“Колер Беларусі” Міхала Анемпадыстава. Чуць. Бачыць. Разумець.

01 красавіка 2019

Апынуцца ў атмасферы гукаў і сэнсаў “Колера Беларусі” Міхала Анемпадыстава можна будзе 7 красавіка ў прасторы Ок16 у межах Фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.

А 17-ай гадзіне ў нядзелю 7 красавіка адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку. Адразу пасля цырымоніі а 17.45 пачнецца творчая імправізацыя з удзелам Рамана Падалякі і Зміцера Лук’янчыка “Чуць. Бачыць. Разумець” паводле кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”.

“Колер Беларусі” – захапляльнае падарожжа ў Беларусь. Гэта адна з першых спробаў прадставіць беларускую мінуўшчыну і сучаснасць праз яе яскравыя колеры і адценні, прыродныя структуры, народжаныя пад уздзеяннямі трох стыхій.

Прэзентацыя кнігі “Колер Беларусі”, 30 траўня 2017 г.

Гэтая кніга стала апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта. Яна не толькі адкрывае новыя веды пра колеры, але і вучыць “думаць вачыма”. “На маю думку, гэта ўсё можна чытаць невербальна. Проста разглядаць гэтыя карцінкі на ўзроўні пачуццяў і асацыяцый, упадабанняў. Ці наадварот, штосці можа не падабацца. Гэта цікавы і патрэбны занятак, якім мы рэдка займаемся. Мы развучыліся думаць вачыма…” – распавядаў Міхал Анемпадыстаў.

Увечары 7 красавіка мы паспрабуем аб’яднаць словы, вобразы і музычныя імправізацыі, каб здолець убачыць, пачуць і зразумець сябе праз свет колераў, гісторыі і культуры.

У імпрэзе прымуць удзел актор Раман Падаляка, музыка Зміцер Лук’янчык.

Падчас імпрэзы можна будзе набыць кнігу.

Калі: 7 красавіка, 17:45

Дзе: Ок16 (вул.Кастрычніцкая, 16)

“Лятучы” рэкамендуе:

“Колер Беларусі”: новы пласт спадчыны

Шорт-ліст прэміі імя Міхала Анемпадыстава

Геній вытанчанай прастаты. Памяці Міхала Анемпадыстава

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар