Пяць цікавостак фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”

30 сакавіка 2019

Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” – гэта каля сотні імпрэзаў, якія з 4 па 7 красавіка будуць нон-стоп адбывацца адразу на некалькіх пляцоўках культурнага хаба ОК16.

“Прадмова”, якой сёлета ўжо другі год, яднае ўсіх удзельнікаў літаратурнага працэсу: выдаўцоў, крытыкаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, дызайнераў і, вядома ж, чытачоў, зацікаўленых у якаснай кнізе.

Прапануем вам кароткі агляд таго, што чакае гасцей фэста.

I. Замежныя літаратурныя зоркі.

Упершыню ў Мінск прыедзе фінска-эстонская пісьменніца Софі Оксанен, таксама выступяць расейскі пісьменнік, літаратуразнаўца, тэле- і радыёвядоўца Віктар Ерафееў, літоўскі паэт ды інтэлектуал Томас Венцлава, а зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан з’явіцца на фэсце віртуальна – падчас прэзентацыі рамана “Інтэрнат” у беларускім перакладзе.

II. Дыскусіі. 

Самы папулярны фармат сёлетняй “Прадмовы” – у праграме больш за 20 дыскусій. Ці ўплываюць на пісьменніка-гуманітарыя дакладныя навукі? Пра што нельга пісаць дзіцячым аўтарам? Як развіваецца жаночая літаратура? І якім чынам раман ператвараецца ў спектакль? – вось толькі некаторыя тэмы спрэчак, у якіх, магчыма, народзіцца ісціна.

III. Дзіцячая праграма. 

Інтэлектуальная кніга і для самых маленькіх! 6 красавіка на “Прадмове” дзіцячы дзень. Майстар-клас пра птушак, касцюмаваныя чытанні любімых казак, а таксама цэлы забаўляльны міні-фэст для малых і дарослых з печывам і напоямі ў межах прэміі Цёткі.

IV. Прэміі. 

Гонар і слава, статуэткі і грашовыя прызы – на “Прадмове” назавуць найлепшых у самых розных жанрах.
Прэміяй Цёткі адзначаць аўтара ды ілюстратара дзіцячай кнігі;
Прэмію Францішка Багушэвіча ўручаць за выдатную гістарычную прозу;
“Гліняны Вялес” з Полацку дастанецца аўтару найлепшага мастацкага твору;
Прэмію імя Міхала Анемпадыстава атрымае дызайнер вокладкі да беларускай кнігі;
“Залатой літарай” пісьменнік Адам Глобус узнагародзіць упадабаны ім твор;
“Арт-Прадмовай” фестываль адзначыць пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і кніжных дызайнераў. 

V. Лекцыі, чытанні, кніжныя прэзентацыі. 

Беларускія навінкі ды бестсэлеры на “Прадмове” прэзентуюць аўтары. Кнігі тут жа можна набыць і атрымаць аўтограф – выдаўцы і кнігарні разгарнуць на фэсце кірмаш.

ПАДРАБЯЗНУЮ ПРАГРАМУ ФЕСТЫВАЛЯ ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ.

За навінамі можна сачыць на старонке фестываля ў FB.

Як гэта было ў прошлым годзе – глядзіце тут:

Фестываль інтэлектуальнай кнігі распачаўся ў Мінску

Першы беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”: вынікі і перспектывы

Тэмы: