыі, аднаўлення Беларускае дзяржаўнасці, нацыянальнага падзелу, партызанскай вайны), Другая сусветная вайна, савецкая індустрыялізацыя – кожная з гэтых гістарычных падзей суцэльна змяняла беларускі палітычны, культурны, этнічны і сацыяльны ландшафт, нараджаючы фактычна новыя грамадствы.

Палітычныя катаклізмы беларускага вызвалення – ад БНР і БССР да ўрбанізацыі ды асіміляцыі – сталі чыннікамі значных зменаў у характары існавання Беларускага, якое паступова сімвалізавалася і набыло сучасную ізаляваную культурную і сацыяльную прастору. Пакрысе адбылася новая інстытуцыялізацыя каланіяльных адносінаў, аформілася ўстойлівая сімвалічная іерархія, якая вызначала месца функцыянавання нацыянальнай культуры, дазволенасць і ўзроўні «бяспечнасці» яе ўжывання. Сфарміраваліся сімвалічныя грамадскія тыпы беларусаў («паўнавартасных савецкіх беларусаў», «нацыяналістаў», «калгаснікаў»), кожны з якіх меў сваю свабоду дачыненняў з беларускай культурай, «дазвол» на яе выкарыстанне, свой узровень негатыўнага і пазітыўнага, а таксама сваю сацыяльна-палітычную ролю. Фарміраваліся культурныя «касты», якім дазвалялася мець асаблівыя адносіны да беларускага ў абмен на сімвалічную дыстанцыю да грамадскага і паўсядзённага жыцця, а таксама функцыянальную замкнёнасць: «пісьменнікі», «мастакі» і г.д. Каланіяльная сімвалічная і сацыяльная іерархія непасрэдна эвалюцыянавала ў новую палітычную рэальнасць Рэспублікі Беларусь.

Фактычна працэсы каланізацыі – неад’емная частка працэсу фарміравання мадэрнага беларускага грамадства. Разам з гвалтам вайны, рэпрэсій, індустрыялізацыі Беларусі як часткі Імперыі вясковае грамадства прымала новы грамадскі лад, урбанізаваны і суцэльна нетрадыцыйны, новую ідэалогію, сацыяльныя дачыненні і новую культурную сістэму. Без гэтага цяжка ўявіць сутнасць сучаснага сацыяльнага і культурнага канфлікту. Першапачаткова створаныя энергіяй прымусу і дыктату, гэтыя сілы ва ўмовах савецкага грамадства ператвараліся ў галоўны рухавік сацыяльных супярэчнасцяў, якія ў сучаснай Беларусі чамусьці успрымаюцца як новыя, постсавецкія. Усталяванне новых культурных і сацыяльных адносінаў было неабходнае з пункту гледжання кантролю, аднак хутка канфлікт пачаў працаваць як крыніца псіхічнае агрэсіі і задавальнення, у значнай ступені аўтаномна накладаючыся на сацыяльную структуру новага індустрыяльнага грамадства.

Кожная новая ідэалогія – палітычная, філасофская, рэлігійная, – калі яна спрабуе быць укарэненай у «тутэйшы» кантэкст, утвараецца менавіта гэтым новым складам міжкультурных і сацыяльных адносінаў і будуецца ў адпаведнасці з іх канфігурацыяй. Гэтыя адносіны не толькі вызначаюць вонкавую структуру, але закранаюць і больш глыбокія пласты беларускіх культурных практык. Яны вызначаюць узор стварэння экзістэнцыйных канцэптаў нацыянальнага існавання: «сацыяльнае і нацыянальнае пагрозы», трывогі і адчаю перад «стратай тоеснасці», чыннікаў і формаў культурнага і сацыяльнага «адчуджэння» і г.д., якія шырока функцыянуюць у грамадстве нават у ідэалогіях, што імкнуцца быць альтэрнатыўнымі. Гэтая сацыяльная і культурная прастора, рамкі якой склаліся ў адказ на сутыкненне практык вызвалення і рэальнасці знешняга дамінавання ў час нараджэння мадэрнага беларускага грамадства, стала крыніцай устойлівых культурных адносінаў, якія, без сумневу, будуць мець значны ўплыў на далейшае развіццё беларускага палітычнага і культурнага ладу.

_______________________________________________________________

Упершыню надрукавана: Андрэй Казакевіч. Пра калёнію. Палітычная сфера. №1. 2001, с. 44–47.

Публікуецца паводле: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 189-195.

Кнігу  ««Код прысутнасці». Анталогія беларускага мыслення 2000-2015″ можна набыць у Акадэмкнізе і Кнігарні Логвінаў.

_______________________________________________________________

[1]     Экзагенная карэляцыя – залежнасць змены ўнутраных паказчыкаў ад знешніх фактараў. Напрыклад, рэйтынгу прэзідэнта Беларусі ад рэйтынгу Прэзідэнта Расіі: выбранне «моцнага» Пуціна замест «слабога» Ельцына выклікала ў 2000 г. катастрафічнае падзенне рэйтынгу Лукашэнкі. Існуюць залежнасці і ў стаўленні да падобных партый, таму папулярнасць беларускіх камуністаў залежыць ад рэпрэзентацыі расійскага камуністычнага руху ва «ўніверсальных» расійскіх СМІ і г.д.

[2]    Ням.: «быццё-з», «су-існаванне».

[3]     Ліквідацыя самой магчымасці рэдукцыі і ёсць першая стадыя беларускага вызвалення.

[4]     Тут неабходна зазначыць адрозненні паміж нацыямі, у якіх атрымалася прынамсі дэкаланізаваць уласную тэрыторыю ды атрымаць суб’ектнасць, і нацыямі, якія на посткаланіяльнай стадыі канчаткова пераўтварыліся ў этнаграфічны рэлікт альбо страцілі тоеснасць. Для апошніх посткаланіяльная рэфлексія ёсць толькі «роздум на руінах».

[5]     Маецца на ўвазе супадзенне ў беларускім выпадку двух этапаў вызвалення: узнікненне тоеснасці, якая жадае вызваліцца, і адмаўленне існуючае сістэмы дамінавання (паўстання-ад). Для беларускіх практык вызвалення ўзнікненне і ёсць адмаўленне.

[6]     «Адрозненне не мае ні сінтэзу, ні апасрэдавання, ні прымірэння, але наадварот, толькі настойлівасць дыферэнцыяцыі» (Ж. Дэлёз).

[7]     Адрозненне-ад: адрозненне, якое ўспрымаецца як падстава размежавання двух тоеснасцей.

[8]     Мяжа рэдукцыі – дэмаркацыя бяспечных і небяспечных адрозненняў цэнтру і перыферыі. Усё небяспечнае метраполія імкнецца, прынамсі сімвалічна, рэдукаваць.

[9]     «Утаймаванае», «свойскае» Іншае.

Андрэй Казакевіч – даследчык палітыкі і палітычнай гісторыі. Нарадзіўся ў 1980 ў Мінску.
У 2002 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ, аддзяленне паліталогіі. У 2009 годзе ў Літве атрымаў ступень доктара палітычных навук (PhD in Political Science), абараніўшы працу па тэме « Institute of judicial power of Belarus: political analysis».
Сфера навуковых інтарэсаў: сучасная палітыка і палітычныя інстытуты, палітычная гісторыя, гісторыя палітычных ідэй, міжнародныя адносіны.
З’яўляецца адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам часопіса палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», а таксама галоўным рэдактарам Belarusian Political Science Review (з 2010 года).
З 2009 года – дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», з 2012 года стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам Універсітэта Вітаўта Вялікага, Літва.
З’яўляецца старшынёй арганізацыйнага камітэту Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі.
Аўтар шматлікіх артыкулаў, прысвечаных даследаванням палітычных працэсаў і інстытутаў Беларусі. Сааўтар і акадэмічны рэдактар кнігі «Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988–2009» (2011).

«Лятучы» рэкамендуе таксама іншыя тэксты «Анталогіі беларускага мыслення 2000-2015»:

Код прысутнасці. Праклён і выратаванне беларускіх інтэлектуалаў

Міхаіл Баярын. Самабыцьцё

Уладзімір Мацкевіч. Тэхніка

Мікалай Сямёнаў. Дэсаветызацыя: сэнс, стратэгіі, поле дастасавання

Пётра Рудкоўскі. Адкрытае грамадзтва і спосабы яго замыкання

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар