“Культур-сацыялогія”: магчымасць іншага погляду на сацыяльную тэорыю

22 красавіка 2018

Уладзімір Абушэнка

Крыніца: “Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015” (Логвінаў, 2016).

У якасці зыходнай рамкі для разгляду стану і становішча сучаснай сацыяльнай тэорыі ў сацыягуманітарнай ведзе можна прыняць адрозніванне класічнай, некласічнай і постнекласічнай веды. У дадзеным выпадку досыць абмежавацца адным аспектам адрознівання гэтых этапаў развіцця навуковай веды, звязаным з узнікненнем у некласічнай і развіццём у постнекласічнай ведзе дыхатаміі інтэрналізмэкстэрналізм (класічная веда такога адрознівання не мела).

Пераход да постнекласічнай веды характарызаваўся, у тым ліку, і зняццем пазначанай альтэрнатывы, што мае, на наш погляд, непасрэднае дачыненне да лёсу сацыяльнай тэорыі на мяжы тысячагоддзяў. Можна паспрабаваць выявіць некаторыя асаблівасці яе развіцця ў XX ст. і, зыходзячы першапачаткова з інтэрналісцкіх пазіцый, паспрабаваць паказаць, як абмежаванні гэтага падыходу падрывалі будынак сацыяльнай тэорыі знутры, патрабуючы яе перафарматавання ў адпаведнасці з патрабаваннямі, што прад’яўляюцца постнекласічнай ведай.

Зыходзячы са сказанага, можна сфармуляваць гіпотэзу аб тым, што асноўныя праблемы, з якімі сутыкнулася сацыяльная тэорыя ў апошняй трэці XX ст., ляжаць у сферы пераходу ад адной (некласічнай) стадыі развіцця веды да іншай (постнекласічнай), што не адмаўляе неабходнасці самастойнага разгляду «знешніх», звязаных з самім развіццём грамадства, «выклікаў» сацыяльнай, гуманітарнай і філасофскай веды (якія застаюцца за межамі прапанаванага аналізу).

Канстатацыя

Стала «агульным месцам» сцвярджэнне пра крызіс сацыяльнай тэорыі ў апошняй трэці XX ст. Прымем яго за зыходны пункт разваг. Можна пагадзіцца з тым, што і ў сваёй «пазітыўнай» («праекты» і «мадэлі» сучаснага грамадства), і ў сваёй «крытычнай» (у адносінах да рэалій існуючага грамадства) выяве сацыяльная тэорыя перажывала ў гэты перыяд не лепшыя свае часы.

Прадвесце будучых змяненняў маркіруецца працай Ч.Р. Мілса «Сацыялагічнае ўяўленне» (1959), іх жа непазбежнасць – працай А. Гоўлднера «Надыходзячы крызіс заходняй сацыялогіі» (1971). Не маючы магчымасці разглядзець гэтае пытанне змястоўна, абмяжуемся толькі фіксацыяй таго, што даты выхаду асноўных тэарэтычных работ, якія прэтэндуюць на цэласнае «пазітыўнае» апісанне сучаснага грамадства, ляжаць у дыяпазоне канец 60-х – сярэдзіна 80-х гг. мінулага стагоддзя [1]. Для «крытычных» версій гэтая мяжа звязаная з вычарпаннем патэнцыялу Франкфурцкай школы крытычнай сацыяльнай тэорыі і пралягае ў сярэдзіне 70-х гг. мінулага стагоддзя.

Крытычныя версіі сацыяльнай тэорыі ў гэты час актыўна маргіналізуюцца, «пазітыўныя» – уцягваюцца ва ў значнай меры ідэалагізаваныя дыскурсы інфармацыйнага і глабальнага грамадстваў (з іх канцэптамі «канца гісторыі», «сутыкнення цывілізацый», «сусветнай вёскі» і т.п.) [2]. Адбываецца і заўважнае адраджэнне дактрын традыцыяналісцкага тыпу, таксама істотна сацыяльна-палітычна ангажаваных [3].

У значнай меры ў філасофскай і сацыягуманітарнай ведзе дамінуюць дыскурсы постструктуралісцка-постмадэрнісцкага тыпу з іх пафасам крытыкі падстаў еўрапейскай цывілізацыі ва ўсіх яе праявах [4]. У кантэксце, які тут разглядаецца, важныя (як мінімум) іх устаноўкі на канец эпохі «вялікіх наратываў» і «знікненне сацыяльнага» [5].

Магчымыя высновы са сказанага: філасофская і сацыяльная веда сутыкаецца ў гэты час з такімі «знешнімі выклікамі», з якімі не можа справіцца зыходзячы з ранейшых сваіх падстаў, што патрабуе іх неадкладнага пераасэнсавання хоць бы ў дачыненні да суаднясення «ўнутранага ўладкавання» веды з яе ўбудаванасцю ў рэальныя сацыякультурныя практыкі грамадства. Але тады паралельна можна канстатаваць «смерць» (скарыстаемся гэтым постструктуралісцкім тэрмінам) сацыяльнай тэорыі ў ранейшым яе (класічна-некласічным) разуменні.

Дыягностыка сітуацыі: першы падыход

Крызіс («класічнай», «традыцыйнай») сацыяльнай тэорыі звязаны з праблемамі, якія ўзніклі ўнутры тэарэтычнай сацыялогіі. Тут, на наш погляд, варта звярнуць увагу на дзве акалічнасці. Па-першае, само ўзнікненне сацыяльнай тэорыі ў звыклым кананічным разуменні звязана са станаўленнем і развіццём сацыялогіі як самастойнай навуковай дысцыпліны (але апошняя ўласна сацыялагічная «вялікая тэорыя», якая дамінавала ў сацыяльна-навуковых дыскурсах, звязаная з імем Т. Парсанса). Па-другое, пачатак перафарматавання сацыяльнай тэорыі супадае шмат у чым з яе растаясамленнем з сацыялогіяй і крызісам апошняй як тэарэтычнай дысцыпліны.

Гэты крызіс можна прасачыць па некалькіх падставах. Так, істотна пачынае змяняцца прадметнае, праблемнае, а як вынік – і тэматычнае поле сацыялогіі. Неяк самі сабой згасаюць дыскусіі аб прыродзе «сацыяльнага», пра тое, што ёсць і як магчымая «сацыяльная рэальнасць» і г.д. Сацыёлагі ўсё больш пачынаюць весці гаворку пра такія, раней ім (ва ўсякім выпадку, у дамінуючых дыскурсах) не ўласцівыя, прадметнасці, як «камунікатыўнае», «уладнае», «знаўчае», «знакавае», «ментальнае», «гістарычнае». Размываюцца (калі не разбураюцца) дысцыплінарныя межы, адбываецца актыўнае самавызначэнне даследчыкаў, якія працуюць у полі вывучэння грамадства, вылучаецца тэзіс пра «метадалагічную траўму» сацыёлагаў (першым выразна гэты тэзіс артыкуляваў, мабыць, П. Штомпка) [6].

Такім чынам, можна зафіксаваць, што «крызіс» пашкодзіў усе паверхі «ўладкавання» сацыялагічных ведаў – анталагічны, метадалагічны, дысцыплінарна-арганізацыйны, эпістэмалагічны. А гэта, на наш погляд, зноў жа звязана з неабходнасцю пераходу сацыялогіі на якасна новы – постнекласічны – этап асэнсавання.

Дыягностыка сітуацыі: другі падыход

У гэты ж перыяд, паралельна са стратай сацыялогіяй адноснай манаполіі ў справе пабудовы сацыяльнай тэорыі, адбываецца актыўнае ўварванне ў поле апошняй веды эканамічнага і паліталагічнага тыпу (у апошнім выпадку можна казаць таксама і аб тэорыі міжнародных адносін), што толькі часткова можна растлумачыць дыскурсамі інфарматызацыі і глабалізацыі, якія набіралі абароты.

У прынцыпе, да гэтага часу і ўнутры сацыялогіі цалкам адужалі такія напрамкі даследаванняў, як эканамічная сацыялогія і сацыялогія палітыкі. Рух шмат у чым быў сустрэчным, але гаворка ідзе пра дамінанты. У гэтым плане адбываецца, хутчэй, значная сацыялагізацыя эканамічных і паліталагічных дыскурсаў з паступовым выцясненнем з гэтых палёў уласна сацыялагічных ракурсаў [7].

Шмат у чым гэта тлумачыцца знешнімі выклікамі і здольнасцю таго ці іншага тыпу веды на іх адказаць. Так, у 50-60-я гг. мінулага стагоддзя для разумення сутнасці зменаў, якія адбываюцца, стала неабходным пераасэнсаваць праблему сучаснай дэмакратыі, у 60-70-я перад сацыяльнымі навукоўцамі паўстала ўсур’ёз задача «схоплівання» феноменаў, звязаных з уласна глабалізацыяй (спачатку ў эканамічным, а затым і палітычным вымярэннях, зараз да іх дадалося яшчэ і культурна-цывілізацыйнае), у 80-90-я ў фокус увагі патрапілі феномены транзітыўнасці. Лепш гатовымі да адказу на гэтыя выклікі апынуліся іншыя, чым сацыялогія, галіны сацыяльнай веды. Аднак пераасэнсаванне названых феноменаў і ўнутры іх вяло (як і ў выпадку сацыялогіі) да неабходнасці перагляду самой прыроды навуковай веды.

У сувязі ж з лёсамі сацыяльнай тэорыі неабходна дадаткова адзначыць, што адбылася своеасаблівая яе «разборка» па розных праблемна-тэматычных галінах, у выніку чаго пад сацыяльнай тэорыяй сталі мець на ўвазе істотна розныя зместы [8].

Уладзімір Абушэнка на канферэнцыі “Лятучага” “Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі: абставіны і самавызначэнне мыслення” (снежань, 2012).

Сімптаматыка сітуацыі

Тут хацелася б пазначыць прынцыповую для падразгляднай тэмы пазіцыю: тое, што знешняму назіральніку (хранікёру і г.д.) можа ўяўляцца – апазнавацца ім – як крызіс, насамрэч можа сведчыць пра нешта зусім іншае.

Напрыклад, у нашым выпадку – пра тое, што «ўнутры» сацыяльна-філасофскіх дыскурсаў ужо досыць даўно назапашаны патэнцыял, які дазваляе выйсці на прынцыпова іншы ўзровень абмеркавання акрэсленай праблемы. Усё гэта – прадмет самастойнага і глыбокага аналізу. Таму ў дадзеным выпадку зноў абмяжуемся ўсяго толькі адным з сімптомаў, які дазваляе, хай і гіпатэтычна, казаць пра тое, што за пазначаны перыяд адбылося значнае перафарматаванне праблематыкі і тэматыкі магчымай «новай» сацыяльнай тэорыі.

Можна ў гэтай сувязі разглядзець пласт прынцыпова іншых (гэта не значыць, што яны раней у філасофскіх і сацыяльна-навуковых дыскурсах не сустракаліся) канцэптаў, якія вызначаюць у цяперашні час гарызонт сучаснага тэарэтычнага аналізу.

Па-першае, гэта паняцці, якія маюць непасрэднае дачыненне да разумення «прыроды» сучаснай (постнекласічнай) веды: «уяўленне» («сацыялагічнае ўяўленне» Ч.Р. Мілса, «стваральнае ўяўленне» Р. Інгардэна, «уяўныя супольнасці» Б. Андэрсана і П. Чатэрэджы, «уяўнае ўсталяванне грамадства» К. Кастарыядыса ды інш.) і «рэфлексія» (Ю. Хабермас, Э. Гідэнс, П. Бурдзье, Р. Колінз ды інш.).

Па-другое, гэта паняцці, якія прынцыпова задаюць іншыя межы сацыяльнай веды: «спажыванне», «улада-ўласнасць», «рэцыпрокнасць», «улада» (у постнекласічных яе трактоўках), «сацыяльная прастора-час» (прынцыповыя паняцці ўжо для некласічнай веды, але ў такім разуменні амаль не засвоеныя сацыяльнай думкай), «падзея», «агент» (актар, акцёр і г.д. на «месцы» асобы-суб’екта) і г.д.

Па-трэцяе, перагляд самых базавых для навуковай веды катэгорый самой «веды» і «дысцыпліны». У гэтым сэнсе звяртае на сябе ўвагу адсутнасць у гэтым шэрагу звыклых для «старой» сацыяльнай тэорыі паняццяў тыпу: «сацыяльнасць», «суб’ект», «клас» і г.д.

Пошук «месца зборкі»

Калі звярнуцца да аналізу «новых» канцэптаў, якія трапляюць у поле сацыяльнай рэфлексіі або ўяўлення, то няцяжка заўважыць, што большасць з іх маюць дачыненне да «сімвалічнай» і «ведава-знакавай» сферы быцця соцыуму, г.зн. непасрэдна адсылаюць не столькі да соцыуму, колькі да культуры.

Калі ж узяць, напрыклад, такі канцэпт, як «улада», які стаіць быццам бы ў баку ад пазначаных вышэй канцэптаў, то і тут выяўляецца, што гаворка ідзе пра «ўладу» ў нязвыклым для тэарэтыкаў «класічнай» сацыяльнай тэорыі разуменні: «улада-веда» (М. Фуко), «улада намінацый» (П. Бурдзье),«улада сімулякраў» (Ж. Бадрыяр) і да т.п. Як пісаў той жа П. Бурдзье (у набліжаным да арыгіналу выкладзе): дзяржава – не там, дзе мы яе шукаем і куды яна нам сама паказвае; яна там, дзе мы канструюем і разумеем свет праз катэгорыі, укладзеныя ў нас адукацыяй.

Такім чынам, уяўляецца, што полем «зборкі» новай сацыяльнай тэорыі можа стаць менавіта дыскурс пра культуру, у якім веда пра соцыум не толькі ствараецца, але і выкарыстоўваецца. Пры гэтым культура задае гранічную рамку для пабудовы сучаснай сацыяльнай тэорыі дваякім чынам. Яна санкцыянуе прадметна арганізаваныя анталогіі і практыкі, і яна ж легітымуе магчымы і прымальны тып ведаў пра іх.

Асноўная праблема ляжыць у пераадоленні «зазору» паміж «сацыяльным» і «культурным» [9]. Да нядаўняга часу магчымасць сумяшчэння іх аналізу ў межах аднаго тыпу дыскурсу або не ўсведамлялася зусім або ў дастатковай меры не рэфлексавалася. Вытокі гэтага ляжаць яшчэ ў прынятым падзеле навуковых ведаў на «навукі аб прыродзе» і «навукі аб культуры» («навукі пра дух» у іншай рэдакцыі), які перыядычна аспрэчваецца. Нават калі гэтая апазіцыя не артыкулявалася, яна нязменна прысутнічала ў якасці «фону» пры распрацоўцы розных даследчых праграм у сацыяльнай ведзе, якую можна было будаваць і па той, і па іншай мадэлі. У гэтым жа ключы (але ў іншай плоскасці) можа быць разгледжана і дылема «інтэрналізм – экстэрналізм».

Класічная веда накладвала на пошукі такога роду табу. Некласічная працавала ў рэжыме пошуку сінтэзу «па змоўчанні», г.зн. крытычная рэканструкцыя дазваляе выявіць тыя версіі, што прапрацоўваліся ў яго межах (напрыклад, «сацыякультурную дынаміку» П. Сарокіна). Адна з цалкам недаацэненых і не прааналізаваных у названай перспектыве магчымасцей – сацыялогія культуры. У самой назве гэтай дысцыпліны ўжо змяшчаецца прэтэнзія на нейкае сумяшчэнне «сацыяльнага» і «культурнага». Наколькі яна абгрунтавана – прадмет асобнага аналізу.

Культур-сацыялогія як «іншая» сацыяльная тэорыя

Для пачатку неабходна развесці два цалкам розныя зместы, якія хаваюцца за звыклым ужываннем тэрміна «сацыялогія культуры».

Традыцыйна ў адпаведнасці з разуменнем структуры сацыялагічнай веды, якая склалася ў рускамоўнай традыцыі, пад сацыялогіяй культуры маецца на ўвазе спецыяльная сацыялагічная тэорыя (галіна сацыялагічнай веды), сфакусаваная на даследаванні праблем духоўнага жыцця грамадства [10].

У нашым жа выпадку гаворка ідзе пра спецыфічную парадыгмальную вобласць сацыялагічнай веды, якая даследуе культуру, яе феномены і дынаміку канцэптуальнымі і метадалагічнымі сродкамі сацыялогіі з мэтай устанаўлення залежнасцей паміж імі і соцыумам, яго феноменамі і дынамікай. Каб пазбегнуць тэрміналагічнай блытаніны, якая вядзе да падмены зместаў, увядзем для абазначэння гэтай даследчай пазіцыі тэрмін «культур-сацыялогія».

Пры ўсёй агульнасці інтэнцый акрэсленых вышэй пазіцый, яны прадстаўляюць дзве розныя версіі сацыялагічнага падыходу да вывучэння культуры.

У першым выпадку робіцца спроба апісання і аналізу культуры на ўзроўні тэорыі сярэдняга ўзроўню (галіновай сацыялогіі) у аспекце ўключанасці культурнай кампаненты ў сацыяльнае жыццё грамадства і яго падсістэмы (культура працы, побыту і г.д., палітычная, эканамічная і г.д. культура) і / або ў аспекце выяўлення спецыфічнай вобласці (сферы) культуры (духоўнага жыцця) як у інстытуцыянальным зрэзе, так і ў зрэзе паводзінаў, г.зн. як асаблівай прадметнасці сацыялагічнага вывучэння.

У другім жа выпадку гаворка ідзе аб вывучэнні культуры сацыялагічнымі сродкамі на метатэарэтычным узроўні аналізу, а тым самым культур-сацыялогія прэтэндуе на статус фундаментальнай веды аб грамадстве, у якім само сацыяльнае пачынае разумецца, трактавацца і інтэрпрэтавацца ў тэрмінах культурнага, а адпаведна – не столькі культура тлумачыцца праз рэаліі соцыуму (што характэрна для традыцыйнай трактоўкі сацыялогіі культуры), колькі, наадварот, соцыум становіцца «вытворным» ад культуры. Некалькі агрубляючы акрэсленую дылему, у дадзеным выпадку можна было б сказаць: «Якая культура, такі і соцыум», а не: «Які соцыум, такая і яго культура» [11].

Устаноўкі культур-сацыялогіі знаходзяцца ў значнай «бачнай» супярэчнасці з зыходнымі ўстаноўкамі класічнай сацыяльнай тэорыі і прынцыпам сацыялагізму – тлумачыць сацыяльнае сацыяльным. Сапраўды, сацыялогія не пакладала культуру і яе феномены ў якасці прадмета свайго аналізу і асаблівай цікавасці.

Аднак гэта дакладна толькі часткова. Бо само «сацыяльнае» і «культурна» – гэта два бакі аднаго і таго ж медаля. Не выпадкова ў некласічнай сацыяльнай тэорыі атрымалі паўсюднае хаджэнне змястоўна асэнсаваныя тэрміны «сацыякультурная рэальнасць», «сацыякультурныя феномены», «сацыякультурная дынаміка» і г.д. Сацыяльнае культурна аформлена, унармавана, асэнсавана, нясе ў сабе каштоўнасныя, сімвалічныя і г.д. складнікі. Яно непадатнае разуменню і тлумачэнню (ва ўсякім выпадку – адэкватнаму) без уліку свайго культурнага складніка. Менавіта таму пазначаная вышэй супярэчнасць «уяўна» – дастаткова ўзгадаць трактоўку сацыяльнага факта Э. Дзюркгеймам, або аналіз каштоўнасных падстаў сучаснага грамадства М. Вэберам, або адказ Г. Зімеля на ім жа сфармуляванае пытанне аб тым, як магчыма грамадства [12].

Аднак гэтыя інтэнцыі, якія зыходна змяшчаюцца ў сацыялагічным праекце, амаль не ўлічваюцца ў навуковай сацыягуманітарнай супольнасці. Не сталі, на жаль, яны прадметам належнай увагі і ў самой сацыялагічнай ведзе. Хутчэй за ўсё, таму, што надта ўжо яны не ўпісваюцца ў звыклае ўяўленне аб сутнасці, прызначэнні і магчымасцях сацыялогіі. Больш за тое, яны настойліва патрабуюць іншай рэканструкцыі станаўлення і развіцця самой гэтай дысцыпліны, выяўляюць розныя магчымыя лініі ў яе развіцці. У гэтым сэнсе і магчыма казаць пра культур-сацыялогію як «іншую сацыялогію», якая мае досыць вялікі эўрыстычны патэнцыял і напрацоўкі па «зборцы» ў межах аднаго дыскурсу «сацыяльнага» і «культурнага».

Гаворка ніякім чынам не ідзе аб «выяўленні» нейкай іншай універсальнай падставы для прадуцыравання сацыяльнай тэорыі «новага пакалення», тым больш пра тое, што ў культур-сацыялогіі прапанаваныя ўжо гатовыя адказы, якія дастаткова толькі пачуць. Хутчэй, можна казаць аб наяўнасці ў сучаснай сацыяльнай ведзе рамачнай канструкцыі, якая дазваляе рэалізаваць «працы» па камплексіраванні рознадысцыплінарных ведаў у пошуках такой тэорыі, і аб крытычнай рэфлексіі (да гэтага часу ў дастатковай меры не праведзенай) з гэтага пункту гледжання напрацовак уласна культур-сацыялогіі.

У гэтым плане тэрмін «культур-сацыялогія», магчыма, не больш, чым даніна павагі мінуламу і сучаснасці аўтара (які мае дачыненне перш за ўсё да распрацоўкі гэтай версіі сацыялогіі), і можа быць заменены іншым – больш удалым. Прынцыпова важна зафіксаваць саму пазіцыю: менавіта ў полі пэўным чынам зразумелай сацыялогіі магчыма сыходжанне розных пазіцый: як у сілу выкарыстання іншымі дысцыплінамі «сацыялагізаванай» мовы, так і ў сілу таго, што ў фокусе ўвагі сацыяльнай тэорыі па-ранейшаму застаецца соцыум (грамадства), нават калі, як у дадзеным выпадку, ключ да яго разумення бачыцца ў тэорыі культуры.

Такім чынам, у межах культур-сацыялогіі з’явілася рэальная магчымасць сінтэзу сацыяльнай тэорыі і тэорыі культуры.

Станаўленне культур-сацыялогіі: адказ на іншадысцыплінарныя выклікі класічнай сацыялогіі

З аднаго боку, культур-сацыялогія знаходзіць свае вытокі ў самім праекце сацыялогіі як дысцыплінарнай навуковай ведзе пра сучаснае (індустрыяльнае, у больш позняй інтэрпрэтацыі – мадэрнісцкае) грамадства, якое супрацьпастаўляюць грамадствам традыцыйнага і архаічнага тыпаў [13]. З іншага боку, яе ўзнікненне было выклікана ў значнай меры тымі праблемамі, якія паўсталі і абмяркоўваліся ў еўрапейскай (галоўным чынам нямецкамоўнай) філасофіі таго часу і былі звязаныя перш за ўсё з рэфлексіяй крызісу класічнай філасофіі і пошукамі выхаду з яго, а тым самым зыходна не ўпісваліся ва ўжо заяўленую сацыялогіяй праблематыку [14].

Таму значную частку перадумоў узнікнення культур-сацыялогіі варта шукаць шмат у чым не ў сацыялогіі, а за яе межамі – у агульным кантэксце «злому эпох» і ў філасофіі, якая яго рэфлексавала, якая перавызначала сябе ў тым ліку і як культур-філасофію. Паўстала пытанне пра тое, ці зможа сацыялогія прапанаваць адэкватныя сітуацыі адказы на ўзніклыя пытанні і годна адказаць на абгрунтаваную крытыку ў свой адрас.

Тэматыка і праблематыка філасофіі культуры была адэкватна акрэсленая ў Марбургскай школе неакантыянства Г. Когенам, а затым была развітая і канстытуяваная як спецыфічная філасофская дысцыплінарнасць Э. Касірэрам (фактычна ўжо за межамі неакантыянства). Аднак сам тэрмін «Kulturphilosophie» (па аналогіі з якім і прапаноўваецца тэрмін «культур-сацыялогія» – ад Kultursoziologie), які ўпершыню сустракаецца ўжо ў прадстаўніка нямецкага рамантызму А. Мюлера, і быў уведзены ў шырокі абарот неакантыянцамі Бадэнскай школы (В. Віндэльбандам і Г. Рыкертам) для абазначэння ўсёй лініі крытычнага (трансцэндэнтальнага) ідэалізму, што ідзе ад І. Канта. У іх разуменні, выходзячы ў вобласць універсальнага, інтэлектуальная думка непазбежна прыходзіць да самавызначэння сябе ў тэрмінах культур-філасофскай рэфлексіі (філасофія і ёсць філасофія культуры, і наадварот – філасофія культуры і ёсць філасофія).

Дадзеная праблематыка пазначыла пераход ад класічных да некласічных тыпаў філасофскіх і навуковых дыскурсаў, а філасофія культуры і культур-сацыялогія выступілі інструментамі канстытуявання саміх некласічных тыпаў філасофіі і навукі. Найбольш выразна артыкуляваў сутнасць гэтага зруху ў еўрапейскім мысленні ў сваёй працы «Воля да ўлады» Ф. Ніцшэ, які прапанаваў замест «сацыялогіі» – «вучэнне пра формы і вобразы панавання», замест «грамадства» – «культурны комплекс як прадмет маёй галоўнай цікавасці (як бы пэўнае цэлае, суадноснае ў сваіх частках)» [15].

Такім чынам, можна вылучыць тэзіс пра сувязь комплексу ўстановак культур-сацыялогіі (у іх генезісе) з некласічным этапам у развіцці, аднак ужо не толькі сацыялогіі, але і філасофіі. Дамінаванне ж культур-сацыялогіі ў сацыялагічных дыскурсах у цэлым пачынаецца з пераходам да этапу постнекласічнай веды.

Вытокі і развіццё культур-сацыялогіі непарыўна звязваюцца з традыцыямі разумеючай сацыялогіі (пазней – інтэрпрэтатыўнай) як іншага ў адносінах да лініі Э. Дзюркгейма сацыялагічнага праекта [16]. Адпаведна М. Вэбер (з яго ідэяй «сацыялогіі як эмпірычнай навукі пра культуру» і канцэпцыяй рацыяналізацыі – «фармальнай рацыянальнасці» як падставы сучаснага тыпу сацыяльнасці) і Г. Зімель (з яго канцэпцыяй дынамічных суадносін культурных формаў і жыццёвых працэсаў, якія ствараюць свет сацыяльнага) лічацца (асабліва пасля вэбераўскага і зімелеўскага «рэнесансаў» у 70-я і 80-я гг. мінулага стагоддзя) бясспрэчнымі заснавальнікамі культур-сацыялогіі.

Іншы адказ на ўзніклыя пытанні даваў неамарксізм, які толькі пачынаў зараджацца, – яшчэ адна крыніца канстытуявання культур-сацыялогіі. Больш за тое, уласна і само ўяўленне пра спецыфіку сацыялагічнага вывучэння культуры і сам адпаведны тэрмін былі ўпершыню ўведзеныя ў навуковы абарот у межах аўстрамарксізму М. Адлерам. Апошні бачыў задачы культур-сацыялогіі ў вывучэнні сацыяльных фактараў станаўлення, функцыянавання і развіцця культурных феноменаў (перш за ўсё каштоўнасцей і адпаведных ім нормаў), якія разглядаюцца, у сваю чаргу, у аспекце іх вызначальнага ўздзеяння на соцыум і сацыяльныя ўзаемадзеянні людзей.

З неамарксізму (зыходна ж – з крытыкі ідэалогій як ілжывых формаў свядомасці, якія маюць сацыяльна-класавыя дэтэрмінанты ў соцыуме, і татальнай крытыкі капіталізму як адмысловага тыпу грамадства і грамадска-эканамічнай фармацыі К. Маркса) бярэ пачатак адна з ліній крытыкі культуры як крытыкі грамадства. Асаблівую ролю ў гэтым дачыненні адыграла публікацыя ў першай трэці XX ст. так званых ранніх работ Маркса, якія аналізуюць феномены адчужэння, антрапалагічную праблематыку, спецыфіку рэгіянальнага развіцця.

Лінію «крытыкі культуры» (з розных канцэптуальных і метадалагічных пазіцый і ў розных памежных дысцыплінарнасцях, але з прысутнасцю ў той ці іншай меры імпульсаў, якія зыходзяць з неамарксізму) у некласічнай сацыялогіі працягнулі працы К. Манхейма, прадстаўнікоў «крытычнай сацыяльнай тэорыі» Франкфурцкай школы, альтэрнатыўнай (леварадыкальнай) сацыялогіі.

Для акрэсленага пытання аб недаацэненых магчымасцях культур-сацыялогіі для канструявання сучаснай сацыяльнай тэорыі тут прынцыпова важныя некалькі момантаў:

1) яна зыходна «не змяшчалася» ў адзін дысцыплінарны праект, шматлікія яе метадалагічныя і эпістэмалагічныя падставы ляжаць у вобласці філасофіі, з якой культур-сацыялогія ад самага пачатку актыўна ўзаемадзейнічала і знаходзіла ўзаемаразуменне [17];

2) у ёй зыходна акрэслілася «пазітыўная» і «крытычная» лініі пабудовы, у сілу чаго яна досыць адэкватна можа быць суаднесеная з аналагічнымі лініямі развіцця сацыяльнай тэорыі;

3) яна зыходна будавалася ў праблемным полі некласічнай веды, што дазволіла зняць цэлы шэраг метадалагічных і эпістэмалагічных праблем, з якімі сутыкнулася класічная сацыялогія (ды і не толькі яна адна);

4) у ёй зыходна прысутнічала ўстаноўка на рэфлексію культуры, а адпаведна і падстаў разгортвання сацыяльных практык.

Магчымасці культур-сацыялогіі па камплексаванні іншадысцыплінарнай веды

Прынцыпова важным для развіцця культур-сацыялогіі з’явілася канстытуяванне сацыялогіі веды як вобласці метатэарэтычных даследаванняў. У прыватнасці, унутры яе былі пастаўленыя і распрацоўваліся тэматызмы веды ў культуры і веды пра культуру, праблематыка знаўчых (затым і моўных) спосабаў апісання і дзеяння ў культуры, канструктыўна-канстытуючай (якая структуруе) ролі веды, што выпрацоўваецца ў культуры, генезісе і аднаўленні сацыяльнасці, разнастайнасці магчымых у культуры логік і тэхналогій (рацыянальнасцей) дзеяння і іх сацыяльнай эфектыўнасці.

Фактычна дадзеная праблематыка латэнтна прысутнічала ў культур-сацыялогіі ад самага пачатку. Дастаткова спаслацца на канцэпцыі разумення і «ідэальных тыпаў» як спосабу схоплівання разнастайнасці сацыякультурных феноменаў М. Вэбера. Аднак уласна прабацькам сацыялогіі веды лічыцца М. Шэлер, у якога яна ў значнай меры стымулявалася рашэннем задач яго аксіялогіі (г.зн. была звязаная з той жа культурнай праблематыкай).

Гэтая ж звязка культур-сацыялогіі і сацыялогіі веды прасочваецца і ў іншага заснавальніка апошняй – К. Манхейма. Цалкам празрыстай яна становіцца ў фенаменалагічнай традыцыі культур-сацыялогіі і сацыялогіі веды, пачынаючы з А. Шуца, які ўвёў новую прадметнасць сацыялагічнага аналізу – свет штодзённасці, але перш за ўсё ў П. Бергера і Т. Лукмана ў іх сумеснай працы «Сацыяльнае канструяванне рэальнасці» (1966). У сучаснай постнекласічнай сацыялогіі падыходы культур-сацыялогіі і сацыялогіі веды шмат у чым апынуліся не толькі блізкімі, але і ўзаемна прадугледжваюць адзін аднаго [18].

Яшчэ адна прынцыпова важная для разумення спецыфікі падыходу культур-сацыялогіі звязка ўтварылася паміж сацыялагічным даследаваннем культуры і антрапалагічнай праблематыкай. Асаблівае значэнне яна набыла з канстытуяваннем (першапачаткова ў нямецкамоўнай традыцыі) філасофскай антрапалогіі, ля вытокаў якой стаяў зноў жа М. Шэлер, а таксама Э. Касірэр позняга этапу сваёй творчасці. Многія прадстаўнікі гэтага кірунку адначасова працавалі і ў філасофіі, і ў сацыялогіі (Х. Плеснер, А. Гелен, Э. Ротхакер, Х. Шэльскі), арыентуючыся на даследаванне магчымых усвядомленых і крытычна рэфлексіўных структур чалавечага вопыту.

Культур-сацыялагічны аналіз дапаўняецца ў камплексаванні з філасофскай антрапалогіяй патрабаваннем зняцця ўласцівых еўрапейскай свядомасці дыхатамій (перш за ўсё падзелу чалавека на суб’ект і аб’ект пазнання, на цела і душу) і спробай пабудаваць цэласную і сінтэтычную (па-за дыхатаміяй прыродазнаўства – гуманітарыстыка) веду пра чалавека ў свеце «натуральнай штучнасці», «апасродкаванай непасрэднасці» і «ўтапічнага месцазнаходжання» [19].

Часова забыўшыся пра некаторыя іншыя ўплывы і версіі культур-сацыялогіі, прынцыпова важна адзначыць яе сутыкненне з корпусам структуралісцкіх установак і ідэй, арыентаваных на выяўленне безасабовых (ананімных) сацыяльных і перадусім культурных інварыянтных структур (устойлівых да зменаў адносін паміж элементамі цэлага), а затым і постструктуралізму, які выступіў пад лозунгамі татальнай крытыкі культуры як такой і дэзавуявання ідэі чалавека як ідэалагічнай ілюзіі.

Размыванне зыходна заяўленай апазіцыйнасці структуралісцкіх дыскурсаў у адносінах да сацыялагічнай веды пачалося з акцэнтавання шэрагам аўтараў-структуралістаў сацыяльна-палітычных і культурна-гістарычных кантэкстаў прадуцыравання сэнсаў, якія знакава замацоўваюцца ў тэкстах, і ў гэтым сэнсе аўтанамізаваных ад кантэкстаў, якія іх спараджаюць. Са свайго боку, культур-сацыялогія, усё больш пераплятаючыся з сацыялогіяй веды і звяртаючыся да праблематыкі даследавання моўных рэалій, таксама стала размываць мяжу паміж сацыяльнай (сацыякультурнай) і знакавай («якая замацоўвае культуру») рэальнасцямі. Былі адрэфлексаваныя тыя абставіны, што «глыбінныя структуры адносін», якія не ўсведамляюцца на ўзроўні сацыяльных узаемадзеянняў актараў, і вызначаюць, уласна, сутнасць сацыякультурнай рэчаіснасці, якая выяўляецца праз знакава-моўныя і знаўчыя сродкі і выступае, такім чынам, у значнай меры як «квазізнакавая рэальнасць». У сваю чаргу, знакава-моўныя і знаўчыя цэласнасці адкрытыя да кантэкстаў, якія іх успрымаюць, якія праводзяць іх селекцыю і задаюць ім тую ці іншую інтэрпрэтацыю (а тым самым праводзяць і іх «натуралізацыю»).

Увесь пазначаны круг ідэй вёў да вылучэння ў структурных і семіятычных аналізах на першы план «неструктурнага» ў структуры і «нятэкставага» ў тэксце, што і спрыяла «размыканню» даследаванай праблематыкі і тэматыкі ў шырокія і шматмерныя сацыякультурныя кантэксты, крытыцы структуралісцкай метадалогіі з пазіцый постструктуралізму, а галоўнае – фіксавала пераход да постнекласічнага перыяду ў еўрапейскім культурным і інтэлектуальным развіцці.

Паказальны і факт спробы інстытуцыяналізацыі культур сацыялагічнага падыходу, зроблены ў 70-я гг. XX ст. шэрагам нямецкіх аўтараў (Ф.Х. Тэнбрук, Х. П. Турн, Й. Вайс і некаторыя іншыя) на падставе пераадолення міждысцыплінарных межаў і сінтэзу розных парадыгмальных арыентацый у самой сацыялогіі (сацыялогіі веды, філасофскай антрапалогіі, фенаменалогіі, вэбераўскай і зімелеўскай традыцыях, ідэях Манхейма і Н. Эліяса), але з захаваннем апаніравання тэарэтыка-метадалагічным устаноўкам англамоўнай культурнай (і сацыяльнай) антрапалогіі. Дадзеная школа арыентавалася на выяўленне значэння цэласных сэнсавых канструкцый, якія вызначаюць стратэгіі сацыяльнага дзеяння, на канстытуяванне феноменаў сацыяльнага, разгледжаных у працяглай гістарычнай рэтраспектыве.

Для абазначэння такіх комплексаў Ф.Х. Тэнбрук увёў уяўленне пра рэпрэзентатыўную культуру, г.зн. такую культуру, якая стварае ідэі, каштоўнасці, значэнні, дзейсныя для існуючай сацыяльнай супольнасці ў сілу іх фактычнага прызнання, што і канстытуюе гэтыя супольнасці (соцыум з’яўляецца ў культуры). Адсюль задача культур-сацыялогіі для кола аўтараў гэтай школы – усталяванне і тлумачэнне (інтэрпрэтацыя) цэласных сэнсавых комплексаў рэпрэзентатыўнай культуры [20].

Такім чынам, можна адзначыць, што культур-сацыялогія падчас свайго развіцця выявіла здольнасць да ўзаемадзеяння з прадметна інакш арыентаванымі тыпамі веды, што прынцыпова важна пры ацэнцы яе магчымасцей у якасці рамачнай канструкцыі для прадуцыравання сучаснай сацыяльнай тэорыі. Так, яна апынулася:

1) цалкам сумяшчальнай з антрапалагічнымі філасофска-сацыялагічнымі дыскурсамі;

2) здольнай у некаторых адносінах выйсці за межы сацыякультурнай рэальнасці ў знакавую рэальнасць;

3) здольнай абгрунтаваць прэтэнзію на метатэарэтычны статус у сацыяльнай ведзе;

4) здольнай на метаўзроўні пабудаваць узаемадзеянне з сацыялогіяй веды;

5) рэпрэзентатыўнай у адносінах да постнекласічнай веды.

Магчымасці культур-сацыялогіі па пабудове «дыскурсаў пра соцыум» і «дыскурсаў пра культуру»

Такім чынам, зыходзячы з вышэйсказанага, можна канстатаваць (услед за Л.Р. Іоніным), што патрапленне культуры ў фокус сацыялагічнай увагі стала сведчаннем наступу новай эпохі для сацыялогіі, калі «культура паступова становіцца для сацыёлагаў галоўным інструментам тлумачэння наяўных сацыяльных трансфармацый», а «самыя выдатныя сацыялагічныя канцэпцыі, якія з’явіліся ў апошнія дзесяцігоддзі… з’яўляюцца па сутнасці разгорнутымі версіямі сацыялогіі культуры» (у прынятай у артыкуле тэрміналогіі – культур-сацыялогіі) [21].

Больш за тое, дадзены зрух у сацыялогіі (вытокі якога ляжаць у самім узнікненні праекта культур-сацыялогіі) сінхранізуецца ў цяперашні час з агульным паваротам постнекласічнай веды да: (1) даследавання і / або крытыцы еўрапейскай культуры; (2) зняцця міждысцыплінарных межаў паміж рознымі формамі веды і дысцыплінарнасцямі як спароджанымі, тымі, што функцыянуюць і развіваюцца менавіта ўнутры пэўнай культурнай цэласнасці (г.зн. як абумоўленымі, хоць і па-рознаму, гэтай культурай); (3) выяўлення пазіцыі самога суб’екта, якi што-небудзь сцвярджае пра культуру ўнутры гэтай культуры. Для сучаснай філасофскай і сацыягуманітарнай веды нішто не можа быць адэкватна спасцігнута (спазнана) па-за тымі культурнымі кантэкстамі, да якіх яно мае (ці мела) дачыненне.

Па сутнасці, постнекласічная веда (культур-сацыялогія ў тым ліку) пераходзіць на ўзровень мультыдысцыплінарных і трансдысцыплінарных аналізаў культуры, што прынцыпова пераводзіць вывучэнне апошняй, яе феноменаў і дынамікі ў метатэарэтычную плоскасць і арыентуе на вырашэнне задач стратэгічнага характару, якія патрабуюць адпаведнага праектавання і праграмавання сацыяльных практык у іх накіраванасці на канстытуяванне «сёння» будучых станаў соцыуму.

Што ж тычыцца ўласна культур-сацыялогіі ў сучаснай ведзе, то яна абазначае хутчэй пэўны тып постнекласічнага «сацыялагізавання», «метатэарэтычны сацыялагічны падыход» у аналізе культуры, чым уяўляе сабой пэўную дысцыплінарную і / ці парадыгмальную цэласнасць, нягледзячы на неаднаразовыя спробы яе інстытуцыяналізацыі як сацыялагічнай школы (тым жа Ф.Х. Тэнбрукам) і / ці асаблівай сацыялагічнай тэорыі. Пра яе адзінства можна казаць толькі ў аспекце ўтрымання сацыялагічнай рамкі пры даследаванні культуры, якая задае ў самым агульным выглядзе яе прадметнае поле як прадуцыраванне веды пра чалавека, які сацыяльна дзейнічае ў сваёй культуры (на падставе рознай веды пра яе), і для сацыяльна дзеючага ў сваёй культуры чалавека (выходзячы, у канчатковым выніку, на сацыягуманітарныя тэхналогіі такога дзеяння).

«Унутры» ж гэтай рамкі культур-сацыялогія можа прапанаваць разнастайныя версіі афармлення веды, якія яна прадуцыруе, у залежнасці ад тых метадалагічных і канцэптуальных падстаў, якія кладуцца канкрэтнымі аўтарамі ў яе аснову. Так, культуру з культур-сацыялагічных пазіцый можна разглядаць як мінімум у прадметнай, каштоўнаснай, сімвалічнай, тэкставай, дзейнаснай, тэхналагічнай, гульнявой, камунікацыйнай, суб’ектнай і арганізацыйнай перспектывах, якія спараджаюць адпаведныя канцэптуалізацыі і тэарэтычныя распрацоўкі.

Ніводная з іх не можа прэтэндаваць на ўніверсальнае (у сэнсе ўсеагульнасці ахопу зместу) бачанне культуры, але кожная з іх з’яўляецца ўніверсальнай у сэнсе аналізу такога зрэзу культуры, які дазваляе схопліваць яе як цэласнасць, якая забяспечвае ўзнаўленне, функцыянаванне і развіццё соцыуму і ўсіх яго кампанентаў, пачынаючы з асабістага і заканчваючы глабальным узроўнем яго арганізаванасці.

Але тым самым патэнцыял, назапашаны культур-сацыялогіяй, цалкам можа быць прадуктыўна выкарыстаны і для рашэння задач, якія выходзяць за яе ўласныя межы, а менавіта для высвятлення пытання аб тым, як магчымая веда пра грамадства, а разам з тым – і сама сучасная сацыяльная тэорыя.

__________________________________________

 [1]                    З апошніх прац гэтага перыяду, якія задалі прынцыпова новыя перспектывы ў сацыяльнай тэорыі, можна назваць, напрыклад: П. Бурдье, Практический смысл (1980); Э. Гидденс, Устройство общества. Очерк теории структурации (1984); Н. Луман, Социальные системы: очерк общей теории (1984); А. Турен, Возвращение человека действующего (1984); Ю. Хабермас, Теория коммуникативного действия (1981) і інш.

[2]                    Пры гэтым не варта забываць пра тое, што пэўная ідэалагічная ангажаванасць прысутнічала ў сацыяльнай ведзе заўсёды – але гэта тэма асобнай гутаркі.

[3]                    Паказальна ў гэтым дачыненні «паўторнае адкрыццё» выдадзенай яшчэ ў 1944 г. працы К. Поланьі «Великая трансформация. Политические и экономические истоки нашего времени».

[4]                    Познесавецкае ж грамадазнаўства спрабуе ў гэты час ажывіць мёртванароджаную дактрыну «рэальнага сацыялізму» і / або сістэматызаваць катэгорыі гістарычнага матэрыялізму.

[5]                    У адносінах да праблематыкі «сацыяльнага» праграмны характар носіць невялікая праца Ж. Бадрыяра «В тени молчаливого большинства, или Конец социального» (1982).

[6]                    Гл. напрыклад: П. Штомпка, Социальное изменение как травма // Социологические исследования. 2001. № 1. С. 6–16. У рускамоўнай традыцыі гэты тэзіс разгорнуты ў рабоце: Г.Г. Татарова, Методологическая травма социолога. К вопросу интеграции знания // Социологические исследования. 2006. № 9. С. 3–12.

[7]                    Паказальна зрушэнне інтарэсу ў гэтыя вобласці ў працах Ж. Бадрыяра, П. Бурдзье, Э. Гідэнса, М. Мафесолі, Ю. Хабермаса і некаторых іншых сацыёлагаў.

[8]                    Цікавую «мадэль для зборкі» прапанаваў у назве сваёй працы 2002 У. Бек: «Улада і проціўлада ў глабальным стагоддзі – новая светапалітычная эканомія» – «прывітанне» ад сучаснай сацыялагічнай тэорыі.

[9]                    У гэтай перспектыве антыноміі некласічнай сацыяльнай веды тыпу структура-дзеянне, парадак-змяненне, мікра-макра ўзроўні аналізу і г.д. носяць другасны характар.

[10]                 Пытанне аб тым, наколькі гэта магчыма, застаецца адкрытым і з’яўляецца прадметам пастаяннай крытыкі з іншадысцыплінарных пазіцый, перш за ўсё з пазіцый культуралагічных дыскурсаў, якія справядліва ўказваюць на тое, што ў дадзеным выпадку аналізу падвяргаюцца ў лепшым разе інфраструктура культуры і некаторыя сацыяльныя практыкі тых ці іншых сацыяльных суб’ектаў – не больш за тое.

[11]                 Крайнюю (рэдукцыянісцкую) канцэптуалізацыю дадзенага тэзіса ў сацыялагічнай літаратуры апазнаюць як культурны дэтэрмінізм.

[12] Іншая справа, што ўвесь змест культуры не вычэрпваецца сацыяльным, ён мае і знакавую выяву свайго існавання, прадугледжвае і экзістэнцыяльнае вымярэнне, што было цалкам усвядомлена ў постнекласічнай сацыялогіі і стала асаблівай тэмай яе разгляду.

[13]                 У марксісцкай тэрміналогіі − ведзе аб трансфармацыі (рэвалюцыйным пераўтварэннi) капіталістычнага (буржуазнага) грамадства.

[14]                 Хоць само з’яўленне сацыялогіі як такой можна разглядаць і як рэакцыю на «крызіс еўрапейскай свядомасці».

[15]                 Ф. Ницше, Воля к власти: опыт переоценки ценностей. М., 1994. С. 215.

[16]                 У той жа час неабходна адзначыць, што версія разумення М. Вэбера апаніравала крытыцы сацыялогіі В. Дыльтэем, які сцвярджаў пра яе няздольнасць справіцца з вывучэннем складаных формаў сацыяльнага жыцця на ўзроўні іх працятасці культурнымі і асабістымі сэнсамі.

[17]                 У адрозненне ад класічнага сацыялагічнага праекта, які з’яўляўся як альтэрнатыва філасофскай ведзе.

[18]                 Паказальна ў гэтым плане пераважнае ўжыванне Р. Колінзам выразу «вытворчасць культуры» замест тэрміна «сацыялогія веды».

[19]                 Паказальна і тое, што позняя філасофская антрапалогія (перш за ўсё ў асобе Х. Шэльскі) прыходзіць да крытыкі самога сацыялагічнага праекта і неабходнасці чарговага пераабгрунтавання сацыялогіі праз зварот да сацыякультурных умоў, якія робяць магчымым сацыялагічнае мысленне.

[20]                 Асаблівую ўвагу ў гэтай перспектыве яны надавалі даследаванню рэлігіі і мастацтва (здымаючы тым самым і межы паміж культур-сацыялогіяй і сацыялогіяй рэлігіі і мастацтва).

[21]                 Л.Г. Ионин, Социология культуры. М., 1996. С. 260.

___________________________________________________________

Тэкст быў упершыню апублікаваны ў часопісе «Вопросы социальной теории»: Владимир Абушенко, «“Культур-социология”: возможность иного взгляда на социальную теорию» // Вопросы социальной теории. 2008. Том II. Вып. 1, С.329–344. Пераклад на беларускую мову Евы Гілевіч.

Публікуецца паводле: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016).

Кнігу  “Код прысутнасці:  анталогія беларускага мыслення 2000-2015″ можна набыць у Акадэмкнізе і Кнігарні Логвінаў.

___________________________________________________________

Уладзімір Абушэнка – сацыёлаг і сацыяльны філосаф. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў Пінску, памёр у 2015 годзе. 

У 1979 годзе скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1985 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Проблемы построения системы показателей духовной деятельности личности в концепции социалистического образа жизни. (Теоретико-методологический аспект)» у Інстытуце сацыялагічных даследаванняў АН СССР.

Навуковыя інтарэсы: культур-сацыялогія, тэарэтычная сацыялогія, сацыялогія веды, сацыялогія і сацыяльная думка Лацінскай Амерыкі, гісторыя грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі.

З красавіка 2002 года і да апошніх дзён жыцця займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай працы. Быў членам навуковага савета часопіса «Палітычная сфера» (Мінск). З’яўляўся ўдзельнікам міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» (галоўны рэдактар праекта – А. А. Грыцанаў) Мінскай філасофскай школы.

Аўтар больш як 300 навуковых публікацый. Найважнейшыя з іх: «Карлос Кастанеда» (у сааўтарстве з А. Грыцанавым, 2009), «Мишель Фуко» ( 2008), «Крэольства й праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі» ў «Анталёгіі сучаснага беларускага мысьленьня» (2003), «Методологические проблемы социологического познания» (калектыўная манаграфія, 1995) і інш.

______________________________________________________

Лятучы” рэкамендуе таксама іншыя тэксты “Анталогіі беларускага мыслення 2000-2015”:

Міхал Анемпадыстаў. Простыя рэчы

Ігар Бабкоў. З архіву эпохі: тры маніфэсты

Уладзімір Фурс. Беларускі праект “сучаснасці”?

Таццяна Шчытцова. Этас удзячнасці (Неўтылітарныя асновы ўніверсітэцкага жыцця)

Міхаіл Баярын. Самабыцьцё

Уладзімір Мацкевіч. Тэхніка

Мікалай Сямёнаў. Дэсаветызацыя: сэнс, стратэгіі, поле дастасавання

Пётра Рудкоўскі. Адкрытае грамадзтва і спосабы яго замыкання

Андрэй Казакевіч. Пра калонію

Сяргей Дубавец. Праект Беларусь

Віталь Сіліцкі. Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму

Павел Баркоўскі. Постпалітыка па-беларуску: да ўсталявання сэнсу ў палітыцы

Аляксандр Грыцанаў. Што ж такое таталітарызм?

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар