Слоўнікавы запас: БЛАКЧЭЙН

28 ноября 2017

«Беларусский Журнал», Лятучы ўніверсітэт і Blog-Tv Trixter запускаюць новы сумесны праект пад назвай «Слоўнікавы запас». Свет змяняецца ўсё хутчэй, і каб не адстаць ад яго імклівага развіцця, трэба кожны дзень дазнавацца пра нешта новае. Разам з вядучымі беларускімі інтэлектуаламі, навукоўцамі, экспертамі і практыкамі ў розных галінах мы будзем спрабаваць фармаваць «слоўнікавы запас» сучаснага чалавека, разбіраючыся з тэхнічнымі, сацыяльнымі, культурнымі навацыямі, якія сыплюцца на нас з усіх бакоў.

І першая тэма, з якой мы пачнем — блакчэйн. Слова, якое сёння ва ўсіх на слыху, асабліва дзякуючы біткойну і іншым крыптавалютам, распаўсюд якіх хвалюе не толькі розумы кіраўнікоў дзяржаў і банкаў, не толькі гульцоў на віртуальных біржах, але і многіх людзей, якія не маюць ніякіх прамых адносін да карыстання крыптавалютамі, але якія спрабуюць зразумець, «а як гэта». Блакчэйн — гэта тая платформа, якая зрабіла з’яўленне крыптавалют магчымым, але яго сэнс і патэнцыял значна шырэйшыя. Разбіраемся ў тэме разам з дырэктарам Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым і прадпрымальнікам, страхаўшчыком, «блакчэйн-евангелістам» Сяргеем Казлоўскім.

 

Што такое блакчэйн?

«Самае простае тлумачэнне: блакчэйн — гэта ўвогуле проста дэцэнтралізаваны рэестр, куды можна што-небудзь запісваць. У нас ёсць шмат такіх прыкладаў у жыцці, вазьміце бухгалтарскія кнігі, куды мы запісваем усё па чарзе. Дык вось, блакчэйн — гэта такая ж кніга, куды можна ўсё запісваць, толькі яна дэцэнтралізаваная».

«Па сутнасці, гэта лічбавая тэхналогія, якая заснавана на двух рэчах: першая — гэта асіметрычнае шыфраванне. Калі вы хоць раз карысталіся праграмамі кшталту PGP, то павінны разумець, што гэта такое. То бок ёсць адкрыты ключ, які прадастаўляецца ўсім для шыфравання інфармацыі, і ёсць закрыты, сакрэтны ключ, які падыходзіць да гэтага адкрытага ключа, і з дапамогай яго толькі вы можаце гэтую інфармацыю расшыфраваць. Гэта робіць такую сістэму шыфравання на сённяшні дзень самай надзейнай, яна прадухіляе ўзлом і крадзёж інфармацыі. Другі «кіт», другая аснова тэхналогіі блакчэйн — гэта размеркаванае захоўванне дадзеных, гэта значыць што дадзеныя захоўваюцца ў мільёнаў карыстальнікаў у гэтай размеркаванай сістэме. Уласна кажучы, вось гэтыя «тры кіты» — асіметрычнае шыфраванне, крыптаграфія і размеркаванае захоўванне дадзеных — і складаюць аснову тэхналогіі блакчэйн».

На якой стадыі развіцця знаходзіцца зараз тэхналогія блакчэйн?

«Матэматычныя алгарытмы апрацоўкі інфармацыі, якія дазваляюць пабудаваць сістэмы размеркаванага захоўвання дадзеных, гэтак жа як і асіметрычнае шыфраванне, прыдуманы даволі даўно, такога кшталту распрацоўкі з’явіліся яшчэ ў 1970-х гадах. Але спатрэбілася даволі шмат часу для таго, каб яны сталі прыдатнымі для практычнага і шырокага выкарыстання. Для гэтага спатрэбіўся інтэрнэт, шмат-шмат карыстальнікаў і шмат-шмат фізічнага месца для размяшчэння дадзеных, што дазваляе гэтыя дадзеныя захоўваць і апрацоўваць у размеркаваным маштабе. І вось толькі ў наш час прагрэс у хуткасці апрацоўкі дадзеных і ў фізічным месцы для захоўвання дадзеных дазволіў гэтай тэхналогіі адбыцца ў рэальнасці і ахапіць досыць шырокія сферы прымянення».

«Тэхналогія блакчэйн знаходзіцца зараз у самым пачатку свайго развіцця. І можна сказаць, што шырокага прымянення яна сабе яшчэ пакуль не знайшла. Многія фінансавыя інстытуты, кампаніі з іншых сектараў пакуль проста прыглядаюцца да гэтай тэхналогіі. А распаўсюджванне яе будзе тым больш, чым большая колькасць рэальных людзей будзе яе выкарыстоўваць. Пакуль што блакчэйн уяўляе сабой нейкія тэарэтычныя або практычныя прымяненні, якія яшчэ не знайшлі свайго карыстальніка і не выйшлі на масавы рынак».

Дзе блакчэйн ужываецца сёння?

«Першыя блакчэйн-сістэмы ўзнікаюць у сярэдзіне 2000-х, у 2009 годзе ўзнікае біткойн, затым яны пачынаюць досыць шырока і хутка распаўсюджвацца, і вось у апошнія 3-5 гадоў мы назіраем бум блакчэйн-сістэм, а таксама масу спекуляцый і хайпа вакол іх. Але ж адначасова — і досыць цікавыя практычныя спосабы рэалізацыі блакчэйн-сістэм у розных відах дзейнасці: ад смарт-кантрактаў, аўтаматычных арганізацый, новых фінансавых сістэм накшталт розных крыптавалют, рэестраў захоўвання адкрытых дадзеных (напрыклад, зямельных кадастраў, правоў уласнасці і г.д.). У патэнцыяле гэта можа аказваць сур’ёзны ўплыў на змяненне сістэмы выбараў і галасавання, страхавання, банкаўскіх адносін і г.д.».

«На сённяшні дзень блакчэйн знайшоў сваё прымяненне ў трох асноўных сферах: першая — гэта крыптавалюты, другая — гэта розныя рэестры, якія цяпер усе ствараюць, і трэцяя — гэта лагістыка, дзе блакчэйн таксама выкарыстоўваецца. Але на сённяшні дзень гэта, хутчэй, вопытная эксплуатацыя. Калі мы не будзем браць чыста інтэрнэтаўскія праекты, такія як сацыяльныя сеткі або тыя ж крыптавалюты, то пакуль мы можам казаць толькі аб вопытнай эксплуатацыі. Кампаніі падступаюцца да гэтай тэхналогіі, каб зразумець, разабрацца, якім чынам яна можа палепшыць бізнес-працэсы. Задача блакчэйну — паляпшаць, рабіць больш зручным, больш надзейным той працэс, які ўжо працуе сёння, і калі гэта адбываецца — значыць, блакчэйн тут прымянімы. Калі не, то прымяненне яго не мае ніякага сэнсу».

Што прынцыпова змяняе або можа змяніць у свеце распаўсюджванне тэхналогіі блакчэйн?

«Шмат каму здаецца, што блакчэйн — гэта рэвалюцыйная тэхналогія. Аднак гэта не так. Блакчэйн сам па сабе не ў стане замяніць многія працэсы, якія атачаюць бізнес. Напрыклад, маркетынг, бізнес-план развіцця, структуру кіравання прадпрыемствам. Блакчэйн — гэта тэхналагічная інавацыя, якая спрашчае і часам нават вельмі моцна відазмяняе сам бізнес, але не замяняе сабой усе бізнес-працэсы. Зараз мы знаходзімся ў стане некаторага «хайпу» ў адносінах да гэтай тэхналогіі, але з часам ён пройдзе, і ўсе ўдзельнікі будуць больш цвяроза глядзець на гэтую сітуацыю. І гэта будзе добра, таму што праекты будуць больш прапрацаваныя і будуць рэалізоўвацца ў лепшай якасці.

Калі блакчэйн знойдзе сваё прымяненне ў рэальным жыцці, то гэта створыць безумоўныя выгады для звычайных грамадзян. Можна будзе абыйсціся без натарыусаў, без БРТІ, якія рэгіструюць, напрыклад, зямельныя ўчасткі, права ўласнасці — гэта ўсё можна ажыццяўляць праз блакчэйн. Продаж нерухомасці, напрыклад, можа заняць у вас усяго толькі пяць хвілін. Блакчэйн вырашае асноўную праблему — праблему даверу. Зараз нам неабходны нейкі пасярэднік, напрыклад, у выглядзе натарыуса або дзяржаўнага органа, які засведчвае здзелку паміж бакамі. Бакі адзін аднаму не давяраюць, таму нам неабходны дзяржаўны орган для таго, каб засведчыць здзелку па продажы нерухомасці або любую іншую. Дык вось, блакчэйн у стане гэта ўсё замяніць, і ўся гэтая вялікая служба чыноўнікаў, нязручнасцей і вялікая колькасць папер, якая звязана з забеспячэннем гэтага працэсу, адыдзе ў нябыт. Такім чынам, можна будзе здзяйсняць здзелкі, весці рэестры любой маёмасці, улічваць змены хутка, надзейна, эфектыўна і, у сэнсе эканоміі паперы, экалагічна».

«Так, блакчэйн — гэта не рэвалюцыя і не панацэя, але ўнутры блакчэйн-сістэм ёсць некалькі рэвалюцыйных ідэй, якія ў патэнцыяле могуць вельмі моцна трансфармаваць існуючыя адносіны як у фінансавай і палітычнай сферах, так і ў шэрагу іншых сфер чалавечай дзейнасці.

Першая з такіх рэвалюцыйных ідэй — гэта тое, пра што казаў Сяргей: «сусветны давер без пасярэднікаў». І гэтая ліквідацыя пасярэднікаў стварае ў патэнцыяле — калі ўявіць сабе шырокае распаўсюджванне блакчэйну — знікненне ўсёй інстытуцыйнай сістэмы, якая раней існавала менавіта як пасярэднік у адносінах паміж людзьмі.

Другая звязаная з гэтым ідэя досыць радыкальная: гэта калі адносіны, раней арганізаваныя праз інстытуты, пераводзяцца ў чыста міжасобасныя, і мы дэцэнтралізавана арганізуем нейкую дзейнасць, самі дамаўляючыся адзін з адным. Гэта дае новыя магчымасці для вяртання наўпроставай дэмакратыі ў арганізацыю нашага жыцця. То бок ва ўмоўнай будучыні мы не будзем выбіраць прадстаўнікоў у нейкія інстытуты і дэлегаваць ім нашыя правы, а будзем непасрэдна ўдзельнічаць у вызначэнні палітыкі гэтых інстытутаў, іх рашэнняў, і праз гэта, уласна, арганізоўваць нейкі новы выгляд гэтых дэмакратычных адносін.

І трэцяя, таксама даволі радыкальная ідэя, якая хаваецца за блакчэйнам — гэта трансфармацыя права, калі правам, законам лічыцца код, матэматычны алгарытм. Самая радыкальная заява ў гэтым сэнсе гучыць як: the code is the law («код — гэта закон»). Гэта значыць, што тое, што напісана ў праграмным кодзе, які выконваецца як бы сам па сабе, з’яўляецца тым законам, якім мы кіруемся. У гэтым выпадку, пры радыкальным разглядзе, самаліквідуецца ўся сістэма, якая стварае і фармуе законы, і мы самі творым закон праз самавыконваемыя кантракты. Тыя памылкі, якія там заключаны, становяцца хібамі гэтага права, як і ў выпадку з рэальным правам, якое можа ўтрымліваць супярэчнасці, прабелы, калізіі і г.д. То бок усе праграмныя памылкі кода становяцца заканадаўчымі пагрэшнасцямі, якія там магчымыя.

Вось гэтыя тры радыкальныя ідэі, калі іх дадумваць да канца, могуць рэвалюцыйна змяніць розныя сферы чалавечых адносін. Але наўрад ці гэта калі-небудзь у такім выглядзе зможа быць рэалізавана — у выглядзе поўнай дэцэнтралізацыі, поўнай ліквідацыі пасярэднікаў, поўнай замены пісанага права матэматычнымі алгарытмамі і праграмным кодам. Таму ў нейкіх сферах, напэўна, адбудуцца істотныя змены (там, дзе гэта будзе несці істотныя выгады без вялікіх рызык), а ў нейкіх сферах такіх рэвалюцыйных змен не адбудзецца, у тым ліку і з-за супраціву саміх інстытутаў, і з-за таго, што не заўсёды гэта ўвогуле эфектыўна і патрэбна».

Хто сёння з’яўляецца прыхільнікамі, а хто — праціўнікамі распаўсюджвання блакчэйну, каму гэты працэс нясе выгаду, а каму — пагрозу?

«Калі казаць пра прыхільнікаў і праціўнікаў блакчэйну, то гэта наўрад ці звязана з самой тэхналогіяй. Хутчэй, гэта звязана з крыптавалютамі, таму што яны выклікаюць зараз самае вялікае раздражненне. Сама па сабе тэхналогія нясе толькі пазітыў. Натуральны мінус, які яна з сабой нясе — гэта тое, што яна ў стане пазбавіць працы многіх людзей. Але гэта прагрэс, а прагрэс спыніць немагчыма. Што тычыцца крыптавалют, то яны нязручныя перш за ўсё дзяржаве тым, што яна не можа кантраляваць іх эмісію, і наогул — упершыню ў гісторыі чалавецтва мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі грошы існуюць асобна ад дзяржавы, не паддаюцца яе кантролю. Вось чаму я прагназую ўзмацненне ціску дзяржавы на крыптавалюты, на тэхналогію блакчэйн у дачыненні менавіта да гэтай галіны, у мэтах абароны сваіх дзяржаўных інтарэсаў».

«Некаторыя пагрозы распаўсюджвання гэтай тэхналогіі звязаны з тым, што блакчэйн у цэлым падсілкоўвае аўтаматызацыю і рабатызацыю, то бок на блакчэйне можна будаваць цалкам аўтаматычныя арганізацыі, дзе наогул няма занятых людзей. Гэта пагроза для юрыстаў, якія займаюцца складаннем кантрактаў, часткова для натарыята. Гэта можа быць пагрозай для банкаўскіх работнікаў, для патэнтных бюро, для тых, хто сёння займаецца лагістыкай. Пры аўтаматызацыі гэтых сфер яны ўсе губляюць працу. То бок вызваляецца значная колькасць чалавечых рэсурсаў з вольным часам, якіх не зразумела, чым заняць. Аўтаматызацыя сінхранізавана з развіццём блакчэйн-сістэм, і пакуль насамрэч не зразумела, як спраўляцца з гэтай патэнцыйнай пагрозай аўтаматычных прадпрыемстваў, пра якія нам расказваў яшчэ Норберт Вінер.

Гэта не кажучы ўжо пра сацыяльныя праблемы, якія ўзнікаюць з сацыяльна-прававой некампетэнтнасцю шэрагу людзей у адносінах да сучаснага грамадства. Напрыклад, усе ведаюць, што людзі старэйшага ўзросту часта проста не могуць карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, таму што яны іх баяцца па нейкай прычыне, цяжка асвойваюць і г.д. А калі мы ўявім, што наогул няма больш тых самых «пасярэднікаў», хто можа ім раіць, нешта казаць, яны самі павінны прымаць усе рашэнні, то гэтыя людзі аказваюцца выключанымі з грамадства па прыкмеце кваліфікацыі. З’яўляецца новая няроўнасць, новыя выключаныя групы, ну і, адпаведна, новая лічбавая эліта, то бок людзі, якія пачынаюць статусна ўзвышацца, дзякуючы сваім новым ведамі і кампетэнцыям, лепшай арыентацыі ў новай сістэме адносін і г.д.

З таго, што трэба рабіць — гэта, вядома, працаваць з ведамі і кампетэнцыямі ў гэтым «новым» лічбавым свеце, то бок ставіць новыя задачы ў адносінах да адукацыі і ўключэння людзей у новыя спосабы адносін».

З якімі рызыкамі звязана распаўсюджванне блакчэйну, якія выклікі паўстаюць перад грамадствам, дзяржавай, чалавецтвам?

«Рызыкі блакчэйну пры распаўсюдзе аўтаматычна выконваемых транзакцый паміж людзьмі звязаны з тым, што мы слаба можам уявіць, што адбудзецца з нейкімі сферамі адносін (напрыклад, з банкаўскай сферай) пры ліквідацыі пасрэдніцкіх інстытутаў, калі знікае інстытуцыянальны складнік і людзі пачынаюць самі несці поўную адказнасць за свае дзеянні. Зараз мы давяраем нейкім інстытутам, якія прадастаўляюць гарантыі таго, што «гэтая валюта надзейная», або натарыусу, які пацвярджае, што «гэтая здзелка сапраўды здзейсненая», «гэтае права сапраўды належыць гэтаму чалавеку». І праз гэты давер узнікае ў адносінах паміж людзьмі з нагоды таго, пра што яны дамаўляюцца. У аўтаматычна выконваемых транзакцыях людзі павінны валодаць поўнай кампетэнцыяй і разуменнем таго, што адбываецца, ужо без гэтага інстытуцыйнага пасярэдніка, які можа быць арганізацыяй або спецыяльным чалавекам, службовай асобай, і тады яны нясуць усю паўнату адказнасці за тое, што і як яны робяць. Гэта радыкальна павышае неабходнасць ведаў пра тое, што адбываецца, патрабуе дадатковых кампетэнцый ад людзей, іншага разумення ўласных рызык удзелу ў такога кшталту сістэмах. А чалавек не заўсёды, насамрэч, гатовы несці гэтыя рызыкі, ён далёка не заўсёды кампетэнтны ў тым, што ён здзяйсняе».

«Галоўны выклік блакчэйну для грамадзяніна, для чалавека, заключаецца ў тым, што яго асноўная ідэя — гэта стоадсоткавая адказнасць грамадзяніна за свае дзеянні. Зараз, калі вы забыліся пароль ад інтэрнэт-банка або страцілі картку, у вас заўсёды ёсць магчымасць прыйсці ў банк і аднавіць доступ, вы нічога сур’ёзнага ў выніку не губляеце. У блакчэйне вы несяце стоадсоткавую адказнасць за бяспеку сваіх сродкаў, за захаванне сваіх запісаў, рэестраў, рэгістраў і г.д. Гаспадар маёмасці ў нашым сённяшнім жыцці — гэта чалавек, у якога ёсць пашпарт, на які аформлена гэта маёмасць. Нават страціўшы пашпарт, яго заўсёды можна аднавіць. У экасістэме блакчэйну гаспадаром фінансаў або нейкай маёмасці з’яўляецца той, у каго ёсць ключ да гэтага маёмасці. Ключ у выглядзе нейкага кода. Адпаведна, у каго гэты код, той і з’яўляецца гаспадаром. Гэта значыць, калі вы страціце свой код доступу, вы страціце доступ да сваёй маёмасці. Калі які-небудзь зламыснік пазнае гэты код, вы страціце доступ да сваёй маёмасці. Блакчэйн нясе з сабой поўную свабоду ад усіх дзяржаўных органаў, ад пасярэднікаў, але, у той жа самы час, ён ускладае на карыстальніка стоадсоткавую адказнасць за захаванне сваёй маёмасці і сваіх фінансаў. І праблема ў тым, што на сённяшні дзень далёка не ўсе людзі гатовы несці гэтую адказнасць».

«Лятучы» таксама рэкамендуе:

Семинар «Блокчейн: философия и практика» в Летучем университете

Одержимость инновациями

Иллюзия свободы в эпоху цифровых технологий

 

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар