Як я стаў інтэлектуалам: Ігар Бабкоў

05 верасня 2014

Виола Ермакова

Пара слов от автора

В бытность мою в последней, третьей по счету школе, у нас преподавал химию учитель с замечательным чувством юмора. Добрейший человек. Вот, скажем, выставляет он оценки за четверть. А у, например, Паши, в журнале ни одной оценки нет. Вызывает учитель  Пашу к доске, чтобы тот ему что-нибудь рассказал. Водит медленно ручкой по журналу, где написаны пройденные темы, и тянет задумчиво: «Скажи-ка мне… скажи-ка мне, как… как…» – и вдруг резко поворачивает к Паше, хлопает кулаком по столу и почти радостно восклицает «Как? Как ты докатился до жизни такой?!» А затем под общий хохот ставит тройку и отпускает.

Наверное, самое лучшее, что могут нам дать учителя — это не ответы, а вопросы. Вопрос химика остался со мной. На курсах, дискуссиях, школах и семинарах Летучего университета смотрела я на беларусских интеллектуалов и восклицала про себя: «Как? Как они докатились до жизни такой?» Как должен жить человек, как думать, что делать, чтобы однажды в него ткнули пальцем и сказали «Интеллектуал!» Одна из важнейших добродетелей ученика: не знаешь — спроси. Я пошла и спросила. Собранные ответы открывают рубрику «Как становятся интеллектуалами». Впрочем, интеллектуалы — товар штучный, именной. Поэтому и назваться они будут, например, так «Как я стал Андреем Егоровым». Или Міхалам Анемпадыставым. Или Ірынай Дубянецкай.

Собрано всего пять историй, далеко не со всеми случилось поговорить. Но если кому-то интересна история человека, до которого не дошла я, никто не мешает пойти и спросить.

Хочется надеяться, что эти тексты будут не только забавными. Кому-то, возможно, они помогут лучше понимать университетский курс, кому-то — выбрать себе учителя, а кому-то.. почему бы и нет?) стать тем, кого назовут интеллектуалом. 

История про Игоря Бобкова

Я не выдержу, я расскажу. Как Игорь Бобков стал Игорем Бобковым, вы прочтете ниже. Но сначала — пару слов о моей с ним первой встрече. Возможно, это станет для кого-то ключиком к тексту. 
ЕГУ, 2008 год, лето, Вильнюс, курс по постколониальным теориям. К нам приходит человек, о котором я знаю только имя. Он начинает говорить. Я честно пытаюсь понимать. Но вот незадача, через десять минут меня начинает клонить в сон. «Клонить» — мягко сказано, сленг даёт куда более точное слово — меня всерьез «рубит». Спать на паре невежливо, мобильных телефонов с интернетом еще нет, то есть деваться совершенно некуда. Он рассказывает, я почти отключаюсь. «Нужно как-то себя развлечь, иначе я усну» — говорю я себе. Но чем развлечь? И я решила отгадать загадку: выяснить, что такого делает этот человек, что мне хочется спать. Оставила все попытки следить за мыслью и стала изучать его речь. Оказалось: она выстроена в ритмичные пассажи и наполнена метафорами. Ритмы и метафоры, метафоры и ритмы, словно сказку рассказывает. Так вооот почему! 

Воодушевленная, я толкаю локтем в бок соседку: «Полина, Полина! У него ритмизованная речь, полная метафор! Да он же поэт!» «Виола, — строго говорит мне куда более культурно продвинутая соседка, — Не позорьтесь. Вообще-то это довольно известный поэт». Я краснею и умолкаю. 

Но теперь я знаю, что нужно делать. Поэтов нельзя слушать, как преподавателей. В их словах бесполезно искать четкую структуру. Их идеи не разворачиваются последовательно, как математическое доказательство. Поэты умеют спать и одновременно вслух рассказывать свои сны. И лучшее, что можно сделать — это «заснуть» и смотреть вместе с ними. С тех пор сны производства Игоря Бобкова — одни из моих любимейших. Вспоминается анекдот: «Ты еще не видел этот сон? Классный! Обязательно посмотри!»

Як я стаў…. Ігарам Бабковым

(Плён супольнай працы Віолы Ермаковай і Ігара Бабкова)

Напалеон Орда, Палац Румянцавых-Паскевічаў

 прастора

Я нарадзіўся ў цэнтры Гомеля, на вуліцы Рагачоўскай. Сам горад, яго тапалогія, думаю, на мяне паўплывалі найперш. Нарадзіцца і вырасці ў горадзе, у цэнтры якога знаходзіцца парк і палац, закладзеныя ў эпоху Асветніцтва, – гэта, безумоўна, карма. Спрыяе тапалагічнаму мысленню. Для якога галоўнае — гарманічнае размяшчэнне аб’ектаў у прасторы. Альбо дысгарманічнае, але таксама прадумана дысгарманічнае. Канфліктнае альбо некафліктнае. Яшчэ, можа быць, маштабнасць. Усё ж-такі Гомель – гэта горад над Сожам. І вось гэтая прастора, якая адкрываецца, калі падыходзіш да ўскрайку парка, гэты далягляд, адчуванне шырыні… Не так шмат такіх гарадоў у Беларусі. Хаця, можа і шмат. Гародня, Магілёў… 

Доўгі час, калі я з Акудовічам пачаў хадзіць на байдах, для мяне лясныя беларускія рэчачкі, маленькія, зарослыя, былі проста здзекам з ідэі ракі. Таму што архетып ракі для мяне – гэта Сож альбо Дняпро. Штосьці шырокае, разлеглае. 

правільная карціна свету

Сёння я разумею, што ў маіх бацькоў была правільная карціна свету. І правільны этас. Яны праўда, пра гэта не ведалі, таму не павучалі, а проста жылі. Бацька інжынер, геніяльны інжынер, прайшоў шлях ад рабочага да завадзкіх вышыняў. Маці мастар вытворчага навучання ў тэхнікуме. Іх этас быў хутчэй вясковы, але сапраўдны беларускі вясковы этас. Са сваім разуменнем, што правільна, а што не. І ў гэтай карціне свету адукацыя, розум стаялі на вельмі высокім месцы. Пры гэтым яны досыць гарманічна існавалі ў формах познесавецкай эпохі, хаця за іх і не трымаліся.

Частка настаўнікаў вучыць выходзіць за межы, формы і шукаць штосьці новае, а частка наадварот – такая канфуцыанская стратэгія – вучыць уменню існаваць у тых формах, якія ёсць. І гэта зусім не канфармізм. 

канец баявога дзяцінства

Я не памятаю, як навучыўся чытаць. Можа нават ужо ў школе. Бо дзяцінства ў мяне было баявое, хацелася больш бегаць, чым перагортваць старонкі. Толькі з пятага-шостага класа адбыўся пералом. Цалкам натуральны, бо не будзеш жа бясконца бегаць па вуліцы. Формы жыцця вычэрпваюцца. Ну і сам ужо амаль дарослы, хочацца выйсці за межы двара,  уступіць у нейкія больш сур’ёзныя стасункі. Так з’явіліся гурткі, секцыі. 

дзіцячая энцыклапедыя

Дома бібліятэкі практычна не было. Хаця, ясна, кнігі купляліся. Але хутчэй  тое, што было модна мець на паліцах. У позняй савецкай цывілізацыі былі дэфіцытныя тавары, і ў тым ліку кнігі. У дэфіцытнае зрэшты, патраплялі розныя рэчы. Так, я памятаю адкульсці паўсталыя томікі  Есеніна, альбо Легенды і паданні Лацінскай Амерыкі. Адна з першых кнігаў, якая мяне сфармавала, – дзіцячая энцыклапедыя. Два таўшчэзныя тамы. Там было ўсё, ад егіпецкіх фараонаў да кітайцаў, ад звяроў і птушак да навукі і тэхнікі. І я туды залез.

борхесаўская бібліятэка

Бацька тады працаваў у параходстве, і я, класе ў пятай, запісаўся ў бібліятэку  Гомельскага рачнога вузла. Дзіўная бібліятэка. Бабулька-бібліятэкарка – істота абсалютна міфалагічная, падобная да персанажаў Борхеса. Яна ведала ўсе кнігі сваёй бібліятэкі. Я прыходзіў, казаў «вось пра гэта» альбо «пра гэта», дзіцячая энцыклапедыя давала мне накірункі, і яна проста ішла і даставала, не шукаючы. 

Я не ведаю, як бібліятэка паўстала і як камплектаваўся кніжны фонд, але там была, напрыклад, акадэмічная гісторыя антычнасці. У пяці, здаецца, тамах. Кожны том пад тысячу старонак. Прыкладна ў шостай класе, калі я папрасіў бібліятэкарку даць мне што-небудзь пачытаць пра Старажытную Грэцыю, яна вынесла мне гэтыя тамы. Я выбраў два. Памятаю, прынёс адзін з іх на урок і ціхенька раскрыў пад партай. Калі настаўніца гісторыі задала пытанне, я падняў руку і пачаў расказваць, прыблізна на поўгадзіны. Спадзяваўся, што ўсе зацэняць. Але яна чамусьці страшна раззлавалася і ледзь не выгнала мяне з класа. Ёй гэта падалося формай здзеку. 

Там былі дзіўныя кнігі. Выдатная філасофская калекцыя: напрыклад шматтомнікі Платона і Арыстоцеля. Гэта я чытаў ужо, калі вучыўся на філасофіі ў Менску. Прыехаў у Гомель, і зайшоўшы па старых мясцінах, пабачыў чатыры тамы Платона. Дзіўная бібліятэка. Яе проста не магло быць, с такой калекцыяй. Можа яе й не было, і ўсё гэта мне прыснілася? А можа гэта нейкі стары бібліятэчны фонд. Каб яго захаваць, прыдумалі бібліятэку Гомельскага рачнога вузла. Таму што сумняюся, каб для маракоў рудавоза адмыслова замаўлялі чатырохтомнік Платона альбо акадэмічную гісторыю Грэцыі і Рыма. 

На абанеменце абласной бібліятэкі ў школьныя часы я ўзяў прыжыццёвае выданне Блэйка, на ангельскай мове. Хутчэй за ўсё са збораў Паскевіча, з рэшткаў старых бібліятэчных фондаў. Кніга была пашкоджаная і перакасабочаная, хутчэй за ўсё перажыла паводку, а можа і не адну. Блэйк для мяне сёння важны аўтар і сёння. Тады ж калі я пачаў чытаць, я нічога не зразумеў. Але зацікавіўся. Таму далей пайшлі пераклады Маршака, санеты Шэкспіра, Кітс, усё такое. Гэта было ў 9-10 класе. Я са здзіўленнем для сябе зразумеў, што мне гэта вельмі падабаецца, што гэта важна, і пачаў чытаць паэзію як раней фантастыку. Гэта і была для мяне фантастыка, толькі эмацыйная. Добрая паэзія вучыць разуменню сябе і света, але разуменню праз сэрца, праз эмоцыю. Крок за крокам я праходзіў праз тэксты як праз сцежкі. А пісаць сам пачаў ужо ва універсітэце, калі зразумеў, што гэта важна. І каб разумець сябе не абавязкова глядзець толькі ў чужыя люстэркі. 

шахматы

Шахматны клуб месціўся ў самым цэнтры Гомеля і падрыхтаваў мяне да філасофіі. Туды мяне запрасіў прыяцель. На той час шахматы ў Гомелі – практычна габрэйскі нацыянальны спорт. Адмысловы асяродак. І вось мой аднакласнік, сябра-габрэй, сказаў «А чаму не? Можна і табе паспрабаваць. Не толькі ж нам». І я паспрабаваў. І неяк хутка у восьмай класе стаў кандыдатам у майстры, чэмпіёнам Беларусі сярод школьнікаў. Падышоў да мяжы, пасля якой трэба было ўжо прафесіяналізавацца. І там спыніўся. Мне падалося, што шахматы – гэта толькі падрыхтоўка, практыкаванне перад чымсці іншым. Я прыйшоў да свайго трэнера з пытаннем, што трэба прачытаць, каб зразумець сэнс жыцця, зразумець, што ў гэтым жыцці вартае, а што не. Яна склала мне спіс кнігаў. Я зараз прыгадваю гэты спіс, для васьмікласніка ён быў вельмі сур’ёзны: практычна ўся сусветная літаратура. Ад Гамэра да Кафкі і Сэлінджара. Філасофіі праўда там не было. Філасофію я адкрыў для сябе сам, як сцежку, па якой можна ісці, напрыканцы школы. 

Да канца школы дваравога этасу ва мне не засталося. Можа быць таму, што ў нас не быў аўтэнтычны раёнчык, бандыцкі, ці наадварот, элітны, а быў звычайны гомельскі цэнтр. А вось шахматы – так, там ужо і свой этас. Інтэлектуалізм, культура, эрудыцыя, крытычнае мысленне. Там быць некультурным было проста непрынята. Мы ездзілі на спаборніцтвы ў розныя гарады, спыняліся ў гатэльчыках, снедалі ў рэстарацыях. Першае, чаму цябе вучылі — правільна трымаць нож і відэлец. Потым – чытаць правільныя кнігі. Калі ты не пазнаваў цытату з Ільфа і Петрова, не істотна, у шостай ты класе, ці дзясятай – ты не свой. Адмысловыя словы-паразіты, такія як “ў прынцыпе” прыліпалі адразу і на ўсё жыццё. Зараз гэта амаль забыта, але тады адказ на любое пытанне пачынаўся «ну, у прынцыпе»… і далей.

Шахматы – асноўны мой асяродак у старэйшых класах. Людзі, з якімі я мог пра штосьці размаўляць. Я быў самым малодшым, паколькі рана стаў кандыдатам у майстры, увайшоў у зборную вобласці і ездзіў увесь час са старэйшымі. Памятаю, як мы з Юрам Клімовічам, ходзячы па Савецкай, абмяркоўвалі Легенду аб Вялікім інквізітары Дастаеўскага. Юра сапраўдны інтэлектуал. Потым аказалася, што яго бацька – беларускі літаратар, які прайшоў праз сталінскія лагеры. Падняў славутае паўстанне, якое апісвае Салжаніцын.  

Шахматы былі альтэрнатыўнай супольнасцю. Гэта было тое іншае месца, якое мяне выбіла з традыцыйных роляў. І ў двары, і ў школе, і ў сям’і ты выконваеш пэўныя ролі, ёсць пэўныя чаканні. А шахматы – гэта адкрытая прастора, дзе ты становішся тым, кім ты сам хочаш і можаш быць. 

Кадр са стужкі Інгмара Бергмана “Сёмая пячаць”

 філасофія

Пачатак цікаўнасці да філасофіі – гэта дзяцінае ўсведамленне смерці. Кожны чалавек у пэўны момант сустракаецца з разуменнем «я таксама знікну», з ідэяй, што яго калісьці не будзе. І вось са мной гэта адбылося ў пятай класе. І пачаліся пошукі сэнсу. Я тады толькі-толькі рабіў свае першыя крокі, у мяне быў трэці разрад, і нас павезлі, здаецца, у Крычаў, на вялікі турнір, куды звозілі ўсю школьную малышню. Гэта было ўзімку. І я ўвесь турнір думаў пра гэта.

Філасофія пачыналася з кніжак, якія ўвесь час аказваліся не тымі. Калі я зразумеў, што буду займацца філасофіяй, я яшчэ не быў з ёй знаёмы напрасткі. Ва ўсіх бібліятэках прапаноўвалі «Анти-Дюринг», які я чэсна спрабаваў прачытаць. Не пайшло. Таму на той час гэта была хутчэй ідэя філасофіі, нейкія імёны, прозвішчы… Аднойчы ў дзясятай класе нас запрасілі на гомельскую тэлевізію. На дыскусію пра фізікаў і лірыкаў. Дарослыя, якія ўсё гэта арганізоўвалі, чакалі дзіцячага разсюсюквання. Нас рассадзілі на два бакі. І тут я горда заявіў, што сама апазіцыя фальшывая, і што напрыклад Дэкарт альбо Паскаль былі матэматыкамі і ў той жа час філосафамі. Адмовіўся займаць адзін з бакоў. Сеў пасярэдзіне. У дарослых адвіслі сківіцы, калі я пачаў расказваць пра Паскаля. Памятаю, потым мне яшчэ не адзін год мае гомельскія знаёмцы расказвалі ўражанні сваіх бацькоў, якія выпадкова глядзелі гэтую перадачу.

Бацькі радаваліся, што я не буду трэнерам па шахматах. Чамусьці ім шахматы падаваліся галоўнай небяспекай. Ім цяжка было уявіць такую прафесію – гуляцца ў фігуркі. Яны лічылі гэта несур’ёзным. Трэнер стаяў у іх іерархіі на апошнім месцы. Але і з філасофіяй не да канца было ясна. Маці доўга яшчэ пыталася ў мяне, ужо пасля універсітэта, чым канкрэтна я ў жыцці займаюся.

Але на мяне ніхто ніколі не ціснуў. Яны верылі, што я сам знайду тое, што хачу. Адзінае, я хаваў, што буду паступаць на філасофію ад настаўнікаў і школьных сяброў. У нас быў матэматычна-фізічны клас, і ўсе былі ўпэўнены, што я паступаю на матэматыку, фізіку, ці на нешта інжынерна-тэхнічнае. І калі даведаліся, што я пайшоў на філасофію, канечне, моцна здзівіліся.

“Фрыдрых Ніцшэ”, аўтар – Эдвард Мюнх (Edvard Munch)

вучоба

Менск напачатку падаўся чужым і халодным. Першыя сябры – аднакурснікі. На апошніх курсах у нас склалася прыўкрасная паўдысідэнцкая група, хаця сесьці ў турму мы не паспелі. Можа быць яшчэ і таму, што да філосафаў ставіліся як да не зусім нармальных. Нам шмат чаго было можна. У філосафы ў позднесавецкія часы нармальныя людзі не ішлі. Не ішлі дарэчы і тыя, хто хацеў рабіць ідэалагічную кар’еру. Бо лепшая ідэалагічная кар’ера атрымоўвалася з вытворчай біяграфіяй. Пры гэтым філасофія лічылася элітным аддзяленнем, на ім плацілі стыпендыю Карла Маркса — 55 рублёў. Усім астатнім, здаецца, 38. Агулам, гэта гістфак, з трыма аддзяленнямі: гісторыкі, філосафы і палітэканомы. Гісторыкі – больш правільныя і больш устойлівыя, філосафы незразумелыя і ненадзейныя, палітэканомы ўраўнаважвалі і забяспечвалі сувязь паміж гэтымі двума полюсамі.

Я на той час шукаў сваіх аўтараў. Усе больш і больш набіраў імёнаў і ідэяў, але не натрапляў на важныя кнігі. Першым тэкстам, які мяне перакуліў, стаў канечне ж, Ніцшэ. «Па той бок дабра і зла». Гэта быў першы курс філасофіі. Я быў непрыемна ўражаны тым, што навучанне пачалося з курса па гісторыі КПСС. Штосьці страшнае і мутнае. І ўвогуле, людзі, якія нам выкладалі, зусім не нагадвалі мудрых. Яны маглі быць кім заўгодна, але не тымі, хто мае  дачыненне да мудрасці.

Той тэкст Ніцше быў зачытаным ксераксам, які студэнты перадавалі адзін аднаму. Мне ён дастаўся на адну лекцыю. Трэба было паспець прагартаць, прачытаць, перапісаць важныя ўрыўкі. Чалавек сядаў на апошнюю парту, закрываўся па максімуму і пагружаўся. Лекцыі ясна не хапіла, таму далей пачаўся пошук па бібліятэках. Ва Ўніверсітэцкай бібліятэцы выдавалі  толькі падручнікі, а гэта быў канкрэтны адстой. Нават найлепшае — гісторыя філасофіі – усё адно была толькі пераказам. Таму мусіла быць бібліятэка. Але нас не пускалі.

На той час у Менску была Ленінка, у яе можна было запісацца пасля трэцяга курса. І тут аказалася, што ёсць бібліятэка Акадэміі навук, у якую ніхто асабліва не запісваўся, акрамя супрацоўнікаў Акадэміі. Таму там былі настроеныя больш ліберальна. На першым курсе мой прыяцель пазычыў білет чытача, і далей па ім хадзілі мы ўсе. Сёння адзін, заўтра другі. Прыгледзеўшыся, разведаўшы што да чаго, я зразумеў, што можна пайсці на авантуру. Атрымаўшы пасведчанне бетоншчыка трэцяга разраду ў будатрадзе, часовую прапіску ў інтэрнаце, я напрыканцы лета горда прыйшоў у бібліятэку і кажу «Хачу запісацца» «А хто вы?» «Бетоншчык, працую на заводзе» «Ну, ведаеце, у нас бібліятэка Акадэміі навук… Можа быць вам нецікава будзе». «Вы што, рабочаму класу адмаўляеце?» Гэта была магічная формула. Яны нават не паглядзелі на часовую прапіску. Мне выдалі сапраўдны білет чытача. Гэта быў скарб.

Там была рэдкая кніга, дзе можна было спакойна чытаць Ніцше і астатніх. І пачалося  канструяванне сваёй бібліятэкі, сваіх улюблёнцаў. Як у садзе разыходзячыхся сцежак Борхеса: ты натрапляеш на аўтара, які аказваецца твой, у гэтага аўтара ты сустракаеш імя другога, і так пачынаецца вандраванне.

У бібліятэцы было сваё асяроддзе. Утульныя канапкі. Там можна было проста жыць. Потым гэткім жа спосабам запісаўся мой прыяцель. Праўда яму не паверылі бы, што ён бетоншчык, у яго валасы былі задоўгія, але ён таксама штосьці прыдумаў. І мы пачалі хадзіць у гэтую бібліятэку. І да Ленінкі ўжо ставіліся з лёгкай пагардай. На трэцім курсе я нават не пайшоў туды запісвацца. 

А яшчэ мы прыдумалі сістэму вынаса кнігаў. Калі ты набіраў многа кніг, і калі да цябе ўжо прызвычаіліся, бо ты ходзіш практычна штодня,

яны не праглядалі кнігі на здачы, а проста пералічвалі, па колькасці. І мы пранасілі ў бібліятэку якую-небудзь левую кніжку, і падсоўвалі замест той, якую хацелася дачытаць увечары. Ясна, гэта не крадзеж, проста мы бралі на пару дзён, каб дачытаць з кубачкам кавы. Альбо, калі ўжо з’явіліся магчымасці, зрабіць ксеракс. Так ужо ў 84-м ці ў 85-м годзе мы адксерылі з бібліятэкі Акадэміі навук «Быццё і час» Гайдэгера. І ў нас яно было па-нямецку, калі яшчэ не было перакладаў.

Мы не толькі чыталі, але і абмяркоўвалі. Гэта былі цэлыя рытуалы. Часам да чытальнай залы мы так і не даходзілі. Там былі курылкі, прыбіральні, канапкі, фатэльчыкі – і мы размаўлялі.

Акрамя бібліятэкі, былі кавярні і вуліцы. Калі ты званіў чалавеку за дзень і прызначаў сустрэчу, напрыклад, а пятай пад гадзіннікам, ці на Чырвонай,  ці ў Хвілінцы, то гэта ўжо значыла вельмі многа. Гэта значыла, што чалавек мусіў настройвацца на размову. Не проста папіць кавы і разбегчыся. Гадзіны, кіламетры па прашпекту. Практыкі мыслення для нас тады – гэта практыкі як у старых грэкаў, перыпатэтычныя. Мы выходжвалі свае думкі і свае ідэі.

Кадр са стужкі Мілаша Формана “Палёт над гняздом зязюлі”

рэалізацыя метафары вар’яцтва

За год да майго прыходу на аддзяленне адбыўся так званы «бунт філосафаў». Камсамольская арганізацыя аднаго з курсаў звярнулася ў дэканат з прапановамі паляпшэння навучальнага працэса. Пісалі на камсамольскім аптымізме, энтузіязме. Але не ўлічылі, што ўжо былі польскія падзеі, Салідарнасць. Імі адразу занялося КДБ. Калі мы паступілі, ужо адбыўся разгром, і на філосафах ужо афіцыйна стаяла кляймо ненадзейных. Таму наша пакаленне ўжо не верыла ў камсамольскі энтузіязм, а спрабавала выскачыць з сістэмы. Мы пачалі шукаць дзіркі, месцы, дзе бы ты быў недасягальны.  

Я ў пэўны момант прыдумаў геніяльны праект. І радыкальны. Каб не чапляліся з рознымі ідэалагічнымі рэчамі, легчы, у псіхічную лякарню ў Навінкі. Ясна, што з такім кляймом ад чалавека ўжо не так проста чагосці патрабаваць. Можа нават атрымаецца выбіць вольнае наведванне. І вось я іду ў дыспансэр і расказваю лекарцы, што ўяўляю сябе персанажамі Дастаеўскага. З братоў Карамазавых. Яна сур’ёзна гэта занатавала і накіравала ў Навінкі. Мне весела, я прыходжу туды, і мяне там запіраюць. І тут ужо становіцца не да гульняў… Аказалася, што гэта практычна турма. Калі я зразумеў гэта на другі дзень, я прыходжу да лекаркі і кажу «Усё не так, я сябе зусім не уяўляю персанажамі, і Карамазавы мне не сняцца, гэта быў проста жарт». На што яна такім халодным голасам пытаецца «А як вы думаеце, нармальнаму савецкаму чалавеку такія жарты могуць прыйсці ў галаву?» І тут я разумею, што мяне сто працэнтаў не выпусцяць. Што бы я ні расказваў, гэта ўжо патрапляе ў гісторыю хваробы. Сем дзён я там прасядзеў, не ведалі, што са мной рабіць, давалі нейкія пігулкі, якія я, ясна, выплёўваў. Потым, калі глядзеў «Палёт над гняздом зязюлі», ледзь не плакаў, таму што гэта было дакладна пра мяне. 

Там зрэшты быў свой асяродак. Сядзелі, ясна, і сапраўдныя псіхі, але няшмат. Траціна — крымінальнікі, якія там адпачывалі, траціна розных дзівакоў. Я памятаю спецназаўца Сашу, пасля Аўганістана. Яму проста зносіла дах і ён пачынаў біць усіх, хто патрапляў пад руку. Быў яшчэ студэнт кансерваторыі, які не мог растлумачыць, што ён там робіць.  А там стаяла фартэпіяна на калідоры…  і раз-пораз гучаў джаз. 

Я правёў там тыдзень ці два, ужо не памятаю. І мяне выратаваў… ну не, не цуд. Проста доктарка стамілася са мной змагацца. Трэба было ставіць нейкі дыягназ, браць на сабе адказнасць. А тут была выязная школа Інстытуту падвышэння кваліфікацыі. І прафесар, здаецца, Волкаў, збіраў там псіхіятраў з усёй Беларусі. Лекарка мяне туды адвяла. На маё шчасце Волкаў аказаўся акрамя таго што доктар медыцынскі, яшчэ і кандыдат філасофскіх навук і аматар Дастаеўскага. Ён  пачытаў мой дыягназ, паглядзеў на мяне, ціхенька так адвёў у бок, кажа «Я ўсё разумею. Вы, галоўнае, дроў не наламайце. Напрыканцы я вам дам тэст і, як бы вы яго ні прайшлі, заяўлю, што ўсё нармальна. Так што не хвалюйцеся».

І пачынаецца перакрыжаваны допыт: ўсе псіхіятры Беларусі задавалі пытанні і ставілі дыягназ. І такі паставілі: поўны шызафрэнік, трэба лячыць. І тут Волкаў дае мне тэст і ўсім радасна паведамляе «Не, троешнікі! Ён цалкам здаровы!». І мне выдалі дзіўную даведку, што я знаходзіўся на абследаванні ў дурдоме і прызнаны ўсё ж такі здаровым. 

Я выходжу на калідор з даведкай, а там сябры. Пачыналася ўсё на вакацыях, ніхто не ведаў, што я там ляжу. Але пазней зразумелі, што адбываецца, і прыехалі вызваляць. 
Ведаю дакладна, што я не адзіны са студэнтаў-філосафаў, хто спрабаваў рэалізаваць такі вар’яцкі праект. Але так далёка пранікнуць у сэрца савецкай псіхіятрычнай сістэмы ніхто не адважыўся. Звычайна ўсе абмяжоўваліся дэпрэсіямі і дыспансэрам. Ніхто не дадумаўся да легенды пра персанажаў Дастаеўскага. Я там, канечне, нагаварыў многа, фантазія пачала працаваць буйна. Нагаварыў такога, што хапіла бы на некалькі дыягназаў. 

Але самае дзіўнае – ад мяне адчапіліся. Гэта стала вядома на факультэце. Мне ж трэба было прадставіць даведку, чаму я адсутнічаў тыдзень на занятках. Так што ўсё. Я цяпер кіназорка.

Чаму важна была менавіта такая даведка – ты аўтаматычна пераставаў выглядаць антысаветчыкам, а станавіўся ціхім спакойным філосафам-вар’ятам. І ступень свабоды павялічвалася. «Аааа, ну ён жа ляжаў у Навінках!» – і ўсё. Я памятаю, на пятым курсе я ўжо мог дазваляць сабе чыстае дысідэнцтва… Так, у нас былі  асабістыя комплексныя планы, сшытачкі, у якія студэнт быў абавязаны запісваць колькі твораў Маркса прачытаў, ці азнаёміўся з матэрыяламі 26-га з’езда КПСС і гэтак далей. Ідэалагічнае самавыхаванне. Я на пятым курсе напісаў сабе заданне прачытаць творы маладога Маркса, лісты пра цэнзуру. І на абмеркаванні сказаў, ведаеце, у савецкім грамадстве ёсць цэнзура. А там сядзіць старшынёй Круглоў, такі быў «атэіст», які быў галоўным данасіцелем і яго ўсе баялісь. «Сядьте! На место! Что вы тут говорите!» Потым на гэтай падставе зрабілі – гэта ўжо другая гісторыя – справу КГБ, на мяне, майго прыяцеля і некаторых выкладчыкаў. І вырашалі, ці нас выкінуць з універсітэта, ці дазволіць давучыцца. Тады ў пэўным сэнсе нам пашэнсіла: перабудовы яшчэ не было, але ўжо крышачку цяплей. Пачалося «паскарэнне». 

Чытаць другую частку.

Чытаць іншыя гісторыі:

Як я стаў інтэлектуалам. Міхал Анемпадыстаў

Как я стал интеллектуалом. Андрей Егоров

Як я стаў інтэлектуалам: Павел Баркоўскі

Персоны:
Падзеі: