15 траўня 2019 года адбыўся першы выступ у межах Адкрытай кафедры Лятучага ўніверсітэта.
Тэму “Тэхналогіі ў медыцыне: выклік каштоўнасцям, стасункам і этыцы” прадставілі навукоўцы-лекары Андрэй Вітушка і Мікалай Галабародзька.
Часам падаецца, што развіццё тэхналогій у медыцыне мала тычыцца шэраговага беларуса. Але змены адбываюцца не толькі на тэхнічным узроўні, яны закранаюць сутнасныя ўяўленні пра чалавека і сацыяльныя стасункі вакол здароўя. “Ад патэрналізму праз супрацоўніцтва да медычнага дыгіталізму” — так можна апісаць шлях зменаў у стасунках “лекар—пацыент” пад уздзеяннем прасоўвання пэўных каштоўнасцяў і развіцця тэхналогій.
• Ці стварае гэты рух новыя пытанні і выклікі?
• Як будуць будавацца гэтыя стасункі і ці ёсць тут падставы для новых сацыяльных размежаванняў і няроўнасці?
• Як працуе з гэтымі і іншымі пытаннямі медыцынская этыка і біяэтыка?
• Ці тычацца нашага грамадства тыя выклікі, што сёння вызначаюцца ў сувязі з тэхналогіямі ў медыцыне?
• Ці закранае нас праблематызацыя базавых паняццяў, у межах якіх традыцыйна апісваюць біяэтыку (аўтаномія асобы, карыснасць і справядлівасць)?
Разам з лекарамі і спецыялістамі ў біяэтыцы мы паспрабавалі разабрацца з гэтымі пытаннямі і вызначыць іх актуальнасць для дзейнасці розных суб’ектаў у Беларусі.
Адкрытая кафедра Лятучага універсітэта — гэта серыя выступленняў экспертаў і інтэлектуалаў, якія закрануць тэму інстытуцыйных і сацыяльных зрухаў, звязаных з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій.
Наступны выступ адбудзецца 22 траўня, разам з Андрэем Ягоравым будзем разбірацца з прававым рэгуляваннем у інавацыйнай сферы.