Курапаты як грамадская прастора і месца памяці

19 верасня 2017

У межах школы “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё” было выканана даследаванне знакавага месца памяці Курапаты. Даследчыкі – Аляксей Зянько, Кірыл Мальцаў, Наталля Агарэлышава, Вікторыя Лапанік, Алена Мезенцава.

Цьютары: Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Іван Вядзенін.

Курапаты – гэта ўнікальная частка гораду, якая яднае ў сабе ўласцівасці класічнага месца памяці і грамадскай прасторы. Гэтыя ўласцівасці спараджаюць і падтрымліваюць адна адну. Падзеі мінулага, гістарычная памяць, звязаная з гэтымі падзеямі, робіць гэтае месца месцам грамадскай і палітычнай актыўнасці пэўных сацыльных груп, адпаведнай памяці практыкі (ўшанаванняў, усталяванне крыжоў, шматлікія талокі і г.д). Гэтыя дзеянні цягам больш як 25 год стварылі ўжо сучасную гісторыю і напоўнілі прастору новымі сэнсамі, зрабіўшы яе месцам праяўлення грамадзянскай пазыцыі, чалавечых каштоўнасцяў і супольнай памяці. Гэтыя дзеянні і практыкі сталі сымбалем кансалідацыі і праяўленнем актыўнасці грамадзянскай супольнасці, а з іншага боку менавіта праз гэтыя практыкі (іх неперарыўнае існаванне) Курапаты сёння маюць магчымасць несці памяць і ўсе тыя каштоўнасці, якія былі выпрацаваны грамадствам за гэты час.

Аднак сёння Курапаты – яшчэ і месца сутыкнення розных інтарэсаў і нявызначанай будучыні. І погляд на гэтую будучыню становіцца спрэчнай тэмай для людзей, якія ўяўляюць гэтае месца па-рознаму. Для адных гэта месца памяці і смутку, для другіх – частка культурнага ці палітычнага ландшафту, а для трэціх – проста месца шпацыру ці адпачынку. У грамадскай свядомасці Курапаты маюць статус канфліктнага месца, што абвастрае праблемы і патрабуе пошуку ідэй і накірункаў для іх вырашэння. Увага беларускай дзяржавы, якая праявілася ў апошні час, з аднаго боку робіць пытанне Курапатаў (а з ім і пытанне памяці) актуальным і рэзанансным у грамадстве. З іншага боку, гэта стварае пэўную пагрозу страты грамадскага кшталту гэтага месца, напаўнення яго інтарэсамі, сэнсамі і каштоўнасцямі грамадскіх груп і асобных людзей. Што рабіць з гэтым месцам? Пакінуць усё як ёсць? Паставіць помнік, царкву, мемарыял да ўжо наяўных там драўляных крыжоў? Што аб’ядноўвае ў гэтым месцы людзей, а что можа раз’яднаць? Якой бачыцца будучыня і куды варта скіроўваць увагу ды высілкі для яе дасягнення? На гэтыя пытанні няма аб’ектыўна правільных адказаў, калі мы ставімся да Курапат як да грамадскай прасторы і да месца памяці, якая зменліва і сугучна культурнаму, гуманітарнаму і грамадскаму кантэксту. Адказы трэба шукаць у сетцы зместаў, сэнсаў і ўзаемаадносінаў розных груп. Таму даследаванне было скіравана на высвятленне структуры адносінаў і ўзаемадачыненняў розных суб’ектаў вакол Курапатаў, а таксама на пошук агульнай статэгіі развіцця гэтага месца.

Ход даследавання

У першую чаргу фокус даследвання накіраваны на тых людзей якія наўпрост ці ўскосным чынам займаюцца Курапатамі, а таксама на тых, хто мог бы мець ідэі па развіцці гэтага месца. Было вылучана 13 груп суб’ектаў – носьбітаў ідэяў, сэнсаў і практык:

  • Грамадскія актывісты. Грамадскія ініцыятывы, якія пастаянна займаюцца Курапатамі;
  • Ахова спадчыны. Спецыялісты па ахове помнікаў гісторыі і культуры;
  • Дзеячы мастацтва. Мастакі, дызайнеры, музыкі, якія прысвяцілі свае творы Курапатам;
  • Дзяржава. Дзяржаўныя структуры, якія маюць дачыненне да Курапатаў;
  • Духавенства. Прадстаўнікі цэркваў, якія ажыццяўляюць практыкі ў Курапатах;
  • Афіцыйныя прадстаўнікі замежных дзяржаў, якія наведваюць Курапаты;
  • Прадзяржаўныя эксперты (IMHO-club). Эксперты, меркаванне якіх транслюецца афіцыйнымі СМІ;
  • Медыі і СМІ, якія маюць спецыяльныя праекты пра Курапаты;
  • Палітыкі, лідары і актывісты, якія ажыццяўляюць грамадскія і палітычныя акцыі ў Курапатах;
  • Спецыялісты па гарадскім планаванні. Прафесіяналы ў сферы горадабудаўніцтва;
  • Спецыялісты па памяці. Гісторыкі, сацыёлагі, культуролагі;
  • Урбаністы і гарадскія актывісты;
  • Эколагі і “зялёныя” актывісты.

Для выўлення пазіцый гэтых груп мы выкарыстоўвалі апытанне метадам глыбіннага інтэрв’ю, аналіз дакументаў (вывучэнне публікацый у СМІ, датычных аб’екта даследавання), непасрэднае назіранне за падзеямі ў Курапатах.

Пры аналізе пазіцыі кожнага з суб’ектаў была звернута ўвага на:

  • Змест памяці (сэнсы, вобразы, каштоўнасці, якія ўкладаюцца суб’ектамі ў Курапаты);
  • Практыкі і камунікацыі (тыпы дзеянняў, рэгулярнаць, сувязі і стасункі паміж суб’ектамі);
  • Бачанне будучыні (вобразы, ідэі, мадэлі развіцця, праграмы і праекты)

 Асноўныя вынікі даследавання.

Практыкі: салідарныя пратэстоўцы і раз’яднаныя прафесіяналы.

Падчас інтэрв’ю суб’ектам былі зададзеныя пытанні пра тое, што яны робяць у Курапатах або дзеля іх, як рэгулярна, хто яшчэ ў гэтым удзельнічае і г.д. Пошук гэтай інфармацыі таксама адбываўся праз сеціва, а некалькі разоў даследчая група сама станавілася сведкамі і удзельнікамі падзей у Курапатах.

Вынікам аналізу сабранай інфарамацыі стала інтэрактыўная мапа, створаная пры дапамозе адмысловай пляцоўкі для візуалізацыі дадзеных і адлюстравання стасункаў і сувязяў. На мапу нанесены ўсе 9 “тыпаў практык”, якія былі выяўленыя падчас даследавання: пратэстныя акцыі, прыбіранне тэрыторыі, рознага кшталту рытуальныя дзеянні, арганізацыя дыскусій, юрыдычная і даследніцкая дзейнасць ды іншые. Кожная з практык злучана з тымі суб’ектамі, якія яе ажыццяўляюць.

Інструкцыя да мапы:

Суб’екты пафарбаваныя ў розныя колеры, якія паказваюць іх прыналежнасць да пэўных “груп суб’ектаў”. Самі суб’екты, у сваю чаргу, звязаны паміж сабою ў тых выпадках, калі даследчая група заўважыла супрацоўніцтва ці стабільную камунікацыю між гэтымі суб’ектамі.

Навёўшы мышку на якую-небудзь “практыку”, можна высветліць, якія суб’екты ёю звычайна займаюцца. Адпаведна, калі навесці на аднаго з суб’ектаў, то будзе відаць, што ён робіць і з кім пры гэтым камунікуе. А калі клікнуць мышкай па суб’екце, то з левага боку можна ўбачыць кароткія тлумачэнні і прыналежнасць гэтага суб’екта да пэўнай “групы”. Каб скасаваць выбар, трэба проста клікнуць па пустым полі на мапе.

Найбольш рэгулярная практыка – прыбіранне тэрыторыі. Яна ажыццяўляецца два разы на тыдзень дзвюма рознымі групамі грамадскіх актывістаў. Гэтыя акцыі прынята называць талокамі. Талок няма толькі ў зімовы сезон. Прадстаўнікі некаторых палітычных структур часам далучаюцца да актывістаў або ладзяць свае ўласныя талокі, часта прымяркоўваючы іх да якіх-небудзь важных дат. Актывісты маюць камунікацыю з лясгасам, на балансе якога знаходзіцца ўрочышча, і паміж імі ёсць нават пэўная каардынацыя дзеянняў.

Практычна гэтыя ж людзі займаюцца і стварэннем памятных знакаў. Як правіла, гэта ўсталяванне ў Курапатах звычайных драўляных крыжоў, але бываюць і іншыя аб’екты. У гэтым да іх далучаюцца дзеячы мастацтва, непасрэдна распрацоўваючы памятныя знакі. Прадстаўнікоў духавенства запрашаюць у Курапаты для асвячэння крыжоў, але звычайна гэта святары Грэка-каталіцкай царквы ці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Усталяванне памятных знакаў звычайна прымяркоўвацца да адпаведных дат або, напрыклад, да завяршэння сезону талок. А можа гэта адбывацца і проста тады, калі актывістамі сабрана неабходная сума для вырабу чарговага комплексу крыжоў. Усю сукупнасць створаных у Курапатах памятных знакаў прынята называць “Народным мемарыялам”, пра які яшчэ пойдзе гаворка ніжэй.

Часта ўсталяванне памятных знакаў прымяркоўваецца да розных акцый ушанавання памяці і іншых рытуальных дзеянняў. Бывае, што самі акцыі носяць дастаткова масавы характар, але звычайна іх удзельнікі – грамадскія актывісты і палітычныя дзеячы (а не шырокае кола грамадзянаў). Такія масавыя мітынгі Курапаты збіраюць раз на год, на свята “Дзяды”. А наогул, арганізаваныя акцыі ўшанавання памяці ў Курапатах праводзяцца штомесяц больш вузкім колам актывістаў і палітыкаў. Гэта абавязкова суправаджаецца малітвамі, якія чытаюць святары адзначаных вышэй цэркваў. Але, асобна ад гэтага, святу Дзядоў свае малебны ў Курапатах прысвячае і Беларуская праваслаўная царква. На Дзяды ва ўрочышчы моліцца таксама Апостальскі нунцый (пасол Ватыкана), а часам Курапаты наведваюць і афіцыйныя прадстаўнікі іншых краін. Часцей за ўсё гэта польскія дыпламаты, чые візіты ў Курапаты суправаджаюцца святарамі Рыма-каталіцкай царквы.

Палітыкаў з грамадскімі актывістамі таксама яднаюць нерэгулярныя, але вельмі гучныя стыхійныя пратэстныя акцыі. Звычайна гэта пратэсты супраць будаўніцтва побач з Курапатамі. Акцыі гэтыя нельга назваць надта масавымі, але яны вельмі працяглыя ў часе, добра асвятляюцца ў медыях і моцна прыцягваюць увагу грамадскасці. Многія людзі менавіта праз гэтыя сітуацыі і ўвагу СМІ даведваюцца (ці ўзгадваюць) пра існаванне Курапатаў, якія амаль не прысутныя ў свядомасці, культурным і грамадскім жыцці. Трактуюцца гэтыя акцыі па-рознаму, але відавочна тое, што яны прыносяць Курапатам славу менавіта “пратэстнага месца”.

У такіх крызісных сітуацыях актывісты з палітыкамі пачынаюць больш актыўна займацца юрыдычнай дзейнасцю, ведучы афіцыйную перапіску з ворганамі дзяржаўнай улады або, напрыклад, асабіста сустракаючыся з чыноўнікамі. Але больш сістэматычна гэтым займаецца “Таварыства аховы помнікаў”, якое практычна не камунікуе ані са згаданымі актывістамі, ані з палітыкамі. Але, з іншага боку, Таварыства мае досыць цесную сувязь з палітычным рухам “За свабоду”, і менавіта гэтая арганізацыя, выконваючы ролю пасрэдніка, спрабуе даносіць да актывістаў ідэі Таварыства пра тое, як ахоўваць Курапаты юрыдычнымі шляхамі. Асаблівым чынам юрыдычную працу па Курапатах праводзяць і эколагі, якія, зважаючы на спецыфіку ўрочышча, спрабуюць дамагчыся ўвядзення ў Беларусі прававога ахоўнага статусу “Культурны ландшафт”, які пасля Курапатаў можна будзе надаць і многім іншым тэрыторыям. А прадстаўнікі Польшчы вядуць перамовы з беларускай уладай наконт даследаванняў, датычных выяўлення пахаванняў польскіх грамадзянаў у Курапатах.

Вяртаючыся да “Народнага мемарыялу” (практыкі ўсталявання і замены крыжоў), трэба адзначыць, што практычна ўсе лічаць яго каштоўнасцю, але не заўсёды ён успрымаецца як завершаная мемарыялізацыя. Таму некаторыя грамадскія ініцыятывы праводзяць адмысловыя конкурсы на канцэпцыю мемарыялізацыі Курапатаў. Падобны конкурс быў абвешчаны і Міністэрствам культуры, але на момант публікацыі вынікі гэтага конкурса невядомыя.

Адначасова са згаданым конкурсам, рэдакцыя дзяржаўнай газеты “СБ-Беларусь сегодня” ініцыявала шэраг абмеркаванняў будучыні Курапатаў, у тым ліку сабрала працоўную групу па мемарыялізацыі, у якую запрасіла і некаторых актывістаў. Падобныя размовы таксама адбываліся на некаторых дзяржаўных тэлеканалах. Тэма Курапатаў гучыць і на грамадскіх абмеркаваннях горадабудаўнічых праектаў, а праблему ўрочышча на іх сістэматычна падымае Таварыства аховы помнікаў. Актывістамі збіраюцца круглыя сталы, працоўныя групы, форумы, прысвечаныя розным праблемам Курапатаў, куды запрашаюцца спецыялісты ў розных сферах. А палітыкі, як правіла, актывізуюцца ў крызісных сітуацыях, і ініцыяваныя імі абмеркаванні збольшага носяць характар планавання неадкладных дзеянняў.

Курапаты – гэта таксама месца, якое патрабуе разнастайных даследаванняў. Даследчую дзейнасць па Курапатах праводзіць група “Эксперты ў абарону Курапат”, шэраг незалежных даследчыкаў, хто мае адпаведныя прафесійныя здольнасці і рэсурсы, а таксама інстытуты Акадэміі навук (Інстытут гісторыі і Інстытут эксперыментальнай батанікі). Сваё даследаванне Курапатаў правёў і Лятучы ўніверсітэт, ягоныя вынікі знаходзяцца зараз перад вамі.

Вельмі важнай справай з’яўляецца папулярызацыя Курапатаў. Ёй займаюцца шэраг СМІ, ствараючы адмысловыя медыяпраекты, а таксама грамадскія актывісты, якія праводзяць адпаведныя імпрэзы і робяць публікацыі. Некаторыя палітыкі пішуць кнігі пра Курапаты або распрацоўваюць агульныя стратэгіі папулярызацыі гэтага месца. Многія дзеячы мастацтва прысвячаюць Курапатам свае творы, і ўся гэтая дзейнасць заклікана ствараць неабходны інфармацыйны кантэкст вакол месца памяці.

Асобна варта адзначыць паводзіны мясцовых жыхароў. Некаторыя з іх удзельнічаюць у талоках, але разам толькі з адной групай актывістаў, а таксама штогод прыходзяць у Курапаты на праваслаўныя набажэнствы. Самастойна працуе адзін мясцовы іканапісец, які малюе абразы святых на камянях у Курапатах, чытае там малітвы, прыбіраецца і даглядае ўрочышча. Некаторыя з мясцовых жыхароў удзельнічалі і ў пратэстных акцыях. А аднойчы даследчая група напаткала ў Курапатах сям’ю з іншага горада, якая прыехала ў Курапаты, каб ушанаваць памяць пра свайго рэпрэсаванага дзеда. Пры гэтым яны не мелі сувязяў з тымі, хто звычайна займаецца Курапатамі. Гэтая сям’я прымацавала таблічку з іменем свайго продка да аднаго з крыжоў і ўскладае да яго кветкі. Падобных таблічак у Курапатах ёсць шмат. Але звычайна мясцовыя выкарыстоўваюць Курапаты ў якасці простага парка, досыць утульнай рэкрэацыйнай прасторы. Цераз ўрочышча праходзіць зручны кругавы маршрут, па якім любяць выгульваць сабак. А тое, што большая частка ўрочышча знаходзіцца па-за адміністрацыйнымі межамі горада і не патрулюецца міліцыяй, робіць Курапаты выгодным месцам для адпачынку з ужываннем алкаголю. Таксама было заўважана, што Курапаты – папулярнае месца веласіпеднага транзіту. Ровары выязджаюць праз урочышча з Зялёнага луга на заслаўскую шашу і ў адваротным кірунку, і гэта можа стаць дыскусійнай тэмай пры мемарыялізацыі або праектаванні сеткі роварных сцежак Мінска.

Апісаныя практыкі ўмоўна можна падзяліць на дзве катэгорыі. Першая катэгорыя была названа “практыкамі салідарнасці”. Такія практыкі звычайна адбываюцца на месцы, у саміх Курапатах. Да іх лёгка далучыцца, яны не вымагаюць нейкіх прафесійных здольнасцяў ці асаблівых рэсурсаў. Гэта такія практыкі як прыбіранне ўрочышча, стварэнне памятных знакаў, рытуальныя ці пратэстныя акцыі. Другая ж катэгорыя атрымала назву “прафесійныя практыкі”. Яны рэдка праходзяць ў самім урочышчы, патрабуюць кваліфікацыі і пэўных рэсурсаў. Да гэтай катэгорыі аднесеныя юрыдычная і даследчая дзейнасць, праца над канцэпцыяй мемарыялу, папулярызацыя тэмы Курапатаў, ініцыяванне розных абмеркаванняў.

Калі цяпер, зразумеўшы гэтыя дзве катэгорыі, вярнуцца да агляду мапы і звярнуць увагу на тое, як па ёй размеркаваныя практыкі, можна заўважыць наступнае: “практыкі салідарнасці” сканцэнтраваныя ў адным месцы, а “прафесійныя практыкі” распаўсюджаныя па ўсёй мапе. Гэта сведчыць пра тое, што “практыкі салідарнасці” збольшага звязаныя з аднымі і тымі ж суб’ектамі, з аднымі людзьмі, якія ў сваю чаргу цесна камунікуюць міжсобку. А “прафесійныя практыкі” так размеркаваліся па мапе, бо ажыццяўляюцца вельмі рознымі суб’ектамі, якія да таго ж слаба камунікуюць як паміж сабой, так і з суб’ектамі “практык салідарнасці”.

Працягваючы свае пошукі заканамернасцяў, разумеем, што “практыкі салідарнасці” – самыя рэгулярныя, самыя масавыя і найбольш вядомыя. Больш за тое, суб’екты менавіта гэтых практык пакідаюць у Курапатах “маркеры прысутнасці” ў выглядзе памятных знакаў. І таму лагічна, што ў грамадскай свядомасці Курапаты пачынаюць асацыявацца менавіта з гэтымі людзьмі. А калі мы праверым на мапе, з кім канкрэтна звязаныя “практыкі салідарнасці”, то заўважым, што гэта пераважна грамадскія актывісты і палітыкі (аранжавы і сіні колеры).

Па выніках аналіза можна зрабіць шэраг высноваў:

  1. Практыкі “салідарнасці” пераважаюць паводле рэгулярнасці, вядомасці і колькасці ўдзельнікаў, якія маюць цесную камунікацыю паміж сабой, аднак большасць гэтых суб’ектаў складаецца толькі з двух груп: актывістаў і палітыкаў;
  2. “Прафесійныя” практыкі не носяць рэгулярнага характару і досыць малавядомыя. Яны збіраюць розныя групы суб’ектаў, але гэтыя групы не маюць такой цеснай камунікацыі паміж сабой, як прадстаўнікі практык “салідарнасці”. Такія практыкі маюць вялікі, але нерэалізаваны патэнцыял уплыву на стан Курапатаў;
  3. Ёсць недахоп камунікацыі паміж тымі суб’ектамі, якія ажыццяўляюць практыкі “салідарнасці” і тымі, якія займаюцца “прафесійнымі” практыкамі;
  4. Найбольшую вядомасць маюць “практыкі салідарнасці”, бо яны самыя рэгулярныя, масавыя і пакідаюць “маркеры прысутнасці” ўнутры Курапатаў: крыжы, памятныя знакі і г.д. Але такія практыкі звычайна збіраюць толькі дзве групы суб’ектаў грамадскіх актывістаў і палітычных дзеячоў. Адсюль і ўзнікае эфект “прыватызаванасці”.

 Змест памяці: нацыянальны некропаль або брацкая магіла?

На падставе інтэрвью і публікацый у СМІ была створана мапа, на якой паказаны сабраныя сэнсы, каштоўнасці, ідэі, што ўкладаюцца у разуменне і ўспрыняццё Курапатаў – змест памяці.

Інструкцыя да мапы:

Вузлы сэнсаў, сабраныя на мапу, звязаныя з групамі суб’ектаў, якія выказвалі адпаведныя ідэі і зместы. Чым большы памер мае элемент на мапе, тым большай колькасці груп уласцівая адпаведная характарыстыка Курапатаў.

Па выніках аналіза дадзеных былі вылучаныя шэсць асноўных дыскурсаў у якіх асэнсоўваюцца Курапаты і памяць, звязаная з гэтым месцам:

⦁          Агульнагуманістычны дыскурс. “Курапаты гэта месца спачыну мноства людзей, якія загінулі ў выніку злачынства і несправядлівасці. Сімвал бездапаможнасці чалавека перад таталітарнай сістэмай. Гэта месца смутку па памерлых, месца роздуму і ўласных перажыванняў, пакаяння за тое, што была дапушчана такая трагедыя і малітваў за светлую будучыню. Галоўным з’яўляецца тое, што тут адбылася трагедыя асобных людзей і сем’яў. Важным з’яўляецца адкрыццё архіваў, персаніфікацыя ахвяр, выяўленне пацярпелых сацыяльных груп”.

⦁          Агульнагістарычны дыскурс. “Курапаты гэта месца траўматычнага досведу грамадства, які звязаны са сталінскімі рэпрэсіямі. Адкрыццё пахаванняў стала важным чыннікам дэкаланізацыі і эмансіпацыі памяці, права грамадства на ўласную трактоўку свайго мінулага. З усведамлення трагедыі ў Курапатах пачынаецца пераасэнсаванне савецкага перыяду гісторыі, разуменне небяспекі камуністычнай ідэалогіі і таталітарнага ладу”.

⦁          Нацыянальнаарыентаваны дыскурс. “Курапаты гэта месца агульнанацыянальнай памяці пра масавае забойства беларусаў. Тут вынішчаліся найлепшыя прадстаўнікі нацыі, і падзеі ў Курапатах могуць трактавацца як генацыд беларускага народу. Курапаты можна назваць нацыянальным некропалем, бо гэта найбуйнейшае пахаванне ў Беларусі. Адкрыццё гэтага пахавання стала фактарам нацыянальнага адраджэння і здабыцця Беларуссю суверэнітэту і незалежнасці, а сёння Курапаты могуць стаць месцам, з якога пачнецца нацыянальнае аб’яднанне беларусаў”.

⦁          Грамадска-палітычны дыскурс. “Курапаты гэта месца, звязанае з палітычным пераследам дзяржавай сваіх грамадзянаў. Сёння ў Курапатах створаны пратэстны грамадзянскі помнік, які можна лічыць увасабленнем грамадзянскай супольнасці Беларусі. Тэма Курапатаў у значнай ступені палітызаваная і можа выкарыстоўвацца ў якасці палітычнага капіталу. Падзеі, якія тут адбыліся, ставяць пытанне пра выкананне канцэпцыі правоў чалавека і неўжыванне дзяржавай гвалту ў дачыненні да грамадзянаў”.

⦁          Дыскурс прыроднага і гарадскога асяроддзя. “Курапаты гэта адначасова частка гораду і прыроднага асяроддзя. Гэтае месца выкарыстоўваецца як парк і публічная прастора, дзе людзі розным чынам рэалізоўваюць сваё права на горад. Курапаты таксама з’яўляюцца помнікам прыроды і лесаводства, а зважаючы на гісторыка-культурнае значэнне гэтага месца, яго можна ахарактарызаваць як культурны ландшафт”.

⦁          Дыскурс кансервацыi. “Курапаты гэта месца, дзе пахаваныя людзі, і не так важна, чыя гэта віна. Няма вычарпальных доказаў, што тут праходзілі толькі сталінскія рэпрэсіі, расстрэлы маглі адбывацца і пад нямецкай акупацыяй. Таму трэба спыніць любыя спекуляцыі на тэме Курапатаў і не дапускаць іх палітызацыі, а памяць пра ахвяраў увекавечыць і пакінуць Курапаты ў спакоі.”

Аналізуючы вызначыныя дыскурсы мы можам зрабіць шэраг высноваў:

Па-першае, агульнагістарычны і грамадска-палітычны дыскурсы змяшчаюць у сабе супярэчлівыя і патэнцыйна канфліктныя тэмы, такія як:

  • Пошук гістарычнай адказнасці. У Курапатах адбылося злачынства сталінскай сістэмы, савецкай дзяржавы ці камунізму наогул? Ці не маглі там здзяйсняцца расстрэлы ў час нямецкай акупацыі? І ці варта гэта высветляць? СССР: кат ці ахвяра?
  • Палітычны аспект. Тэма Курапатаў можа выкарыстоўвацца ў якасці палітычнага капіталу ці неабходна поўная дэпалітызацыя гэтага месца? Ці можа месца палітычных рэпрэсій быць непалітычным? Ці важная “сучасная гісторыя Курапат” як месца палітычнага супраціву?

Па-за шырокай дыскусіяй і неабходнасцю вызначыцца па гэтых пытаннях, унутраная супярэчнасць не надта бачная і не выклікае праблем. Але разгортванне грамадскага дыялога без сумневу выведзе гэтыя пытанні на паверхню і выкліча сур’ёзныя спрэчкі.

Другі момант, агульнагуманістычны дыскурс яднае людзей з рознымі поглядамі і выглядае найменш канфліктным. Але пры гэтым ягонае прыняццё патрабуе адмоўлення ад іншых, асабліва ў адносінах “нацыянальнаарыентаванага” і “грамадска-палітычнага”.

У сваю чаргу, нацыянальнаарыентаваны дыскурс складаецца ў асноўным прадстаўнікамі незалежных грамадскіх і палітычных рухаў, аднак сёння ідэя “агульнанацыянальнага мемарыялу памяці” прымаецца і прыхільнікамі ўлады. Пры гэтым ён прымаецца толькі ў пэўным выглядзе і ў звязцы з дыскурсам кансервацыі.

Дыскурс кансервацыі імкнецца зняць канфліктнасць, адмаўляючы ў пошуку гістарычнай праўды, вызначэнні адказных і спрабуе памясціць Курапаты ў рамкі рэтраграднай палітыкі памяці, жадаючы надаць Курапатам абстрактны і неперсаніфікаваны вобраз (помнік невядомым ахвярам, брацкая магіла).

І нарэшце, дыскурс прыроднага і гарадскога асяроддзя надае новыя сучасныя сэнсы Курапатам, разглядаючы іх у кантэксце больш складаных сістэм і праблем, такіх як праблемы гарадскога і прыроднага асяроддзя. Але гэты дыскурс даволі маргінальны і амаль не падтрымліваецца адпаведнай практыкай.

Пры такой разнастайнасці прысутных дыскурсаў складана знайсці несупярэчлівы і агульнапрымальны. І напэўна да такога “агульнага” дыскурсу і не варта імкнуцца. Хутчэй Курапаты павінны стаць такой грамадскай прасторай, якая б дазваляла рэпрэзентацыю розных сэнсаў і каштоўнасцяў. Для гэтага трэба, каб розныя дыскурсы былі дастаткова прадстаўлены па-за межамі Курапат, у грамадскім жыцці Беларусі, а ў гэтым месцы яны б знаходзілі прастору сваёй актуалізацыі.

Вобраз будучыні: дэталі, кантэкст і ўмовы пераўтварэнняў.

Апошнія падзеі вакол Курапат і дзяржаўныя ініцыятывы па аператыўнай мемарыялізацыі актуалізавалі пытанні будучыні. Адказы на гэтыя пытанні ўразілі вялікай разнастайнасцю, якую мы прадставілі на адпаведнай мапе. Усе адказы можна згрупаваць наступным чынам:

  • Нематэрыяльныя ўласцівасці месца: ідэі, сэнсы, каштоўнасці, віды памяці;
  • Матэрыяльныя ўласцівасці месца: знешні выгляд, сродкі архітэктуры і дызайну, інфраструктура;
  • Кантэкст, у якім павінны існаваць Курапаты: праца з архівамі, медыяасвятленне, адукацыя і г.д.;
  • Юрыдычны статус Курапатаў.

Інструкцыя да мапы:

Усе ідэі і пажаданні адносна будучыні Курапатаў сфармуляваны ў тэзісах і звязаны з тымі групамі, прадстаўнікі якіх гэта выказвалі. Чым большы памер мае тэзіс, тым большай колькасці груп ён уласцівы. Колеры азначаюць прыналежнасць тэзісаў да адной з катэгорый: матэрыяльныя або нематэрыяльныя ўласцівасці месца, юрыдычны статус Курапатаў ці кантэкст, у якім яны павінны існаваць. Клікнуўшы па адным з тэзісаў, можна ўбачыць яго кароткае тлумачэнне.

Разглядаючы гэтую мапу, можна заўважыць, што нягледзячы на разнастайнасць прапаноў, у грамадстве не выпрацаваны гатовыя вобразы і рашэнні, аднак агульныя накірункі працы акрэслены, гэта:

  • Пошук ідэй, вобразаў, мадэлей развіцця і сродкаў для новага мемарыялу, а таксама пошук у ім месца Народнага мемарыяла як у фізічным (інтэграцыя крыжоў у новую структуру), так і ў ідэалагічным сэнсе;
  • Пошук мадэлі ўзаемаадносін дзяржавы і прадстаўнікоў незалежнай грамадскасці;
  • Пошук устойлівай юрыдычнай базы для аховы інтарэсаў розных груп грамадства ў Курапатах;
  • Распаўсюджванне веды пра рэпрэсіі і праблематызацыя гэтай тэмы ў грамадстве.

Пры адзначанай разнастайнасці, пошук ідэй, мадэляў і сродкаў для новага мемарыяла звязаны хутчэй з жаданнем захаваць Народны мемарыял нязменным, а не з неабходнасцю надання сучасных сэнсаў і ажыццяўлення новых практык. Прадстаўнікі грамадства, якія спецыялізавана займаюцца Курапатамі, бачаць будучыню гэтага месца ў працягванні сваёй працы і завяршэнні пачатых праектаў. Інавацыйныя прапановы гучаць ад спецыялістаў, якія не займаюцца адмыслова Курапатамі, але для іх Курапаты могуць стаць часткай іх прафесійнай дзейнасці, калі яны знойдуць для сябе месца ў гэтай прасторы і грамадскім асяродку.

Трэба адзначыць, што асаблівая ўвага ў апісанні будучага вобразу Курапатаў надаецца нематэрыяльным уласцівасцям гэтага месца і кантэксту, у якім яно павінна існаваць: распрацоўка ідэй, сэнсаў і каштоўнасцяў будучага мемарыялу не павінны адбывацца ў ідэалагічнай і інфармацыйнай ізаляцыі ад усяго грамадства. Для гэтага трэба забяспечыць доступ шырокага кола грамадзянаў да як мага большай інфармацыі пра Курапаты. Але гэта немагчыма без удзелу дзяржавы, шырокіх шматбаковых грамадскіх абмеркаванняў, даследчай працы (у тым ліку па вывучэнні архіўных дадзеных), уключэння тэмы савецкіх рэпрэсій у праграмы школ, сярэдніх і вышэйшых устаноў адукацыі, пашырэння агульных ведаў праз медыя і СМІ.

У працэсе гэтай працы грамадства павінна даць адказы на наступныя пытанні:

  • Якія сэнсы і каштоўнасці павінны несці Курапаты, а якія дакладна не павінны?
  • Хто б мог сёння ствараць і адказваць за гэтыя сэнсы, ідэі, каштоўнасці?
  • Чым Курапаты могуць дапамагчы беларускаму грамадству ў кансалідацыі і вырашэнні сучасных праблем?
  • Як уключыць Курапаты ў больш шырокі (агульначалавечы) і больш лакальны (групавы) кантэкст?
  • Якім чынам арганізаваць публічную прастору так, каб яна магла змяшчаць шмат ідэй, сэнсаў, каштоўнасцяў, відаў памяці і падштурхтоўваць да ўзбагачэння новымі сэнсамі?

 Замест заключэння. Паміж традыцыяй і новымі сэнсамі.

Даследаванне і разуменне сэнсаў і ўяўленняў пра Курапаты, зместу памяці і грамадскай практыкі толькі пачатае гэтым артыкулам і вартае паглыблення. Пры гэтым мы можам зафіксаваць шэраг характэрыстык сітуацыі і стасункаў вакол Курапатаў.

Асноўныя дыскурсы, у якіх асэнсоўваюцца Курапаты (агульнагістарычны, нацыянальнаарыентаваны), недастаткова ўстойлівыя, бо могуць быць разбураныя адкрыццём новых фактаў ці непрыняццем і неразуменнем гэтых дыскурсаў новымі пакаленнямі. Гэта значыць што, каб тэма Курапатаў заставалася актуальнай і важнай для грамадства незалежна ад колькасці ахвяраў і іх нацыянальнай (этнічнай) ідэнтыфікацыі, павінна існаваць магчымасць дадання да Курапатаў новых сэнсаў і трансфармацыі існуючых дыскурсаў.

Новыя сэнсы, каштоўнасці, віды памяці могуць быць прынесеныя новымі дзеючымі суб’ектамі. Але сёння прастора Курапатаў непрывабная для іх, бо здаецца прыватызаванай і палітызаванай, што не спрыяе свабоднаму ўваходу са сваімі практыкамі і ідэямі. Сённяшнія асноўныя ўдзельнікі хутчэй накіраваны на працяг цяперашніх практык і стасункаў. Сітуацыя пэўнай “манаполіі на памяць” не дазваляе развівацца новым сэнсам, прынесеным іншымі групамі, і быць памяці больш зразумелай новым пакаленням. І адначасова адкрывае магчымасць для “прыватызацыі” дзяржавай гэтага месца, яго кансервацыі і паступовага забыцця. Супраціў такой перспектыве палягае толькі ў стварэнні і спалучэнні новых сэнсаў і развіцці новых дыскурсаў, з’яўленні новых суб’ектаў і практык.

Развіццё Курапатаў як месца памяці і публічнай прасторы патрабуе пашырэння устойлівай камунікацыі паміж найбольш массава прадстаўленымі группамі суб’ектаў (актывісты, палітыкі) і тымі, хто валодае пэўным вопытам, ведамі, навыкамі, рэсурсамі (“прафесійныя практыкі”), уключаючы тых суб’ектаў, хто пакуль не прадстаўлены ў Курапатах (іннаватары з іншых абласцей дзейнасці), а таксама пашырэннем і паглыбленнем прафесійнай дзейнасці вакол Курапатаў – даследванняў, папулярызацыі і г.д.

Адной з найбольшых праблем для развіцця Курапатаў з’яўляецца недаступнасць поўнай інфармацыі, што прыводзіць да недахопу фактаў і ведаў, якія маглі б спрыяць з’яўленню новых сэнсаў і практык, а таксама да недаасэнсэнсаванасці нашага гістарычнага мінулага, “недаперажытасці” траўмы, нязробленнага пакаяння (гэты тэмы сапрысутнічаюць але не з’яўляюцца прадметам дыскусіі, рацыяналізацыі, развагаў і г.д). Такім чынам Курапаты з’яўляюцца не толькі знакавым гістарычным месцам, але і месцам-сімвалам недавырашаных праблемаў з памяццю.

Новыя групы памяці могуць прыйсці ў Курапаты тады, калі: знікне ўражанне прыватызаванасці гэтага месца іншымі групамі; будзе выяўлена і распаўсюджана болей інфармацыі пра Курапаты; будзе наладжана ўстойлівая камунікацыя паміж групамі, прысутнымі ў Курапатах і тымі, каго там яшчэ няма.

Курапаты з’яўляюцца ўнікальным фенаменам рэальнай грамадскай прасторы вакол месца памяці, якая жыве і развіваецца менавіта як вынік грамадскага дзеяння. Гэты ўнікальны феномен і досвед з’яўляюцца самі па сабе каштоўным матэрыялам у кантэксце развіцця гарадскіх прастораў, права на горад, развіцця грамадзянскай супольнасці. Гэтая практыка не можа і не павінна стаць ахвярай дабраўпарадкавання ці знікнуць у забыцці.

Даследчая группа спадзяецца, што зробленыя мапы стануць падставай для паглыблення аналізу і падвышэння якасці грамадскай дыскусіі. Мы шчыра ўдзячныя нашым суразмоўцам, усім, хто быў гатовы дзяліцца сваімі разважаннямі і меркаваннямі.

“Лятучы” таксама рэкамендуе:

«Дзень Іншага горада» у Лятучым (фотасправаздача з прэзентацыі вынікаў школы “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё” )

Пакаянне нацыі – шлях да будычыні альбо катэгарыяльная памылка?

Мінулае і сучаснасць у межах адной “гісторыі”

Падзеі:
Тэмы: