
Другое паседжанне ўніверсітэцкага семінара гэтага года будзе прысвечана тэме ”Разгубленая Еўропа?”
Семінар адбудзецца 28 лістапада (аўторак).
Госцем стане Улад Вялічка. Вядоўцы: Таццяна Вадалажская і Уладзімір Мацкевіч.
Пасля перыяду ў некалькі десяцігоддзяў паступовага разгортавання праграмы “Еўропа” мы сутыкнуліся з “крызіснымі праявамі”, якія ўсё часцей успрымаюцца як дыягназ канца гэтай праграмы. Пасля Другой сусветнай вайны Еўропа выяўлялася паступовай, канструктыўнай і канструюючай праграмай, што пашыралася і ахоплівала сваімі каштоўнасцямі, ідэямі, а з імі – і інстытутамі, і інфраструктурай усё большыя прасторы. Ці з’яўляюцца гэтыя дыягназы перабольшанымі, і крызісныя тэндэнцыі насамрэч не выходзяць за межы статыстычных хібаў развіцця? Ці гэта сапраўныя выклікі Ідэе Еўропы, якая рэалізуецца на самых розных ўзроўнях і ў розных плашчынях? А калі ёсць падставы канстатаваць злом праграмы, то у якой плашчыні: у палітычнай, ідэйнай, каштоўнаснай ці культурнай? Хто і як рэагуе на існуючыя ці ўяўныя выклікі?
Сустрэнемся 28 лістапада, пачатак у 19:00 (вул.Баграціёна, 39).
_________________________________________________________
Універсітэцкі семінар АРКА ёсць месцам і кантэкстам, дзе мы будзем шукаць у актуальных пытаннях нашага жыцця сутнасць і змест. Імклівая плынь часу выкідвае на паверхню жыцця самыя розныя падзеі, спрэчкі, з’явы. Што з гэтага вартае ўвагі і асэнсавання, што падлягае разгортванню і афармленню ў ідэю, думку, што патрабуе быць працягнутым? Як адказаць на гэтыя пытанні?
Перамяшчэнне, перанос з прасторы выпадковага ў спецыяльна арганізаваную прастору, якая задаецца рамкамі культуры і мыслення – гэта шлях надання з’явам з хуткаплыннага часу іншага значэння. Ва ўніверсітэцкай прасторы падзеі і словы атрымліваюць новы сэнс. Анталогія, рэфлексія, культурная аналітыка – рамкі для працы на семінары.