Уладзімір Мацкевіч. Тэхніка

20 февраля 2017

Уладзімір Мацкевіч

Тэкст апублікаваны ў «Всемирная энциклопедия: Философия» / Глав.науч.ред. и сост. А.А. Грицанов. – М.: АСТ, Минск: Харвест, Современный литератор, 2001. – Ст. 1073–1075. Аўтапераклад для Анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці», 2016г.

Тэхніка, адно з самых распаўсюджаных словаў у сучасных мовах, паходзіць ад грэцкага “techne”, што значыць мастацтва, майстэрства, штукаванне. Гэта ўніверсальны тэрмін для мноства феноменаў, у якіх мысленне (розум) выяўляе сваю прысутнасць (тут-быццё) у свеце. Панятак “тэхніка” атрымліваецца шляхам фенаменалагічнай рэдукцыі ў розных кантэкстах, пры гэтым кожны раз за межамі паняткавага абнаяўлення застаецца значная частка зместу. Мноства паняткаў “тэхнікі” дапаўняюць адно адно, ствараючы складаную рэфлексіўную выяву стасавання мыслення з рэальнасцю. 

Вынікам субстанцыянальных рэдукцый стаецца распаўсюджванне панятка “тэхніка” на інструменты, прылады і машыны, уключаючы такія спецыфічныя, як мегамашына Мэмфарда ці, нават, дзяржава.

Да таго ж аксіялагічная рэдукцыя змяшчае ў панятак “тэхніка” каштоўнасці і мэты кшталту ўлады над прыродай, барацьбу за існаванне, натуральны адбор, творчасць і крэатыўнасць.

Са свайго боку, натуралістычная рэдукцыя разглядае феномены тэхнікі як геалагічную фармацыю натуральнай гісторыі ўсяго зямнога шара. У прыклад згадаем тэарэтычныя канструкцыі наасферы У. Вернадскага і Т. дэ Шардэна.

Таксама шырока распаўсюджаныя антрапалагічная, эпістэмалагічная, сацыялагічная і шэраг іншых рэдукцый. Асобныя іх аспекты можна заўважыць ў самых розных тэхнакратычных тэорыях сучаснага грамадства, філасофіі тэхнікі, тэхналагічным дэтэрмінізме і нават у такой псіхалагічнай з’яве, як тэхнафобія. 

Рэдукцыянізм у вызначэнні панятка “тэхніка” здаецца непазбежным, бо поўніца рэфлексіі стаўлення мыслення адносна сусвету ўвасабляецца ў самой тэхніцы. Свет як інтэнцыянальны аб’ект мыслення вонкавы стасоўна мысленню як нешта ірацыянальнае, што падлягае рацыяналізацыі. Інсталяванасць, або наканаванасць на рацыяналізацыю свету, крыецца ў сутнасці самой тэхнікі. З іншага боку, тэхніка як такая стаецца мераю рацыяналізацыі (рацыянальнай уладкаванасці) усяго нашага свету.

У пэўным сэнсе тэхніка знаходзіцца ў адным шэрагу з філасофіяй, якой па азначэнні наканавана спазнанне свету. Проста тэхніка і філасофія (у пашыраным значэнні да філасофіі можна далучыць яе гістарычныя адгалінаванні: навуку, логіку, метадалогію і іншыя формы веды) выяўляюць дзве розныя інтэнцыі мыслення. Кожная з іх (не блытаць з першай і другой інтэнцыямі ў схаластычнай філасофіі Сярэднявечча) па-свойму рацыяналізуе свет, задае і ўтрымлівае вонкавы мысленню свет у сваіх адмысловых аб’ектах, рэчах і катэгорыях. Суадносіны паміж гэтымі інтэнцыямі хутчэй як пераклад зместу аб’ектаў, прадметаў і катэгорый з мовы тэхнікі на мову філасофіі (і наадварот), чым як аб’екты ўзаемнай актыўнасці. Філасофіі свет дадзены ў панятках, універсаліях, ідэальных аб’ектах. Тэхніцы – ва ўзаемадачыненнях аб’ектаў і серадовішчаў, хоць “аб’екты” і “серадовішчы” як катэгорыі нараджаліся ў філасофіі і навуцы. Філасофія даследуе, творыць і пераўтварае свой свет гэтаксама, як тэхніка свой. Тэхніка і філасофія заўсёды абменьваюцца паміж сабой плёнам сваіх практык, але іх уласнае развіццё і гетэрахронныя гісторыі не супадаюць у часе. Агрэгатныя станы рэчаў і змены серадовішчаў ды асяроддзяў, з чым тэхніка мае справу спакон веку, значна пазней (напачатку ў Старажытнай Грэцыі) сталіся аб’ектамі філасофіі і навукі. Таксама як і вынаходніцтвы ў навуцы і філасофіі зусім не адразу патраплялі пад увагу тэхнікі.   

Сінхранізацыя гісторыі тэхнікі і гісторыі філасофіі адбываецца ў некалькі этапаў. Напрыканцы XVIII стагоддзя Гаспар Монж аб’яднаў тэхнічныя і тэарэтычныя веды ў вышэйшай адукацыі і дзейнасці інжынераў, якія да гэтага часу існавалі паасобку, як, напрыклад, тэарэтычная механіка Галілея і ўмельствы рамеснікаў, якія навучаліся прафесіі не па кніжках, а наўпрост ад майстроў. З гэтага моманту можна весці гісторыю сучаснай інжынерыі як дзейнасці, што ўвабрала ў сябе абедзве інтэнцыі мыслення: перастварэнне рэчаў ды серадовішчаў (тэхніку) і пазнанне аб’ектаў і адцягненых універсаліяў (філасофію). Што праўда, філасофія не толькі зацікавілася тэхнікай значна пазней, але нават і сёння не надае ёй належнай увагі.

Рэфлексіўнае спалучэнне тэхнікі і філасофіі адбываецца ў дзейнасным падыходзе. Таму катэгарыяльнае вызначэнне тэхнікі задаецца пры дапамозе катэгарыяльных апазіцый.

Тэхніка і свет. У гэтым выпадку тэхніка выступае як інструмент змены натуральнага ладу,  штучнага перапарадкавання адвечных пачаткаў свету. Яна дабудоўвае зададзены канструкт космасу рацыянальным ладам (таксісам). У мастацтве гэта адбываецца паводле эстэтызацыі рэальнасці, у гаспадарцы – праз дапасаванне прыроды стасоўна патрэбам і ўяўленням чалавека.

Тэхніка і чалавек. Тэхніка тут выступае не толькі як спосаб павелічэння натуральных здольнасцей чалавека, праз яе чалавек сам становіцца складовым аб’ектам выявы тэхнікі. Гэта і спорт з рознымі гімнастыкамі, бодыбілдынгам, а нават з эзатэрычнымі практыкамі; гэта медыцына, генная інжынерыя, касметалогія і таму падобнае.

Тэхніка і мысленне. Мысленне аб’ектывуе тэхніку ў панятках і ідэях (“другая” прырода, дзейнасць і гэтак далей у розных рэдукцыях). У сваю чаргу, мысленне разглядаецца як дзейнасць, і яго праявы апазнаюцца як тэхнікі мыслення: напрыклад, розныя логікі, сістэмны падыход, тэхнікі абстрагавання ці аналогіі ды іншае.

Сёння тэхніка прысутнічае неаглядным комплексам прыладаў, машын, механізмаў, тэхнагенным серадовішчам, куды дастасаваны нават свет прыроды. Наасферныя канцэпцыі разглядаюць геалагічныя сферы як уключаныя ў дзейнасць розуму і тэхнасферу і імі перайначаныя. Гэтаксама як біясфера пераўтварае мінеральныя сістэмы (атмасферу, гідрасферу, літасферу і г.д.), наасфера змяняе ўсё гэта і артыфікуе. Але рацыяналізаваныя серадовішчы могуць апынуцца для чалавека нічым не лепшымі за натуральныя (атручанасць паветра, пацяпленне клімату, знішчэнне лясоў…). Таму стасоўна гэтых зменаў наноў даводзіцца прыстасоўвацца або нават радыкальна мяняць іх. Карацей, тэхніка ад сваіх пачаткаў мяняла натуральнае асяроддзе. Гэта спарадзіла збор аксіялагічных, этычных і прагматычных праблем, на якія тэхніка рэагуе далейшым уздзеяннем на аб’екты (уключаючы і цела чалавека) ды серадовішчы.

Філасофія, у сваю чаргу, іначыць этычныя і аксіялагічныя ўстаноўкі ды канцэптуалізуе новыя серадовішчы і сферы (фізічную, інфармацыйную, семіятычную і г.д.). Яна адзіночыцца з імі і распаўсюджваецца сярод іх, большасць з якіх самі паводле сябе ёсць тэхнагеннага паходжання. Між іншым, тэхнагенныя ўтварэнні ў пэўным сэнсе апынаюцца парадаксальнымі стасоўна тэхнікі, якую яны спарадзілі ў свой час. З’яўляючыся штучнымі паводле свайго паходжання, яны выступаюць адносна тэхнікі нібыта натуралізаванымі або проста як натуральныя. Рэч у тым, што тэхнагенныя серадовішчы і сферы ніколі не былі сэнсам уласна тэхнікі. Тэхнічныя мэты засяроджваюцца не на агульным, а на адзінкавым – на “атамах”, рэчах або целах. Так, тэхніка забруджвае рэкі і паветра, але мэты канкрэтных тэхнічных дзеянняў і вынаходніцтваў ніколі не былі накіраваныя на гідрасферу або атмасферу. Усе гэтыя змены адбываюцца паўз мэты і задачы тэхнікі. 

Калі для тэхнікі акрываюцца новыя сферы дзейнасці, паўстае праблема аналагаў целаў у фізічных серадовішчах. Так, напрыклад, у семіётыцы (серадовішчы тэхнагеннага паходжання, народжанага з інтэнцыі мыслення) аналагам цела (атама) становіцца знак, датычна якога фармулююцца тэхнічныя мэты і ўсталёўваюцца семіятычныя прылады і машыны (пісьмо, матэматыка, мовы мастацтва і г.д.).

З аднаго боку, мэтавая накіраванасць тэхнікі на целы і іх аналагі ў іншых сферах, а з другога – здольнасць тэхнікі спараджаць тэхнагенныя серадовішчы вымушаюць яе, як інтэнцыю мыслення, да падвойнага існавання ў выглядзе двух складнікаў, амаль паводле аналогіі са схаластычнымі інтэнцыямі.

Прадуктамі першай тэхнічнай інтэнцыі з’яўляюцца канкрэтныя тэхнічныя дасягненні, вынаходніцтвы і праявы культуры. Вынікамі другой выступаюць тэхнагенны свет, сама культура, той жа Інтэрнэт. Першая інтэнцыя вымушае чалавека пры дапамозе тэхнікі будаваць дом, электрастанцыю, арганізоўваць здабычу паліва, каб абараніць сябе ад уплыву фактараў прыроднага асяроддзя. Другая робіць свет індустрыяльным і ўрбаністычным (напоўненым новымі аб’ектамі: дамамі, сістэмамі элекраперадач, вугальнымі адваламі і тэрыконамі), мяняючы асяроддзе існавання чалавека. Ці, скажам яшчэ, першая інтэнцыя вынаходзіць рыфмаванае маўленне (вершы), а вынікам другой  становяцца паэзія, бібліятэкі, літаратурная адукацыя, эстэтычнае выхаванне. 

Стасоўна чалавека ў аб’ём паняцця “тэхніка” неабходна ўключаць і праявы ўдасканалення ці павелічэння прыродных здольнасцей, не звязаных з тэхнічнай вытворчасцю як такой. Напрыклад, фосбюры-флоп (апрычоны спосаб скокаў у вышыню), звышнатуральны бег на 100 метраў, поліфанічныя спевы, адмысловае маляванне імпрэсіяністаў (пуантылізм). Тэхніка пісьма вызначаецца натуральнымі магчымасцямі рукі, але і інструментам, якім пішуць. Інструмент прыстасоўваюць да рукі, а рука прыстасоўваецца да інструмента. Тэхніка спеваў ёсць чыстая форма без апасродкавання інструментам (голас спеваку толькі кшталтуюць). Пісьмо пакідае матэрыяльныя сляды, але, разглядаючы тэхніку пісьма (напрыклад, каліграфію), мы перадусім звяртаем увагу на прыгажосць знакаў. Таксама як для тэхнікі спеваў не істотна, што гукі затухаюць назаўсёды, пакінуўшы па сабе толькі эстэтычны эфект.

Усялякая праява дзейнасці чалавека можа раскладацца на прыродны складнік і штучную форму, якая яму надаецца. Гэтая штучная форма прыроднай здольнасці і ёсць тэхніка. У такой трактоўцы машыны і машыннасць, інструменты і інструментальнасць выступаюць акцыдэнцыямі тэхнікі, але не яе субстанцыяй. А вось у тэхніцы істотны менавіта аспект зробленасці. Можна вылучыць, апісаць або нават вынайсці некалькі новых тэхнік спрынтарскага ці марафонскага бегу. Але нельга лічыць тэхнікай разнастайныя спосабы руху коней (алюр, галоп, рысь і г.д.). Калі каня даводзіцца вучыць нейкім новым рухам, то ідзецца толькі пра тэхніку дрэсіроўкі, то-бок зноў жа пра рацыянальную форму ўздзеяння, дзе конь выступае толькі прыродным матэрыялам свядомага акта пераўтварэння.

Існаванне сучаснага чалавека (сучаснасць у дадзеным выпадку гэта 40 000 і нават болей гадоў) па-за тэхнікай магчыма толькі ў спекулятыўных развагах. Фенаменальна ж чалавек выяўляецца адно ў штучных праявах сваіх прыродных якасцей і здольнасцей, то-бок у тэхніцы. Тэхніка ёсць энтылехія (форма існавання) чалавека. Адсюль вынікае праблематыка створанасці чалавека. Гэта і пытанне суб’екта тварэння (багі, Бог, дэміург, сам чалавек, праца паводле Маркса і Энгельса). І пытанне прэдыкату: што менавіта робіцца ці што зроблена (дасканалая або завершаная, недасканалая або незавершаная формы). Дасканаласць як у распрадмечаным сэнсе, як эстэтычны вынік або рэзультат крытыкі здольнасці разважання (меркавання), так і ў апрадмечаных – граматычная катэгорыя дзеяслоўных формаў. Створанасць і недасканаласць (у пазначаных сэнсах) чалавека робяць магчымым практыку выхавання, антрапатэхніку, сацыятэхніку, гуманітарныя тэхналогіі. Таксама трэба пазначыць праблему  адлюстравання, сіметрычнасці і ўзаемазваротнасці суб’екта і прэдыката (што ёсць вобраз, а што падабенства ў працэсе стварэння чалавека? “Калі б быкі напісалі б «Іліяду», то алімпійскія багі мелі б вобраз быкоў”).

Стасоўна мыслення тэхніка прадстаўленая як аб’ект мыслення, а мысленне як дзейнасць само прадстаўленае тэхнікай мыслення. Часцей за ўсё тэхніка як аб’ект мысліцца ў прагматычных формах. У пазітыўным значэнні такое мысленне прэзентаванае або інжынерыяй, або тэхнакратызмам, у негатыўным набывае рысы лудызму або русаізму (збяганне да прыроды). Тэхнакратызм павінен быць даўкамплектаваны тэхнакрытыцызмам, сэнсам якога з’яўляецца не апаніраванне тэхнакратызму, а крытыка інжынернай рацыянальнасці і тэхнічнай інтэнцыі.

Адмысловага абмеркавання патрабуе тэма філасофскіх тэхнік. Напрыклад, дыскурс як тэхніка або манерная форма натуральнага (натуралізаванага) маўлення. Тое ж тычыцца паэзіі, мастацкага маўлення, царкоўнага казання і г.д. Адмысловыя філасофскія тэхнікі: распрадмечванне і апрадмечванне, канфігураванне, фенаменалагічная рэдукцыя, рэфлексіўныя тэхнікі (інтраспекцыя і эпахэ Гусерля), маеўтыка і іронія Сакрата, крытыка і аналітыка, індукцыя і дэдукцыя, і г.д. Розныя філасофскія падыходы карыстаюцца рознымі філасофскімі тэхнікамі, таксама як і аўтары філасофскіх тэкстаў (схемы складкі, рызома, дэканструкцыя і іншыя). Гэтая розніца вызначаецца мэтамі і задачамі першай тэхнічнай інтэнцыі. Але другая тэхнічная інтэнцыя надае філасофіі значэнне адмысловага серадовішча, якое рэфлексуецца як эпохі ці перыяды: Асветніцтва, рамантызм, постмадэрнізм і г.д. У постмадэрнізме філасофія як асяродак існавання філосафа рэфлексуецца найбольш яскрава. Адсюль спецыфічная цікаўнасць постмадэрністаў адносна “атамаў” (тэксты, знакі, сімулякры), а таксама датычна тэхнікі працы з “целам” філасофіі (пісьмо, наратыў, дыскурс), як і да ўнутраных працэсаў (хаос, рызома, гульня, складка). Усведамленне дамінавання (неістотна, сапраўднага або ўяўнага) другой тэхнічнай інтэнцыі ў філасофіі над першай афармляецца ў тэзе пра “смерць аўтара”. 

Прыпісванне тэхніцы атрыбутаў аўтаномнасці і эмерджэнтнасці таксама з’яўляецца канцэптуальным наступствам выяўлення другой тэхнічнай інтэнцыі. Пры недастатковай канцэптуалізацыі ўсведамленне эмерджэнтнасці тэхнікі можа пераўтварыцца ў тэхнафобію. Творца і аўтар губляюць кантроль над наступствамі сваіх дзеянняў, тэхніка жыве нібыта сваім жыццём, сама становячыся асяроддзем існавання чалавека і асобным светам. Паняткавае атаяасамленне целаў тэхнічнага асяроддзя (напрыклад, машын) з самім асяроддзем прадугледжвае, што ўсё штучнае (створанае чалавекам) гэтаксама падпарадкаванае чалавеку, як і целы або асобныя тэхнічныя ўтварэнні. Аўтамабіль-машына – цела ў тэхнічным серадовішчы. Кіраванне аўтамабілем таксама тэхніка, або штучна ўзмоцненая здольнасць чалавека маніпуляваць целам. Аўтамабільны рух складаецца з целаў, кожнае з якіх падпарадкаванае чалавеку – але чаму тады чалавек можа апынуцца ахвяраю дарожнага руху? У гіпертрафіраваным выглядзе такое стаўленне чалавека да створанага ім самім свету выяўляецца тады, калі чалавек сутыкаецца са складанымі машынамі, менш зразумелымі, чым аўтамабіль. Напрыклад, мастацкі тэкст, які вымушае аўтара да адмысловых паваротаў сюжэту па-за аўтарскай воляй, камп’ютарная сетка з непразрыстымі віртуальнымі запатрабаваннямі, сацыяльны інстытут, які рэалізуе ўласныя мэты, замест таго каб выконваць функцыі, дзеля якіх быў створаны.

Усе гэтыя парадоксы, праблемы і фобіі з’яўляюцца вынікам паняткавага рэдукцыянізму тэхнікі і здымаюцца самой тэхнікай як устаноўкай ці інтэнцыяй мыслення на рацыяналізацыю свету. Нават той свет, які напоўнены прадуктамі рацыянальнай дзейнасці і мае тэхнагеннае паходжанне, знешні адносна мыслення і падаецца як ірацыянальны, то-бок патрабуе рацыяналізацыі, або тэхнічнага стаўлення да сябе. Рацыяналізацыя і тэхнічнае стаўленне здымаюць ірацыянальнасць, не пакідаючы падставаў для ўзнікнення фобій. Праблемы і парадоксы, якія паўстаюць ад сутыкнення чалавека с тэхнагенным серадовішчам, павінны быць аднесеныя не да тэхнікі як такой, а да мыслення, дзе яны і вырашаюцца ў рамках філасофскай інтэнцыі.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар