Нядзеля спадчыны

11 снежня 2017

17 снежня (нядзеля) ў Мінску нас чакае цэлы дзень, насычаны рознымі падзеямі, знітаванымі пытаннем спадчыны і праблем працы з ёй у сучасных умовах.

12.00 – прэзентацыя кнігі Сцяпана Стурэйкі “Неспакойныя камяні. 9 эсэ для новага разумення архітэктурнай спадчыны”. Гродна: “ЮрСаПрінт”, 2017.

Кафэ 1801, пр-т Незалежнасці, 95.

Вакол архітэктурнай спадчыны ідуць гарачыя спрэчкі. Чаму мы, упэўненыя, што помнікі трэба берагчы, так часта іх губляем? Як выходзіць, што прафесіяналы ад аховы і рэстаўрацыі на важныя пытанні адказваюць процілегла? І чаму не атрымліваецца зрабіць “як у Еўропе”?

Здаецца, што ахова помнікаў даўно ператварылася ў пагоню за мрояй. Мы грукаемся ў зачыненыя дзверы, не разумеючы сутнасці таго, што адбываецца. Спадчына, застаючыся полем канфліктаў, не рэалізуе свой патэнцыял і хутчэй абцяжарвае рух наперад. Мы проста не ўмеем ёй карыстацца!

Кніга прысвечана пастаноўцы дыягназу. У ёй разгледжаны асноўныя праблемы аховы і рэстаўрацыі, а таксама зроблена спроба сфармуляваць контуры будучыні.

Сцяпан Стурэйка – культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук у галіне этналогіі (Ягелонскі універсітэт), выкладчык Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта, член Беларускага камітэта ICOMOS. Займаецца даследаваннямі тэорыі і практыкі аховы, аднаўлення і актуалізацыі культурнай спадчыны. Аўтар больш за 40 навуковых і навукова-папулярных публікацый, а таксама літаратурных твораў; некалькіх даследчых праектаў.

За навінамі мерапрыемства можна сачыць на адмысловай старонцы ў ФБ.

15.00 – паказ фільма Зруйнаваная памяць у межах фестывалю дакументальнага кіно Watch Docs.

Кінатэатр Мір (Казлова, 4а).

Аўтар панятку «генацыд» Рафаэль Лемкін меркаваў, што разбурэнне гістарычных і культурных помнікаў недапушчальнае і мусіць вызначацца як элемент генацыда. На яго думку, за спробамі знішчэння той ці іншай нацыянальнай супольнасці, як правіла, ідуць дзеянні, скіраваныя на ліквідацыю яе гісторыі, унікальнай матэрыяльнай і культурнай спадчыны. Шматлікія ўзброеныя канфлікты, разбуральныя сусветныя войны, злачынствы супраць чалавечнасці, якія адбыліся ў мінулым стагоддзі, не маглі не адбіцца на стане культурнага асяродку. Фактычна яны ператварыліся ў вайну супраць культуры, якая працягваецца і сёння.

Аднак разбурэнню супрацьстаіць адваротная ініцыятыва, скіраваная на абарону, выратаванне і ўзнаўленне. Вайна са спадчынай заўсёды сутыкаецца з упартым супрацьдзеяннем з боку адважных «рыцараў ад культуры», якія рызыкуюць, а часам і ахвяруюць жыццём, каб захаваць памяць пра тое, хто мы ёсць.

Цім Слэйд вядзе нас у захапляльны шлях па слядах вандалізма і гераізма, распавядае пра разбуральныя для культуры дзеянні Саюзнікаў у час барацьбы з нацыстамі цягам Другой сусветнай вайны, пра знішчэнне старажытнейшых помнікаў культуры ў Сірыі ды Іраку. Ад Варшавы і Дрэздэна праз Мостар і Сараева да Пальміры і Цімбукту.

17.00 (арыентыровачна, адразу пасля фільма) – дыскусія Героі беларускай архітэктурнай спадчыны.

Кінатэатр Мір (Казлова, 4а).

Дыскусія, арганізаваная сумесна з Беларускім камітэтам ICOMOS, з’яўляецца лагічным працягам фільма. У Беларусі багата руін: замкі, сядзібы, сінагогі і кляштары. Грамадства пільна сочыць за імі. Часам непакой выклікаюць і дзеянні рэстаўратараў. Аднак не ўсё так кепска.

Што значыць быць прафесіяналам у гэтай галіне, і ці ёсць у Беларусі спецыялісты сусветнага класа? Ці магчымыя ў нас рэстаўрацыйныя цуды і людзі, гатовыя інвеставаць у спадчыну? Каму насамрэч належыць права на спадчыну? Лепшыя прыклады, гісторыі поспеху і абмеркаванне, чаму гэта няпроста – на нашай сустрэчы.

Уваход вольны, чакаем усіх зацікаўленых!

Падзеі:
Тэмы: