Пра нас

Што такое Лятучы ўніверсітэт?

Лятучы ўніверсітэт – гэта праграма стварэння сапраўднага сучаснага Універсітэта ў Беларусі і для Беларусі.

Якім мы бачым Універсітэт да якого імкнемся? 

  • месца і асяроддзе, дзе культывуецца і развіваецца мысленне, дзе канцэнтруюцца людзі і ідэі, дзе існуе крытыка, пошук, праблематызацыя.
  • месца фармавання і ўмацавання беларускай нацыі і Беларусі, месца дзе Думаюць Беларусь.
  • асяроддзе, у якім паўстае нацыянальная эліта, людзі, здольныя арганізаваць мысленне і дзеянні па вырашэнні праблем нацыянальнага маштабу.
  • месца сучаснай адукацыі, якая дае магчымасць не проста ведаць, а быць су-часным імкліваму свету.

Да сапраўднага Універсітэта ляжыць доўгі шлях, і на гэтым шляху мы:

  • імкнемся гуртаваць беларускую акадэмічную супольнасць з інтэлектуалаў, мысляроў і даследчыкаў, якія падзяляюць мэты стварэння Ўніверсітэта;
  • шукаем і ўмацоўваем сувязі мыслення і інтэлектуальнай працы з палітычнай, сацыяльнай і культурнай практыкай;
  • развіваем новыя адукацыйныя падыходы, якія б забяспечвалі і сучасны змест адукацыі, і адпаведныя гэтаму зместу формы;
  • ствараем ва ўніверсітэце публічную прастору, адкрытую  “Гораду і Свету”,  актуальным праблем і выклікам Беларусі;
  • прасоўваем і развіваем саму ідэю стварэння сучаснага Ўніверсітэта, гуртуючы вакол яе самых розных людзей.

Мы не імкнемся як мага хутчэй да фармальнага стварэння ўстановы ці атрымання афіцыйнага статусу. Лятучы ўніверсітэт – гэта жывы, творчы працэс, гэта супольнасць, вольная ад традыцыйных зацвярдзелых форм, гэта гульня як форма сумеснага авалодання светам: мінулым, будучым і сучаснасцю.  

Гісторыя

Лятучы ўніверсітэт пачаў сваю працу ў 2009 годзе з семінараў па абмеркаванню ідэі ўніверсітэта і магчымасцяў яго паўставання ў Беларусі. Вынікі гэтага абмеркавання змешчаны ў кніге Ул.Мацкевіча  і П.Баркоўскага  «Университет: дискуссии об основаниях».

У 2010 годзе былі арганізаваны некалькі пілотных курсаў у Мінску і Магілеве. Увосень 2011 года ўжо была абвешчана і распачата першая гадавая праграма Лятучага ўніверсітэта.  Апроч семінараў, курсаў і школ яна ўключала цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi».  Пачалісь заняткі не толькі ў Мінску, але і Магілеве і Бярэсце.  

Супольнаць

Калегіум Лятучага ўніверсітэта ўключае больш за 20 інтэлектуалаў, мысляроў, навукоўцаў: філосафы, матэматыкі, метадолагі, сацыёлагі, палітолагі, гісторыкі і дзеячы культуры. Большасць з іх маюць ступені кандыдатаў навук ці PhD, выкладаюць у дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ Беларусі, Літвы, Польшчы.

Больш як 50 інтэлектуалаў, даследчыкаў дзячаў грамадства і культуры ўдзельнічаюць у канферэнцыях, дыскусіях, летніках Лятучага ўніверсітэта. Паступова складаецца супольнасць слухачоў універсітэтата.

Дзейнасць Лятучага ўніверсітэта разгортваецца ў чатырох накірунках

Адукацыя ў Лятучым універсітэце арыентуецца на сучасны “ўніверсум ведаў” – здольнасці арганізаваць мысленне і дзейнасць, а таксама самога сябе ў сітуацыях будучыні. Для гэтага неабходна валодаць асноўнымі тэхнікамі і метадамі інтэлектуальнай працы (аналіз, інтэрпрэтацыя, крытыка, даследаванне, праектаванне, праграмаванне і г.д.), арыентавацца ў існуючых тэарэтычных  і эмпірычных ведах, мець уяўленні аб свеце дзейнасці або практыкі, асвоіць працу з уласнай індывідуальнасцю (самавызначэнне, праца з каштоўнасцямі, мэтамі і г.д.) і практыку камунікацыі.

Развіццё ідэі ўніверсітэта. Інавацыйная задача стварэння Ўніверсітэта,  патрабуе праграмнага стаўлення да яе. Паралельна з узнікаючымі формамі ідзе пастаянная далейшая распрацоўка самой ідэі, рэфлексія і крытыка знойдзеных фарматаў. Гнуткасць структуры павінна адпавядаць пастаяннаму развіццю ідэі. Усе фарматы напаўняюцца і змяняюцца, у залежнасці ад развіцця супольнасці ўніверсітэта і разумення задумы. У спецыяльных формах – універсітэцкага семінара, летніх школ і гульняў – ідзе падсумоўванне і канцэптуальная праца. Яе вынікі адлюстроўваюцца на арганізацыі і ладзе жыцця ва ўсіх астатніх “месцах” універсітэта.

Культывацыя мыслення. Існаванне мыслення ва ўніверсітэце магчыма праз 

забеспячэнне комплексу працэсаў: праблематызацыі існуючых падыходаў , метадаў і ведаў, пошуку, вытворчасці і крытыкі ведаў,  падрыхтоўкі і распрацоўкі тэхналогій, праграм і праектаў, іх выпрабавання, а таксама развіцця інструментаў і метадаў арганізацыі мыслення. Сукупнасць арганізаваных ва ўніверсітэце месцаў дае магчымасць існавання гэтых працэсаў. Ад публічных форм пастаноўкі праблем нацыянальнага маштабу і фармавання дыскурса (у дыскусіях і лекцыях), распрацовак і даследаванняў, накіраваных агульным разуменнем (на семінарах і ў даследчых праектах), да крытыкі, развіцця метадаў і іх апрабавання (у семінарах, школах, майстэрнях і дыскусійных клубах) і далейшай трансляцыі новым пакаленням, а таксама публічнай прэзентацыі інтэлектуальных прадуктаў (адукацыйныя курсы і публічныя мерапрыемствы).    

Публічнасць. Сучасны ўніверсітэт адкрыты свету, ён адзін з галоўных суб’ектаў у справе фармавання і развіцця нацыі, вырашэння праблем краіны. 

Тое, пра што дыскутуецца на публічных пляцоўках, мусіць быть рамкамі і тэмамі адукацыйнай і даследча-распрацоўчай працы. У сваю чаргу, ідэі, прапановы, ацэнкі ды іншыя “прадукты” ўніверсітэцкай працы – гэта тое, з чым універсітэт выходзіць да Гораду і Свету, што ён прапануе краіне. Публічныя пляцоўкі – месца сапраўднай праверкі вартасці інтэлектуальнага пошуку і месца самавызначэння тых, хто імкнецца быць нацыянальнай элітай.

Прастора Лятучага ўніверсітэта прынцыпова адкрытая. Кожны ўдзельнік самастойна пракладае асабістую  траекторыю, рухаючыся ад публічных шырокіх пляцовак, праз уваход у прастору ведаў і спосабаў мыслення, да інтэлектуальнай супрацы, пошуку і творчасці, патрапляючы ў супольнасць тых, для каго Ўніверсітэт ёсць ладам жыцця і аб’ектам клопату. 

Адкрытыя ўводзіны ў прастору Лятучага ўніверсітэта:

Публічныя лекцыі “Urbі et Orbі”

Праблемныя публічныя дыскусіі 

Выдавецкая серыя “Universitas Ludens”

Адмысловы курс уводзінаў у ідэю Універсітэта і прастору Лятучага

Самая шырокая магчымасць далучыцца да таго, пра што думаюць у Лятучым універсітэце: да ідэй, праблем, людзей. Публічныя лекцыі  — гэта форма публічнага і грамадскі значнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў сацыяльным, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Праблемныя публічныя дыскусіі даюць магчымасць абмеркавання найбольш вострых пытанняў у развіцці краіны, для сутыкнення пазіцый і поглядаў, для разгортвання аргументацыі і крытыкі, для вылучэння і прасоўвання ідэй. Адмысловы курс і кнігі дапамагаюць паразумецца з Ідэяй, якая ляжыць ў падмурку Лятучага ўніверсітэта, далучыцца да роздуму і працы над праблемамі развіцця гэтай прасторы.

Прастора ведаў і знаёмства з падыходамі да мыслення

Першы ўзровень - базавыя курсы і тэматычныя ўводзіны ў сучасныя падыходы да мыслення - гэта адкрытая прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

Другі ўзровень - Школы магістраў гульні - ствараюць дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта, якая разлічана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі - беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі.

Лятучы ўніверсітэт прапануе інавацыйны падыход да “ўніверсума ведаў,” які арыентаваны не на засваенне дысцыплінаў і тэмаў, а на фармаванне  здольнасцей  да інтэлектуальнай і гуманітарнай практыкі: крытыка і аналіз анталагічных, метадалагічных і аксіялагічных падстаў мыслення, самавызначэнне ў сацыяльнай і культурнай прасторы, праца са сваёй індывідуальнасцю і г.д.. Праз базавыя курсы фармуюцца навыкі арганізацыі мыслення і дзейнасці (філасофія, сістэмны падыход, матэматыка, метады працы з мінулым і будучыняй). Тэматычныя і прадметныя  уводзіны, якія знаёмяць з актуальнымі і ўнікальнымі  тэматычнымі напрамкамі сучаснага беларускага мыслення, якое развіваецца ў Беларусі. У школах удзельнікі маюць магчымасць далучыцца да гуманітарных і інтэлектуальных практык у супрацы з Майстрам і стаць яго вучнямі, зрабіць свой унёсак ў развіццё гэтых практык

Супольная інтэлектуальная праца і творчасць

Семінары і працоўныя групы

Штогадовыя канферэнцыі

Даследчыя праекты

Сэрцам Лятучага ўніверсітэта з’яўляецца інтэнсіўная  мысленчая і стваральная камунікацыя і праца, у якой узнікаюць новыя ідэі і практычныя адказы на інтэлектуальныя выклікі сучаснасці. На адмысловых семінарах вядзецца глыбокая прапрацоўка ідэй, крытыка і праблематызацыя, выкарыстанне і развіццё ведаў і метадаў мыслення. Арганізуюцца (самаарганізуюцца) даследчыя групы у адпаведнасці з выклікамі і практычнымі праблемамі развіцця Беларусі.На канферэнцыях фармулююцца і абмяркоўваюцца праблемы Беларусі і Еўропы, ідзе крытыка і распрацоўка ідэй  для вырашэння гэтых праблем. 

Універсітэт як лад жыцця і супольны клопат

Універсітэцкі  семінар

Летнія школы

Гульні і праектныя сесіі

Лятучы ўніверсітэт – гэта жывы, творчы працэсс паўстання  асяродка і супольнасці мыслення. Ці можа ён быць створаны абсалютна штучна, па нейкім нават самым разумным праекце?  Мы лічым, што не, не можа. Яго можна зрабіць праз пастаянны пошук новых форм і фарматаў, праз рэфлексію і аналіз зменлівага кантэкста, праз інтэсіўныя стасункі і адмысловы лад жыцця. Універсітэт сканчаецца, калі ён перастае быть аб’ектам мыслення і дзейнасці супольнасці, калі не з’яўляецца яе штодзённым клопатам. У Лятучым ёсць шэраг формаў рэфлексіі, абмеркавання і распрацоўкі новых ідэяў, якія праграмуюць яго далейшае развіццё і ствараюць асяродак і супольнасць.

Лятучы ўніверсітэт развіваецца не толькі у Мінску, але і на рэгіянальных пляцоўках: Магілёў, Віцебск, Горадня. Шырокія магчымасці дыстанцыйнага далучэння ствараюцца праз развіццё Дыстанцыйнай платформы, што дае сучасныя магчымасці для навучання і ўзаемадзеяння ўніверсітэцкай супольнасці: ад працоўных стасункаў слухачоў і лектараў да абмеркавання пытанняў развіцця супольнасці і арганізацыі адкрытых анлайн-падзей.